Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі назвалі арганізатараў пажару на Крымскім мосьце і затрымалі «выканаўцаў і агентаў». Украіна назвала гэта глупствам

абноўлена

Узарваны Крымскі мост
Узарваны Крымскі мост

Фэдэральная служба бясьпекі (ФСБ) Расеі паведаміла, што арганізатарам пажару на Крымскім мосьце стала Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны, яго кіраўнік Кірыла Буданаў, іншыя супрацоўнікі, а таксама «агентура».

Як паведаміла расейскае інфармацыйнае агенцтва Інтэрфакс, ФСБ затрымала пяць грамадзян Расеі, трох грамадзян Украіны і аднаго Армэніі ў межах расьсьледаваньня крымінальнай справы, якую завялі паводле факту «аб тэрарыстычным акце» на Крымскім мосьце.

Агенцтва паведаміла са спасылкай на сьледзтва, што выбухоўку закамуфлявалі ў рулёны з будаўнічай поліэтыленавай плёнкай на 22 палетах агульнай вагой 22770 кіляграмаў і ў пачатку жніўня «адправілі з марскога порту Адэсы ў баўгарскі горад Русе паводле кантракту № 02/08/2022 між ТАА «Транслягістык УА» (г. Кіеў) і «Baltex Capital S.A».

З Баўгарыі груз пераправілі спачатку ў Грузію, потым у Армэнію, а адтуль у Краснадарскі край. Паводле ФСБ, груз прайшоў мытнае афармленьне на падставе правілаў ЭўрАзЭС і тады ж адбылася падмена дакумэнтаў, паводле якіх адпраўнікам было ўжо армянскае прадпрыемства ТАА «ГУ АР ДЖИ ГРУП», а атрымальнікам маскоўскае ТАА «Лидер».

Пры далейшым перамяшчэньні грузу дакумэнты зноў зьмянілі, цяпер атрымальнікам мусіла быць неіснуючая крымская кампанія. Выбухоўку перавозілі ў грузавым аўтамабілі, які належаў грамадзяніну Расеі, — менавіта ён выехаў у Сімферопаль, а пры перамяшчэньні па Крымскім мосьце яго падарвалі.

У ФСБ паведамілі, што расьсьледаваньне працягваецца.

Таксама ФСБ апублікавала відэа, на якім, як сьцьвярджаецца, адбываецца надгляд той самай фуры, якая пазьней узарвалася на мосьце. Супрацоўнік праваахоўных органаў, зьняты на відэа, ледзьве зазірае ў груз.

Ва Ўкраіне назвалі расейскае расьсьледаваньне глупствам

«Уся дзейнасьць ФСБ і Сьледчага камітэту РФ — гэта глупства. Гэта фальшывыя структуры, якія абслугоўваюць пуцінскі рэжым, таму мы ня будзем камэнтаваць іх заявы», — паведаміў выданбню «Суспільне» прадстаўнік прэс-службы МУС Украіны Андрэй Юсаў.

Напярэдадні Расея заявіла, што нібыта ўстанавіла «арганізатара тэракту» на Крымскім мосьце, назваўшы імёны кіраўніка Галоўнага разьведвальнага ўпраўленьня Ўкраіны Кірыла Буданава і супрацоўнікаў службы.

Раніцай 8 кастрычніка на Крымскім мосьце разгарэўся пажар. Нацыянальны антытэрарыстычны камітэт РФ заявіў, што на мосьце адбыўся падрыў грузавога аўтамабіля. Паводле папярэдняй інфармацыі, загінулі тры чалавекі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG