Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнікі МЗС краін ЭЗ адрэагавалі на заявы Лукашэнкі аб магчымым нападзе на Беларусь і разгортваньні супольнай з Расеяй групоўкі


 Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

З заявамі ў адрас беларускіх уладаў выступілі кіраўнікі МЗС Літвы, Чэхіі, Францыі.

Ландсбергіс: Ваяўнічыя заявы Лукашэнкі нагадваюць «крык аб дапамозе»

Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс не надае вялікага значэньня нядаўнім заявам Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што нібыта Літва, Польшча і Ўкраіна рыхтуюць беларускіх «радыкалаў» да ўяўных «тэрарыстычных актаў» у Беларусі, піша Delfi.

Па словах Габрыелюса Ландсбергіса, пакуль няма падстаў гаварыць пра дзеяньні Беларусі, якія нясуць пагрозу для Літвы.

«Факты, якія мы маем як з адкрытых крыніц, так і ад нашых службаў, пакуль не дазваляюць нам убачыць якія-небудзь дзеяньні, што былі б накіраваныя супраць Літвы ці якім-небудзь чынам зьмянілі нашу сытуацыю з бясьпекай. Праўду кажучы, хутчэй наадварот. Тэхніку зь Беларусі вывозяць; здаецца, што яна будзе выкарыстоўвацца супраць Украіны. Хутчэй за ўсё — на фронце. Расеі не хапае ўласнага ўзбраеньня, і яна мабілізуе ўсё, што можа», — сказаў Ландсбергіс.

Кіраўнік літоўскай дыпляматыі падкрэсьліў, што ўсе ваяўнічыя размовы Лукашэнкі нагадваюць яму «крык аб дапамозе».

«Згодна з наяўнай у нас інфармацыяй, эканоміка Беларусі ў заняпадзе, яна ўпала ад санкцый і ізаляцыі, — дадаў кіраўнік МЗС. — Палітычна ў Лукашэнкі няма нават падобнай легітымнасьці, як у Расеі. Пуцін рады падтрымцы вайны, а ў Беларусі гэтага няма. Вайна Расеі, якая няўдала разгортваецца, здаецца, цягне Беларусь у яму».

На думку Ландсбергіса, такімі заявамі Лукашэнка спрабуе прыцягнуць увагу і стварыць для ўкраінцаў дадатковыя праблемы.

«Мабыць, адзінае, на што ён спадзяецца, — гэта стварыць такім чынам дадатковыя праблемы для ўкраінцаў, прымусіўшы іх захоўваць сілы ў паўночнай частцы Ўкраіны», — сказаў Ландсбергіс.

Ліпаўскі​: Пуцін маніпулюе Беларусьсю працяглы час, каб уцягнуць у вайну

У сваю чаргу кіраўнік МЗС Чэхіі Ян Ліпаўскі перасьцярог Лукашэнку ад кампрамісаў з Расеяй і паўнацэннага ўступленьня ў вайну. Аб гэтым ён сказаў падчас сустрэчы з украінскімі журналістамі ў Празе, паведамляе «Эўрапейская праўда».

«Пуцін маніпулюе Беларусьсю ўжо працяглы час, каб уцягнуць яе ў вайну. Відавочна, што Беларусь ужо ўдзельнічае ў канфлікце, бо расейскія падразьдзяленьні заходзяць ва Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі, шмат ракетных нападаў адбываецца зь Беларусі, у паветранай прасторы Беларусі дзейнічаюць самалёты, зь якіх абстрэльваюць Украіну», — адзначыў Ліпаўскі.

Паводле яго, размова ідзе аб яўным удзеле беларускага рэжыму ў вайне.

«Мы можам толькі спэкуляваць на тэму, чаму Беларусь не далучаецца да вайны ў поўнай меры. Я б, безумоўна, перасьцярог беларускі рэжым ад гэтага. Гэта будзе мець прамыя наступствы для рэжыму», — падкрэсьліў міністар.

Ён таксама адзначыў, што супраць Лукашэнкі да гэтага часу захоўваецца моцная апазыцыя, нягледзячы на прыгнечаньне пратэстаў два гады таму. Таксама, паводле Ліпаўскага, дзеяньні Пуціна сьведчаць аб яго роспачы.

Раней кіраўнік МЗС Францыі Катрын Каляна таксама папярэдзіла, што афіцыйны Менск можа сутыкнуцца з новымі санкцыямі, калі Аляксандар Лукашэнка будзе ўсё больш і больш уцягвацца ва ўкраінскі канфлікт.

10 кастрычніка стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін дамовіліся аб разгортваньні сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў. Лукашэнка таксама паведаміў, што некалькі тысяч расейскіх вайскоўцаў прыбудуць у Беларусь.

У той жа дзень Лукашэнка на нарадзе зь сілавікамі заявіў, што ЗША і краіны ЭЗ заяўляюць, што «будуць легалізоўваць беларускіх нашых зьбеглых», каб потым адкрыць «другі фронт».

4 кастрычніка Лукашэнка паведаміў, што беларускія добраахвотнікі, якія ваююць ва Ўкраіне на баку Кіева, «ставяць перад сабой мэту дэстабілізацыі становішча ў нашай краіне празь перш за ўсё дывэрсыйна-падрыўную дзейнасьць». Тады ж ён выказаў упэўненасьць, што «радыкалы, якія затаіліся, ёсьць і на тэрыторыі Беларусі».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG