Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны праявілі надзвычайную мужнасьць». Эўрапейскія палітыкі і праваабаронцы рэагуюць на вызваленьне беларускіх палітвязьняў


Алесь Бяляцкі ў Вільні пасьля вызваленьня, 13 сьнежня 2025
Алесь Бяляцкі ў Вільні пасьля вызваленьня, 13 сьнежня 2025

13 сьнежня пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з спэцпасланьнікам ЗША ў справах Беларусі Джонам Коўлам вызвалілі ў Беларусі 123 палітычных зьняволеных. Усіх іх вывезьлі за мяжу, у асноўным ва Ўкраіну. Эўрапейскія палітыкі і праваабаронцы адгукнуліся на вызваленьне беларускіх палітвязьняў.

Гітанас Наўседа, прэзыдэнт Літвы, куды вывезьлі 9 з вызваленых палітвязьняў, напісаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х:

«Я вітаю вызваленьне 123 палітычных зьняволеных зь Беларусі. Сярод іх ёсьць адважныя галасы, якія выступаюць за дэмакратыю: Марыя Калесьнікава і Алесь Бяляцкі. Яны праявілі надзвычайную мужнасьць. Жадаю ім сілы, каб яны зноў аб'ядналіся са сваімі семʼямі. Літва падтрымлівае іх і ўсіх, хто імкнецца да свабоды».

Нарвэскі Нобэлеўскі камітэт выказаў «глыбокую палёгку і шчырую радасьць» з нагоды вызваленьня ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага з турмы ў Беларусі, гаворыцца ў заяве, агучанай у суботу, якую цытуе агенцтва Reuters.

«Яго вызваленьне – гэта вельмі жаданы і доўгачаканы момант... Нарвэскі Нобэлеўскі камітэт заклікае ўлады Беларусі вызваліць усіх палітычных зьняволеных і гарантаваць Алесю Бяляцкаму і іншым праваабаронцам магчымасьць свабодна жыць і працаваць, не баючыся новага перасьледу».

Ален Бэрсэ, генэральны сакратар Рады Эўропы, напісаў у Х:

«Я вітаю вызваленьне Алеся Бяляцкага і Марыі Калесьнікавай з-пад варты ў Беларусі. Абое ёсьць рашучымі прыхільнікамі правоў чалавека і дэмакратыі ў сваёй краіне. Рада Эўропы будзе працягваць працаваць з дэмакратычнымі сіламі Беларусі».

Тэадорас Русопулас, прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, напісаў у Х:

«Вельмі рады даведацца, што ляўрэаты Прэміі Вацлава Гаўла Марыя Калесьнікава і Алесь Бяляцкі толькі што былі вызваленыя з турмы разам са 121 іншымі палітычнымі зьняволенымі! Гэта сапраўды цудоўная навіна ў канцы года, поўнага выклікаў і праблем!»

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG