«Што да Лукашэнкі і яго заяваў, то вы ведаеце, што ён закладнік сытуацыі» — гэтак сакратар Рады нацбясьпекі і абароны (РНБА) Ўкраіны Аляксей Данілаў пракамэнтаваў у інтэрвію выданьню «Украінская праўда» сёньняшнія заявы Аляксандра Лукашэнкі пра разгортваньне рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі.
«Магу сказаць, што на мінулым тыдні па даручэньні прэзыдэнта завяршылася праверка ўсіх прымежных да беларускай мяжы рэгіёнаў. Гэта трэцяя праверка па даручэньні прэзыдэнта з красавіка.
І я магу сказаць, што нашы памежнікі, наша тэрытарыяльная абарона, увесь сэктар бясьпекі і абароны, разьмешчаны на тэрыторыі рэгіёнаў, у тым ліку рэгіянальныя ўлады, гатовыя да любога разьвіцьця падзей» — паведаміў Данілаў.
Ён працягнуў: «Мы ведаем, што ёсьць у беларусаў, мы ведаем, што ёсьць у расейцаў. Магу сказаць: сапраўдных беларусаў, якія жадаюць ваяваць з намі, амаль няма. Яны разумеюць нашае стаўленьне.
Што тычыцца вышэйшага палітычнага кіраўніцтва — калі Лукашэнка вырашыць удзельнічаць непасрэдна вайскоўцамі ў гэтай вайне, то, паверце, гэта будзе апошняе рашэньне, якое ён прыме ў сваім жыцьці як чалавек, які ўжо амаль ня лічыцца прэзыдэнтам краіны. Нават не амаль, а ня лічыцца для ўсіх цывілізаваных краінаў».
Сёньняшнія заявы Лукашэнкі таксама пракамэнтаваў у сваім Тэлеграм-канале дарадца офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк.
«Лукашэнка працягвае прадаваць Расеі апошнія рэшткі сувэрэнітэту. Заява пра разьмяшчэньне расейскага кантынгенту ў Беларусі з надуманых нагодаў — фармалізацыя акупацыі. Украіна ацэньвае рызыкі і гатовая да любых пагрозаў. Сытуацыя кантралюецца, пра паўторнае ўварваньне з Беларусі зараз не ідзецца». — напісаў Падаляк.
Сёньня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што прынятае рашэньне аб разгортваньні рэгіянальнай групоўкі ўзброеных сілаў Беларусі і Расеі. Ён паведаміў, што некалькі тысячаў расейскіх вайскоўцаў прыбудуць у Беларусь.