Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я хачу дадому». У Варшаве праходзіць выстава, дзе можна пачуць гукі Менску і паплакаць у адмысловым пакоі


У Музэі вольнай Беларусі ў Варшаве адкрылася выстава беларускіх фатографаў «Я хачу дадому». Мы паразмаўлялі з артысткай, актывісткай і арт-мэнэджаркай Анай Мацкевіч пра тое, як прыйшла ідэя, чаму нам усім трэба парэфлексаваць на тэму дома і як гэта дапамагае.

«Калі я заплюшчваю вочы, я вельмі часта бачу Менск»

5 кастрычніка ў Музэі вольнай Беларусі запрацавала выстава, дзе можна ўбачыць Менск, пачуць яго гукі і нават паплакаць у асобным пакоі. Стваральнікі праекту — HeartBreaking Performance Art Group, дэцэнтралізаваны творчы цэнтар сучаснай беларускай культуры, які заснавала артыстка, актывістка і арт-мэнэджарка Ана Мацкевіч.

Ана Мацкевіч. Фота з прыватнага архіву
Ана Мацкевіч. Фота з прыватнага архіву

Belarus - Exhibition of HeartBreaking Performance Art Group in Warsaw, 7Oct2022Ана Мацкевіч. Фота з прыватнага архіву
Belarus - Exhibition of HeartBreaking Performance Art Group in Warsaw, 7Oct2022Ана Мацкевіч. Фота з прыватнага архіву

«Пару гадоў таму я пачала рабіць розныя пэрформансы, і да мяне проста далучаліся людзі, якія падзяляюць мае погляды. Канечне, усё было пра Беларусь, пра актывісцкае мастацтва. Раней людзі пастаянна зьмяняліся, а цяпер мы ўтварылі невялічкую каманду і плянуем далей рабіць ужо ўсё разам», — тлумачыць артыстка, актывістка і арт-мэнэджарка Ана Мацкевіч.

HeartBreaking Performance Art Group таксама вядомыя па трылёгіі фільмаў «Менск 2020», вулічных пэрформансах на вуліцах Польшчы, аўдыёсэрыяле «Что произошло», сумесным праекце з Варшаўскім Вольным Аркестрам «8VEDay» і інш.

Ана Мацкевіч на адкрыцьці выставы «Я хачу дадому»
Ана Мацкевіч на адкрыцьці выставы «Я хачу дадому»

Ідэя праекту «Я хачу дадому» зьявілася праз моцны сум па Менску. Ана не была ў Беларусі са сьнежня 2019 году. Дзяўчына кажа, што вельмі сумуе па родных людзях і месцах, па сваім доме.

«Калі я заплюшчваю вочы, я вельмі часта бачу Менск, вельмі сумую па ім, але, бывае, не магу прыгадаць нейкія канкрэтныя вуліцы. Аказалася, што так адбываецца ня толькі ў мяне. Гэта як некаторыя ня могуць прыгадаць твар блізкага чалавека, бо даўно ня бачылі. Я падумала, што гэта і пра горад можна таксама сказаць. Можа, чалавек у сваім тэлефоне ня хоча глядзець свае старыя здымкі гораду, бо балюча. А вось на выставе, калі стварыць бясьпечную прастору, паглыбленьне ў гэты досьвед, то гэта, можа, і карысьць прынясе людзям, неяк ім лягчэй будзе».

На выставе прадстаўленыя творы беларускіх фатографаў Андрэя Дубініна, Караліны Паляковай, Аны Мацкевіч і іншых.

аўтар: Андрэй Дубінін
аўтар: Андрэй Дубінін

аўтар: Андрэй Дубінін
аўтар: Андрэй Дубінін

«Я хацела, каб гэта былі фатографы, якія цяпер не ў Беларусі, з мэтаў бясьпекі. Таксама мы абіралі тых, хто ня можа ці не плянуе вяртацца, бо яны разумеюць гэты боль, праз гэта яны абяруць менавіта тыя фатаздымкі, якія б адпавядалі маёй ідэі».

Таксама было важна абраць такія фатаздымкі Менску мінулага, каб мы захацелі ў ім жыць у будучыні, такога Менску, да якога хочацца вярнуцца, тлумачыць Ана.

«Мае работы на гэтай выставе — з таго пэрыяду жыцьця, калі я актыўна займалася фатаграфіяй, гэта недзе 10 гадоў таму. Гэта была мая першая праца, прафэсія, якая вельмі натхняла. Для мяне было важна, каб людзі бачылі, які прыгожы сьвет, як я яго бачу. Я проста здымала ўсё вакол сябе, мне гэта вельмі падабалася і давала палёгку».

аўтар: Ана Мацкевіч
аўтар: Ана Мацкевіч

аўтар: Ана Мацкевіч
аўтар: Ана Мацкевіч

«Каб бачылі ў нас не эмігрантаў, а жывых людзей»

На падлозе ў музэі стварылі адмысловую мапу Менску, у якой ты апынаесься быццам у доміку. Таксама ў прасторы ёсьць асобны «пакой для сьлёз».

Дошка, куды людзі пішуць, па чым яны сумуюць у Беларусі
Дошка, куды людзі пішуць, па чым яны сумуюць у Беларусі

«Гэта як у дзяцінстве мы акрэсьлівалі нейкае кола вакол сябе і казалі: „Усё, я ў доміку“. Гэта такая падсьвядомая адсылка да гэтага. А наконт „пакоя для сопелек“, як мы яго называлі падчас працы, — сьмяецца Ана, — мы падумалі, што людзі з такім болем адклікаюцца на нашую ідэю выставы, што трэба для іх арганізаваць нейкую бясьпечную прастору, каб яны свае эмоцыі, пачуцьці не сьціскалі перад іншымі, а маглі пайсьці і паплакаць. Гэта вельмі натуральна і тэрапэўтычна. Калі людзі блякуюць свае пачуцьці, ёсьць толькі два варыянты: альбо яны ўсіх вакол ненавідзяць, альбо зрываюцца, едуць у Беларусь і іх арыштоўваюць. Калі гора не перажываць, то арганізм атручваецца».

Ана прызнаецца, што перад тым як пачала рабіць праект, ёй было эмацыйна вельмі цяжка, бо думкі пра Беларусь пастаянна «варыліся» ўнутры і не давалі спакою.

«Мне цяпер таксама цяжка, але калі мы пачалі працаваць над гэтым праектам, я адчула, што гэта тэрапэўтычны працэс, які вельмі дапамагае. Калі я адбірала здымкі, гэта быў проста цуд, так хацелася адразу з усімі гэтым падзяліцца! Гэта вось такое, калі нехта памёр у чалавека, спачатку боль проста невыносны, а пасьля прыходзіць нейкае прыняцьце, ты ўжо глядзіш на здымкі гэтага чалавека, на яго рэчы, і ёсьць вельмі сьветлы смутак, ужо ня так балюча, як было раней».

Ана дадае, што як у стасунках бывае вельмі важна паставіць кропку, ці ў выпадку зь Менскам, то варта паставіць хаця б кропку з коскай.

«Мы абавязкова вернемся дадому, але нейкую кропку паставіць трэба, каб не балела так моцна, каб можна было жыць далей, будаваць пляны, а ня жыць „сёньня на заўтра“. Важна адпусьціць, каб даць прастору для Новай Беларусі, бо яе ня будзе, пакуль мы ня зьмірымся, што ня можам вярнуцца дадому. І гэта не пра тое, маўляў, я ўжо жыву ў эміграцыі, эміграцыя — гэта сэксі, не хачу вяртацца дамоў. Не, гэта адмова. А нам трэба прызнаць, што мы хочам дадому. Бо ўсе людзі — эмацыйныя, адчувальныя істоты, яны хочуць дамоў, гэта абсалютна натуральна і нармальна».

Актывістка дадае, што для замежнікаў гэтая выстава таксама вельмі важная. Бо ў 2020 годзе беларусаў успрымалі за мяжой вельмі добра, гледзячы на вялікія пратэсты, а цяпер гэта забываюць і ставяцца горш.

«Нас зноўку ўспрымаюць як дзіўных людзей, якія хочуць быць з расейцамі. Але гэта ж усё няпраўда! Значыць, трэба паказваць людзям, хто мы, адкуль мы, як выглядае наш дом і што мы хочам туды вярнуцца. Напрыклад, шмат палякаў гавораць: „Вось, панапрыяжджалі, вяртайцеся дамоў! Вы нашыя працоўныя месцы займаеце!“ Па-першае, ніхто нам гэтыя працоўныя месцы не дае, шчыра кажучы. Па-другое, мы хочам вярнуцца, але нам туды нельга. І калі нам кажуць вяртацца, нам кажуць наўпрост: „Вяртайцеся ў турму“. Таму вельмі важна збудаваць эмацыйны кантакт зь людзьмі, у чыёй краіне мы жывём, каб яны бачылі ў нас не эмігрантаў, не біямасу, якая працу адбірае, а нармальных, жывых людзей, такіх жа эўрапейскіх і разьвітых, як і яны самі».

«Мы ведаем, як гэта дапамагае людзям, і хочам „звазіць“ іх у іншыя гарады»

Праект «Я хачу дадому» — адзін з самых маштабных праектаў, якія рабіла Ана Мацкевіч. І без складанасьцяў не абышлося.

«Калі ты гатовы выгараць і ўсё рабіць за свае грошы, то рабіць праект не складана, — усьміхаецца арт-мэнэджарка. — Але насамрэч, калі б ня людзі, якія сабраліся ў HeartBreaking Performance Art Group, то нічога б не атрымалася. Канечне, цяжка з пункту гледжаньня таго, што ў мяне ўжо другі месяц няма грошай увогуле, бо я проста ў пазыкі залезла, каб гэта ўсё зрабіць. Але нас і вельмі падтрымалі. Мы друкавалі здымкі і паштоўкі ў беларускай друкарні ў Кракаве, яны нам вельмі дапамаглі, зрабілі ўсё ў апошні момант і зь вялікай зьніжкай. Таксама Free Belarus Center аплаціў нам палову друку».

Краўдфандынг будзе працягвацца яшчэ два тыдні. Можна будзе заданаціць https://zrzutka.pl/bdfmrf і ўзяць сабе паштоўку. Калі назьбіраецца дастаткова сродкаў, праект працягнецца і каманда створыць выставы пра іншыя беларускія гарады.

Паштоўкі са здымкамі беларускіх фатографаў
Паштоўкі са здымкамі беларускіх фатографаў

«Каб паказаць усю Беларусь, музэя ня хопіць, а спатрэбіцца вялікі ангар, — сьмяецца Ана. — Я вельмі хачу працягваць, бо да нас пісала вельмі шмат людзей зь іншых гарадоў і мясьцін, маўляў, я хачу ў Горадню, хачу ў Баранавічы! Абавязкова, калі ў нас будуць магчымасьці, мы будзем гэта рабіць, бо мы ведаем, як гэта дапамагае людзям, і хочам „звазіць“ іх у іншыя гарады».

Акрамя выставы, у каманды HeartBreaking Performance Art Group шмат іншых ідэй.

«Я вось амаль год мару зьняць фільм пра тое, што беларусаў за мяжой і ўнутры Беларусі працягваюць дзяліць, асэнсавана і падсьвядома. З гэтым трэба нешта рабіць і вучыцца камунікаваць адно з адным. У нас вельмі шмат плянаў і, што дзіўна, энэргіі. Але, канечне, мы вельмі спадзяёмся на падтрымку».

Выставу можна наведаць да 20 кастрычніка ў Музэі вольнай Беларусі ў Варшаве. ​

Таксама можна падтрымаць праект тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG