Палітзьняволенага журналіста Анджэя Пачобута дадалі ў «тэрарыстычны сьпіс», паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Акрамя яго, у «сьпіс, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці», унесьлі яшчэ чатыры чалавекі:
- 37-гадовага Вячаслава Курыльчыка (абвінавачваецца паводле арт. 361 КК),
- 38-гадовага Дзьмітрыя Смалярова (асуджаны паводле арт. 130 КК),
- 38-гадовага Максіма Беляновіча (абвінавачваецца паводле арт. 130)
- 35-гадовага палітвязьня Анатоля Яскевіча (асуджаны паводле арт. 130).
Нядаўна зьняволенага журналіста Анджэя Пачобута перавялі ў СІЗА ў Горадні.
Імаверна, у Горадні пройдзе разгляд так званай «польскай справы», у межах якой вінавацяць журналіста.
Анджэй Пачобут знаходзіцца за кратамі 1,5 года. Зьняволены мае праблемы са страўнікам, у яго болі ад шмат якой ежы. Паведамлялася, што ён моцна схуднеў, бо амаль нічога ня есьць, хіба што дыетычныя турэмныя кашы.
Польскі міністар замежных спраў Зьбігнеў Раў нядаўна пракамэнтаваў сытуацыю з палітзьняволеным журналістам, актывістам неафіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі Анджэем Пачобутам:
«Польшча абсалютна не зьмірылася і ніколі ня зьмірыцца з парушэньнем правоў чалавека або з тым, што ў Беларусі з прадстаўнікамі польскай меншасьці абыходзяцца як з закладнікамі».