Андрэй Янушкевіч расказаў пра новыя рэаліі, у якіх ён апынуўся. Пра гэта піша тэлеграм-канал BY_culture.
«Пакуль праца вядзецца за кампутарам, можна абысьціся мінімальным наборам сродкаў. Але пасьля друку ўсё мяняецца. Дзе захоўваць экзэмпляры, як развозіць і пакаваць іх для рассылкі, тая ж прамоцыя — праблемы зусім іншага кшталту. І тут упіраесься ў матэрыяльныя немагчымасьці. Калі ў каго ёсьць ідэі і рашэньні, дзяліцеся, калі ласка. Вельмі хочацца, каб кнігі зьявіліся на сьвет як мага хутчэй. Часу ў нас няшмат».
Цяпер вядзецца праца ў выданьні шэрагу перакладаў кніг, і выдавец просіць дапамогі:
- Дж. К. Роўлінг «Гары Потэр і Келіх агню»
- Дж. Р. Р. Толкін «Валадар Пярсьцёнкаў. Брацтва Пярсьцёнка»
- Кормак Макарці «Дарога»
- Шчэпан Твардах «Кароль»
- Салі Руні «Размовы зь сябрамі»
- Фрэнсіс Скот Фіцджэральд «Вялікі Гэтсбі»
- Эрнэст Хэмінгуэй «І ўзыходзіць сонца»
- Эрых Марыя Рэмарк «Чорны абеліск»
Андрэя Янушкевіча разам з супрацоўніцай яго кнігарні «Кнігаўка» Настай Карнацкай затрымалі сёлета 16 траўня пасьля ператрусу ў краме «Кнігаўка», якую так і не ўдалося паўнавартасна адкрыць у Менску. Суд прызначыў яму спачатку 10 дзён адміністрацыйнага арышту, аднак пасьля іх адбыцьця выдавец на волю не выйшаў, а быў перазатрыманы і асуджаны яшчэ на 10 сутак.
Трэці суд над Янушкевічам адбыўся 6 чэрвеня. Гэтым разам выдаўцу і кіраўніку кнігарні «Кнігаўка» прысудзілі 8 дзён арышту.
Неўзабаве пасьля выхаду з 28 сутак у зьняволеньні Андрэй Янушкевіч пакінуў Беларусь і цяпер жыве ў Варшаве. Наста Карнацкая вяла падкаст пра беларускую літаратуру, папулярны ў колах аматараў беларускай літаратуры. Аднак у выніку яе затрыманьня сілавікі здабылі доступ да каналу.