Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савет Фэдэрацыі Расеі ратыфікаваў дакумэнты аб анэксіі часткова акупаваных абласьцей Украіны, за якія ідуць баі


Раніцай 4 кастрычніка Савет Фэдэрацыі — верхняя палата расейскага парлямэнту — ратыфікаваў дамовы «Аб уваходжаньні ДНР, ЛНР, Запароскай і Херсонскай абласьцей у склад Расеі».

Спробу анэксіі украінскіх тэрыторый падтрымалі ўсе прысутныя сэнатары: 153 з 200.

Учора анэксію ўкраінскіх тэрыторый ухваліла Дзярждума. Цяпер дакумэнты зьбіраецца падпісаць Уладзімір Пуцін — з гэтага моманту Расея будзе лічыць гэтыя тэрыторыі сваімі і плянуе пераходны пэрыяд да 1 студзеня 2026 году.

Згодна з дамовамі, Данецкая і Луганская вобласьці прыняты ў склад Расеі як «Данецкая і Луганская народныя рэспублікі» ў адміністрацыйных межах 2014 году. Межы Херсонскай і Запароскай абласьцей ў дакумэнтах ня вызначаныя. Частка Мікалаеўскай вобласьці анэксаваная ў складзе Херсонскай.

Між тым вялікая частка гэтых абласьцей застаюцца неакупаванымі, у тым ліку горад Запарожжа, Славянск, Краматорск Данецкай вобласьці, украінскае войска працягвае вызваляць новыя населеныя пункты з-пад расейскай акупацыі.

У сувязі з гэтым адчас разгляду пытаньня сэнатар Людміла Нарусава задала намесьніку міністра замежных справаў Рыгору Карасіну пытаньне аб тым, што расейскае войска не кантралюе гэтыя тэрыторыі поўнасьцю.

«З даты падпісаньня названых дамоваў лінія судакрананьня зьмянілася, і цяпер нам рэкамэндуюць прыняць у склад РФ вобласьці, частка тэрыторый якіх занятая ўзброенымі сіламі іншай краіны», — сказала яна.

Нарусава патлумачыла, што яна «прызнацца, разьлічвала», што атрымае тлумачэньне ад Канстытуцыйнага суду. Але не атрымала. Тады сьпікер Валянціна Мацьвіенка папрасіла адказаць на гэтае пытаньне не Карасіна, а сэнатара Андрэя Клішаса, які прадстаўляе Савет Фэдэрацыі ў Канстытуцыйным судзе.

Клішас заявіў, што Канстытуцыйны суд не ацэньвае «пытаньні фактаў», таму няма сэнсу чакаць ад яго тлумачэньняў па гэтым пытаньні. Адказ на сваё пытаньне Нарусава так і не атрымала, але «за» ўсё ж прагаласавала.

У адпаведнасьці з дамовамі Расея будзе лічыць усіх украінцаў, якія пражываюць на анэксаваных тэрыторыях, сваімі грамадзянамі, калі цягам месяца яны не заявяць аб сваім нежаданьні атрымліваць расейскі пашпарт.

Кіеў і краіны Захаду загадзя абвясьцілі, што ні пры якіх абставінах не прызнаюць анэксіі. Украіна працягвае вызваляць акупаваныя тэрыторыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG