Расея прызнала незалежнасьць часткова акупаваных Запароскай і Херсонскай абласьцей Укріаны. Пра гэта гаворыцца ва ўказах Уладзіміра Пуціна, апублікаваных 30 верасьня на расейскім афіцыйным партале прававой інфармацыі.
Пры гэтым ва ўказах гаворыцца, што яны набываюць моц з дня падпісаньня, 29 верасьня.
У лютым Расея прызнала «незалежнасьць» так званых «ДНР» і «ЛНР» на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны і пасьля гэтага пачала шырокамаштабную вайну супраць Украіны.
Цырымонію, зьвязаную зь незаконнай анэксіяй Расеяй частак чатырох акупаваных расейскімі войскамі абласьцей Украіны, заплянавалі на 30 верасьня ў Крамлі.
Яна адбудзецца ў Георгіеўскай зале Крамля а 15:00 з удзелам Пуціна, які зьбіраецца выступіць, сказаў Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі.
Акупацыйныя ўлады з 23 па 27 верасьня праводзілі псэўдарэфэрэндумы аб далучэньні Луганскай, Данецкай, Херсонскай і Запароскай абласьцей да складу Расеі. Па выніках прымусовага галасаваньня, мясцовыя калябаранты зьвярнуліся да Ўладзіміра Пуціна з заклікам уключыць гэтыя тэрыторыі ў склад Расеі.
У той жа час Расея акупавала толькі часткі гэтых рэгіёнаў. Горад Запарожжа і значная частка Данецкай вобласьці ўключна з гарадамі Славянск і Краматорск застаюцца пад украінскім кантроем. Украінскія войскі атачылі горад Ліман Данецкай вобласьці і працягваюць контрнаступ у Херсонскай вобласьці, дзе ўжо вызвалілі дзясяткі населеных пунктаў уключна з горадам Высакапілля.
Для псэўдарэфэрэндумаў акупацыйныя ўлады нават не змаглі адкрыць выбарчыя ўчасткі. Так званае галасаваньне праводзілася на вуліцы ў прысутнасьці ўзброеных расейскіх салдатаў або ў прыватных жылых памяшканьнях грамадзян. Шмат было паведамленьняў аб тым, што расейцы і іхныя памагатыя зь ліку мясцовых калябарантаў прымушалі людзей удзельнічаць у псэўдарэфэрэндуме.