Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Добраахвотна сысьці ён ня можа. Пра Лукашэнку як закладніка сыстэмы


Лукашэнка сядае ў самалёт. 15 верасьня 2022
Лукашэнка сядае ў самалёт. 15 верасьня 2022

У аўтарытарных краінах няма легальнага мэханізму пераходу ўлады ад аднаго ўладара да другога. І сытуацыя ўладнага транзыту ў такіх выпадках, як правіла, выклікае палітычны крызіс.

Лукашэнка баіцца сыходзіць, бо ягонае існаваньне пасьля сыходу выглядае праблематычным.

Сьцісла:

  • Нарастаньне праблем у Расеі дэманструе слабасьць асноўнага саюзьніка, хісткасьць апоры, на якую Лукашэнка паставіў увесь свой палітычны лёс.
  • Пасьля пратэстаў 2020 году Лукашэнка сапраўды задумаўся пра сыход.
  • Але ў выніку доўгіх разважаньняў ён з жахам зразумеў, што ня можа сысьці, нават калі б хацеў.
  • Лукашэнка стаў закладнікам той сыстэмы, якую сам і стварыў.

Калі назіраць за паводзінамі кіраўніцтва Беларусі апошнім часам, то вонкава яны выглядаюць трохі дзіўнымі. Падаецца, мы бачым нейкія спантанныя, ліхаманкавыя кідкі ў розныя, часам процілеглыя бакі. То Ўладзімер Макей на Генасамблеі ААН імкнецца навесьці масты з Захадам.

То раптам Лукашэнка едзе ў Абхазію, сарамліва капітулюючы перад Пуціным. Аб’ядноўвае гэтыя дзеяньні імкненьне да палітычнага выжываньня ў вонкавых палітычных умовах, якія становяцца ўсё больш экстрэмальнымі. Расейскія ваенныя паразы ва Ўкраіне, скандальная мабілізацыя ў РФ дэманструюць слабасьць асноўнага саюзьніка, хісткасьць апоры, на якую Лукашэнка паставіў увесь свой палітычны лёс. Здаецца, менавіта гэтае пытаньне хвалюе яго цяпер найбольш. Пра што ён сам і кажа. Важна толькі ўважліва слухаць.

23 верасьня, падчас наведваньня мэмарыяльнага комплексу «Хатынь», Лукашэнка, размаўляючы з журналістамі дзяржаўных мэдыя, выдаў вельмі цікавую рэпліку:

«Калі кажуць: „Вось Лукашэнка, колькі ён там будзе...“ Слухайце, ды мне гэта ўжо абрыдла. Я ўжо ня ведаю, за кошт чаго я ўвогуле... Гэта ж хутка 30 гадоў: і днём, і ноччу ты заўсёды на стрэме. А зь іншага боку, думаю: „Ну добра, добра. Плюнуў, пайшоў. Ніхто ў мяне камень, па вялікім рахунку, ня кіне“. А што будзе з вамі? І дзе гарантыя, што... Ну добра, мы прывядзем да ўлады (у нас яшчэ хапае) нармальных людзей. А дзе гарантыя, што яны ўтрымаюць гэтую ўладу? Дзе гарантыя? Гарантыі няма. І тады з вас пачнуць павольна, зьнізу ўверх ці зьверху ўніз, скуру лупіць. І я, калі буду жывы, як я буду жыць? Ці дзеці мае — мяне ня будзе, як яны будуць жыць? Яны ж усе побач са мной, у страі».

У гэтым сюжэце вельмі шмат інфармацыі.

Наўрад ці варта доўга спыняцца на абвяржэньні тэзы, што ўлада яму «абрыдла». Гэта мы чулі шмат разоў. Праўда, чамусьці ён ня хоча нікому аддаваць гэтую ўладу ўжо хутка 30 гадоў.

Але ў гэтай рэпліцы ёсьць і іншыя цікавыя пласты. Пасьля пратэстаў 2020 году, мяркую, у яго зьявілася думка, што варта думаць пра сыход. Ён пра гэта публічна казаў (маўляў, «заседзеўся»), цьмяна абяцаў датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары. Хутчэй за ўсё, гэта ня толькі спроба ўвесьці ў зман публіку. Мяркую, ён пра гэта ўсур’ёз задумваўся.

Але вось тут і пачынаецца самае цікавае. Пасьля доўгіх разважаньняў ён з жахам зразумеў, што ня можа сысьці, нават калі б хацеў. Думаю, досьвед сыходу Нурсултана Назарбаева ў Казахстане стаў для яго вельмі павучальным.

Спачатку ён спрабуе апэляваць да інтарэсаў сваіх паплечнікаў, у дадзеным выпадку — праўладных журналістаў: «А што будзе з вамі?.. Тады з вас пачнуць павольна, зьнізу ўверх ці зьверху ўніз, скуру лупіць».

Але потым адкідае маскіроўку і наўпрост кажа пра сябе і сваю сям’ю:

«Дзе гарантыя? Гарантыі няма... І я, калі буду жывы, як я буду жыць? Ці дзеці мае — мяне ня будзе, як яны будуць жыць?»

У дэмакратычных краінах палітыкі, якія пакідаюць уладу, мала непакояцца пра сваю бясьпеку. Бо дзейнічаюць ва ўмовах прававой дзяржавы, іх дзейнасьць кантралюецца сыстэмай стрымак і проціваг. А тут у Беларусі за 30 гадоў Лукашэнка столькі ўсяго наварочаў, што існуе вялізная колькасьць людзей, нават у асяродзьдзі намэнклятуры, якія захочуць зь ім паквітацца. І ён гэта добра разумее.

У аўтарытарных краінах няма легальнага мэханізму пераходу ўлады ад аднаго дыктатара да другога. І сытуацыя ўладнага транзыту, як правіла, выклікае палітычны крызіс. Нават прызначэньне пераемніка нічога не гарантуе. Таму ён і кажа: «Ну добра, мы прывядзем да ўлады (у нас яшчэ хапае) нармальных людзей. А дзе гарантыя, што яны ўтрымаюць гэтую ўладу?»

Тут праблема ня толькі ў тым, ці ўтрымае пераемнік уладу. Ня менш важнае пытаньне: ці можна верыць пераемніку, ці будуць дзейнічаць дадзеныя ім гарантыі? Тут зноў усплывае досьвед Казахстану. І сапраўды, у гэтым пытаньні ніхто ніякіх гарантый даць ня можа. Пераемнік празь нейкі час сыдзе ў адстаўку, любы закон, нават Канстытуцыю, можна памяняць.

То бок Лукашэнка стаў закладнікам той сыстэмы, якую сам і стварыў. Таму ён ня можа сысьці яшчэ і з гэтай прычыны, а ня толькі таму, што беззапаветна любіць уладу.

Не выпадкова ў новай Канстытуцыі зьявіўся новы орган улады — Усебеларускі народны сход, які сам Лукашэнка і плянуе ўзначаліць. І ў такім разе ён стане гарантам сам сабе. Вось толькі такому гаранту ён і можа паверыць. Але і тут ня ўсё так проста. Вось Назарбаеў узначальваў і Савет бясьпекі, і кіроўную партыю. Ці моцна гэта яму дапамагло?

Вось і пакутуе чалавек у сумневах. Гэта ягоная асабістая трагедыя. Але адначасова, на жаль, і трагедыя ўсяго беларускага народу.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG