Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Meta: расейскія дэзынфарматары падраблялі сайты заходніх СМІ


Транснацыянальная тэхналягічная карпарацыя Meta выступіла з дакладам, у якім паведаміла аб раскрыцьці расейскай кампаніі па дэзынфармацыі.

Як сцьвярджаецца ў дакладзе, расейскія праграмісты разьмяшчалі ў інтэрнэце старонкі, падобныя да сайтаў вядучых сусьветных СМІ, аднак замест арыгінальных навін і артыкулаў у іх публікаваліся матэрыялы прарасейскага зьместу. Фэйкавыя навіны прамоўтаваліся праз сацыяльныя сеткі Facebook, Instagram, Twitter і іншыя (уладальнікам часткі з іх зьяўляецца Meta).

Расейскім дэзынфарматарам, па паведамленьні Meta, удалося падрабіць больш за 60 сайтаў буйных СМІ сьвету, уключаючы нямецкую газэту Der Spiegel, брытанскую The Guardian і італьянскае агенцтва навін Ansa. Напрыклад, на старонцы, неадрознай ад старонак The Guardian, публікаваўся артыкул аб тым, што сьведчаньні аб гібелі мірных жыхароў у Бучы пад Кіевам — інсцэніроўка, а на старонцы, падобнай па вёрстцы на Der Spiegel — артыкул аб тым, што Нямеччына дзеля сваёй выгоды павінна зьняць з Расеі эканамічныя санкцыі.

Кампанія па дэзынфармацыі, раскрытая Meta, доўжылася з красавіка па верасень. Паводле ацэнак экспэртаў, толькі ў рэкляму фэйкавых старонак у сацыяльных сетках яе арганізатары маглі ўкласьці больш за 100 тыс. даляраў.

Раней на зьяўленьне фэйкавых старонак, якія капіююць рэальныя СМІ, зьвяртала ўвагу нямецкая T-Online. Таксама фальшывыя копіі сваіх старонак знайшлі такія значныя выданьні, як нямецкія Welt і Bild, француская 20 Minutes і брытанская Daily Mail.

Meta згадала, што за фэйкамі прасочваецца «расейскі сьлед», але значная частка інфраструктуры дэзынфармацыйнай кампаніі грунтавалася ў Эўропе.

Таксама, па паведамленьні Meta, аналягічныя інфармацыйныя дывэрсіі разгортваў у гэтым годзе Кітай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG