Першы Кангрэс дасьледчыкаў Беларусі адбыўся ў 2011 годзе таксама ў Коўне. Але ідэя яго правесьці зьявілася раней — прыкладна ў 2008–09 гадах. Гэта была ініцыятыва беларускіх і літоўскіх інтэлектуалаў, расказвае Свабодзе адзін з арганізатараў, доктар палітычных навук з інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч.
«Мы спачатку ня думалі, што Кангрэс разрасьцецца, стане такой вялікай падзеяй, — узгадвае Андрэй Казакевіч. — Плянавалася, што будзе каля ста ўдзельнікаў. Асноўная ідэя была — даць магчымасьць беларускім навукоўцам, дасьледчыкам і экспэртам камунікаваць у межах адной прасторы. Сабраліся ў Коўне ва Ўнівэрсытэце Вітаўта Вялікага. Пасьля некалькіх дыскусій прыйшлі да таго, што трэба арганізаваць Кангрэс».
У выніку на першы Кангрэс дасьледчыкаў Беларусі восеньню 2011 году прыехала каля 150 чалавек. Дзьве траціны ўдзельнікаў былі зь Беларусі, яшчэ траціна з розных іншых краін. У першую чаргу з Украіны, Польшчы, Расеі і Літвы. Так працягвалася да пачатку пандэміі ў 2020 годзе. Акрамя «Палітычнай сфэры», асноўныя арганізатары мерапрыемства — ковенскі Ўнівэрсытэт Вітаўта Вялікага і літоўскі Інстытут ВКЛ.
«Канфліктаў не бывае»
«Кангрэс абмяркоўваўся ў 2008–2009 гадах, тады была атмасфэра лібэралізацыі, — узгадвае Казакевіч. — Думалі, што яго магчыма праводзіць і ў Беларусі. Але пасьля 2010 году атмасфэра пагоршылася. Асноўнай праблемай для правядзеньня кангрэсу ў Беларусі была наяўнасьць акадэмічнага партнэра, важна было б мець у такой якасьці ўнівэрсытэт. А на той момант такія кантакты мы не змаглі ўсталяваць. Былі вымушаныя шукаць яго за мяжой».
У выніку пляцоўкай для правядзеньня Кангрэсу стаў Унівэрсытэт Вітаўта Вялікага ў Коўне. Яго абралі і дзякуючы асабістым кантактам, і таму, што ён прапанаваў самыя лепшыя ўмовы. Правесьці Кангрэс у Коўне ў выніку аказалася таньней, чым у Варшаве ці Вільні. Таму зь дзевяці праведзеных Кангрэсаў сем прайшлі акурат у Коўне. У 2017 годзе Кангрэс быў у Варшаве, у 2019-м — у Вільні. Сёлета зноў вярнуўся ў Коўна.
«Неяк атмасфэрней у Коўне, — кажа Казакевіч. — Бо калі праводзіць у вялікім горадзе, то людзі звычайна разыходзяцца па сваіх справах. А тут горад меншы, людзі паміж сабой лепш камунікуюць. Многія пасьля пачатку нашых экспэрымэнтаў з гарадамі пачалі казаць, што ў Коўне лепш. Таму вось вырасла такая традыцыя».
Але, як прызнаецца Андрэй Казакевіч, у наступным годзе Кангрэс дасьледчыкаў Беларусі, хутчэй за ўсё, пройдзе ў Гданьску.
Нягледзячы на вельмі розныя погляды літоўскіх, польскіх, беларускіх і ўкраінскіх гісторыкаў і палітолягаў, за ўсе гады правядзеньня Кангрэсу на ім ніколі не ўзьнікала канфліктаў. Як кажа Андрэй Казакевіч, прычына ва ўзроўні дыскусій.
«Дасьледчыкі разумеюць, што калі размова ідзе пра раньняе сярэднявечча, то ацэньваць яго ў сучасных катэгорыях — вельмі вялікае перабольшваньне, — кажа Казакевіч. — Што належыць беларусам, што належыць літоўцам. Многія факты з гісторыі дазваляюць вельмі розныя інтэрпрэтацыі. Таму скрайнія погляды сярод навукоўцаў сустракаюцца вельмі рэдка. Дыскусіі вядуцца на добрым акадэмічным узроўні».
Сёлета ў Кангрэсе будуць удзельнічаць больш за 400 навукоўцаў і экспэртаў. Але гэта ня максымум, у апошнія гады перад пандэміяй здаралася нават і 550 удзельнікаў ды каля 100 гасьцей і журналістаў. Як прызнаецца Андрэй Казакевіч, сёлета трансфармацыйны год. На Кангрэс стала значна цяжэй трапіць зь Беларусі, узьніклі праблемы зь візамі, ня будзе ўдзельнікаў з Расеі, ускладнілася і камунікацыя з украінцамі. Хоць удзельнікаў з Украіны сёлета на Кангрэсе чакаюць некалькі дзясяткаў. Арганізатары нават знайшлі магчымасьць ільготных умоваў для ўкраінцаў. На Кангрэсе сёлета будзе асобная панэль, прысьвечаная беларуска-ўкраінскім адносінам.
Непалітычная пляцоўка
Зь вядомых асобаў у Кангрэсе сёлета ўдзельнічаюць аналітык Сяргей Чалы, эканамістка Кацярына Барнукова, палітоляг Валер Карбалевіч, гісторык Павал Церашковіч, былы дэкан факультэту міжнародных адносін БДУ Віктар Шадурскі, гісторык Алесь Смалянчук, сацыёляг Генадзь Коршунаў, аналітык Яўген Магда і іншыя. А вось удзелу Сьвятланы Ціханоўскай не прадугледжвалі, хоць некаторыя з удзельнікаў Кангрэсу палітыкай займаюцца.
«Як непалітычная пляцоўка мы не запрашалі палітыкаў для выступаў, — кажа Андрэй Казакевіч. — Але некаторыя палітыкі будуць удзельнічаць у працы, у дыскусіях. Аліна Коўшык, Анатоль Лябедзька будзе мадэраваць адну з панэляў, Вінцук Вячорка, Лявон Баршчэўскі».
На што варта зьвярнуць увагу сёлета на Кангрэсе?
Андрэй Казакевіч кажа, што найперш актуальнасьць мае панэль, прысьвечаная беларуска-ўкраінскім адносінам.
Пятніца. 15.00–16.30 — Міжнародныя адносіны. Рэгіянальная бясьпека. Зьнешняя палітыка.
«Будуць выступаць Ігар Тышкевіч, Генадзь Максак, Міхаіл Пашко, гэта ўсё дастаткова вядомыя людзі, — кажа Казакевіч. — Павал Сьлюнькін там выступіць. Мы чакаем, што будзе зьмястоўная і цікавая дыскусія пра тое, якім чынам могуць зараз разьвівацца стасункі паміж нашымі дзяржавамі і грамадзтвамі. Як тут падзяліць дзяржаву і грамадзтва».
Субота. 17.00–18.30 — Круглы стол «Палітыка ЭЗ і санкцыі ў дачыненьні да Беларусі пасьля 24 лютага — якія варыянты на будучыню?»
Андрэй Казакевіч раіць зьвярнуць увагу на дыскусію пра санкцыі ў дачыненьні да афіцыйнага Менску. «Там таксама будзе вялікае прадстаўніцтва беларускіх і замежных экспэртаў, — кажа Казакевіч. — У суботу таксама цікавая дыскусія пра праблемы беларускіх эмігрантаў. Выступяць Генадзь Коршунаў, прадстаўнікі дыяспар Нямеччыны і Польшчы».
Нядзеля. 10.00–12.00 — Панэльная дыскусія «Думаць Беларусь. Інтэлектуальныя праграмы як практыка пераўтварэньня грамадзтва»
У апошні дзень Кангрэсу, па словах Казакевіча, варта зьвярнуць увагу на панэль, дзе абмяркуюць уплыў вядомых філёзафаў і інтэлектуалаў на палітычную сытуацыю ў краіне. Акрамя гэтага, яшчэ ў пятніцу адбудзецца абмеркаваньне вайны ва Ўкраіне і пытаньняў бясьпекі, у якім возьме ўдзел палітоляг Яўген Магда.
«Адзіная, унікальная падзея»
Па словах экспэрта «Палітычнай сфэры», Кангрэс дасьледчыкаў Беларусі зараз ня мае аналягаў ні па колькасьці ўдзельнікаў, ні па ўзроўні і ахопе дыскусій. Гэта насамрэч фактычна адзіная рэгулярная пляцоўка, дзе могуць сустракацца дасьледчыкі Беларусі рознага ўзроўню і з розных краін.
«Гэта сапраўды адзіная зараз, унікальная падзея, — кажа Казакевіч. — Асабліва калі мы гаворым пра рэгулярныя падзеі. Ніякіх аналягаў няма. Былі спробы нешта стварыць, была спроба Кангрэсу беларусістаў раз на чатыры гады. Але цяпер больш нічога такога не існуе. У Беларусі часам праводзіць нешта дзяржава, туды прыяжджаюць таксама сотні чалавек. Але такія мерапрыемствы ня маюць пэрыядычнасьці і прысьвечаныя адной праблеме. Кангрэс касманаўтыкі, скажам. Альбо Кангрэс славістаў быў у Беларусі, ён раз на дзесяць год здараецца».
Праграма Кангрэса дасяжная па спасылцы.