Пра гэта паведамляе выданьне The Bell са спасылкай на чатыры ананімныя крыніцы ў авіяцыйнай галіне.
Імёны ўносяцца ў агульную інфармацыйную сыстэму памежнага кантролю «Мир», якая атрымлівае ўсю інфармацыю аб забаронах, гаворыць адна з крыніцаў. База абнаўляецца паступова, забароны ад ваенкаматаў паступаюць з розных рэгіёнаў з рознай хуткасьцю.
Крыніца ў адным з маскоўскіх аэрапортаў расказала журналістам, што ў гэтым аэрапорце за мінулыя суткі не прайшлі мяжу 20 мужчын прызыўнога ўзросту. Крыніца ў іншым аэрапорце сказала, што першыя забароны на падставе распараджэньняў ваенкаматаў пачалі паступаць у ноч зь пятніцы на суботу, у нядзелю іх стала больш.
Два суразмоўцы The Bell сказалі, што абмежаваньні на выезд тычацца ня толькі пасажыраў, але і чальцоў экіпажаў, і ўжо былі выпадкі забаронаў на выезд для пілётаў і бортправаднікоў. У сацыяльных сетках распаўсюджваюцца паведамленьні пра тое, што памежнікі не выпускаюць некаторых грамадзян і на наземных пераходах.
У панядзелак прэсавая служба цюменскага аэрапорту Рошчына пацьвердзіла, што аэрапорт атрымаў сьпісы з ваенкаматаў і абмежаваў вылет з Расеі для тых, хто падлягае мабілізацыі.
«Цяпер ваенкамат у памежную ўправу падае сьпісы грамадзян, якім абмежаваны выезд. Для перасячэньня мяжы такім катэгорыям грамадзян неабходна даведка — дазвол на выезд ад ваенкамату па месцы прапіскі грамадзяніна», — цытуе заяву аэрапорту партал 72.RU. На рэйсы ўнутры краіны гэтае патрабаваньне не распаўсюджваецца, удакладнілі ў Рошчыне.
Мабілізацыя была абвешчаная ў Расеі 21 верасьня прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным. Сьцьвярджаецца, што ў войска будуць адпраўленыя да 300 тысяч чалавек з вайсковага рэзэрву.
24 і 25 верасьня пяць расейскіх выданьняў незалежна адно ад аднаго паведамілі, што ўлады разглядаюць магчымасьць закрыць мяжу для ўсіх мужчын прызыўнога ўзросту. Прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў заявіў, што ніякіх рашэньняў аб гэтым не прымалася. Аднак Крэмль і незадоўга да абвяшчэньня мабілізацыі адмаўляў, што яна магчымая.