«У дзіцячых паліклініках вялізныя чэргі, бо адмянілі «правіла пяці дзён»
Летась міністэрствы адукацыі і аховы здароўя прынялі «правіла пяці дзён». Гэта значыць, што навучэнцы з сымптомамі прастудных захворваньняў маглі на пяць дзён прапусьціць заняткі без даведкі. З верасьня, як дзеці пайшлі ў садкі і школы, чытачы Свабоды зьвярнулі ўвагу на вялізныя чэргі ў паліклініках.
21 верасьня, калі рыхтаваўся гэты тэкст, стала вядома, што Міністэрства аховы здароўя зноў увяло «правіла пяці дзён». Гэта значыць, што «на пэрыяд высокага пад’ёму захворваньняў на вірусныя інфэкцыі» ў выпадку адсутнасьці навучэнцаў ва ўстановах адукацыі цягам пяці дзён даведка не патрабуецца.
У жыхаркі Менску Аксаны (імя зьмененае. — РС) нядаўна хварэла дачка, якая ходзіць у дзіцячы садок.
«Чарга была, як я палічыла, — сорак дзяцей. Талён магчыма ўзяць толькі на прыём праз тыдзень. Таму ўсе сядзяць па жывой чарзе. Прычым і тыя, хто хварэе, і тыя, хто прыйшоў па якую-небудзь даведку ў школу. Па маіх назіраньнях, пераважная большасьць дзяцей — з соплямі і кашлем. На лекараў у мяне няма нараканьняў — яны робяць, што могуць. Відаць, што яны стомленыя — такая плынь дзяцей — і проста з ног валяцца. Відавочна, што рук не хапае. Мэдсёстры проста бегаюць з карткамі туды-сюды», — расказала Аксана.
Яна лічыць, што такія чэргі ў паліклініцы ад таго, што дзеці пайшлі ў садок, школу і пачалі адно аднаго заражаць. Да таго ж адмянілі правіла «пяці дзён». Цяпер нават адзін дзень нельга прапусьціць без даведкі, што дзіця хварэе.
«Тэсты на каранавірус робяць, але ці платна, ці калі трэба на шпіталізацыю, так у мяне было з дачкой. У прыватных клініках робяць тэсты. У адной з клінік нават акцыя была: здай аналізы на пэўную суму і атрымаеш тэст на каранавірус за адну капейку. Мне спадабаўся такі падыход», — кажа Аксана.
Адна зь лекарак на ўмовах ананімнасьці пацьвердзіла Свабодзе, што сапраўды цяпер пэдыятры маюць «звышвысокую» нагрузку. «Цяпер у дзіцяці соплі, яму нельга ў школу ісьці, а трэба абавязкова мець даведку. І вось такіх дзяцей у чарзе цяпер процьма па тыя даведкі. Якраз цяпер яшчэ ўздым сэзонных захворваньняў, таму так», — удакладніла лекарка.
«Панікі няма, тэсты робяць»
У чытачкі Свабоды з Гомля Марыны (імя зьмененае. — РС) хварэла дачка і зяць. Яна кажа, што тэсты на ковід у паліклініцы зрабілі без праблем.
«Тэсты можна і самастойна купіць у аптэцы. Робяць іх платна і ў санстанцыі. Мае лечацца дома, стан больш-менш. У маім атачэньні цяпер шмат хто хварэе, але пераважна ў лёгкай форме, застаюцца дома. Нават з пнэўманіяй, бо цяпер у яе не такая агрэсіўная форма, хоць і заразная. Тое, што я бачу, — у Гомлі панікі няма, хоць „чырвоная зона“ працуе актыўна», — расказала гамяльчанка.
Яна дадала, што раней, прынамсі ўлетку, тэстаў на каранавірус не рабілі. Сама яна не захварэла. Лічыць, бо рабіла прышчэпкі.
Мэдык з Гомля на ўмовах ананімнасьці паведаміла, што ў санстанцыі кожны можа зрабіць тэст, але наплыву ахвотнікаў яна там пакуль не заўважыла.
«Такога, як летась — што былі і чэргі і супрацоўнікі санстанцыі працавалі даволі напружана — цяпер няма», — зазначыла яна.
«Мы хварэем цяпер дома, усёй сям’ёй. Тэмпэратура 37,4 у асноўным, моцна баліць галава, горла, кашаль проста жахлівы. Пахаў не адчуваю. Прымаем лекі ад сымптомаў — ад галаўнога болю, ад тэмпэратуры і кашлю. Да лекараў не зьвярталіся. Хварэем ужо ня першы раз — хто другі, а хто і чацьвёрты. Асаблівасьць цяперашняга вірусу — моцна б’е па горле, баліць надта», — расказала яшчэ адна гамяльчанка.
Жыхарка Менску Алена (імя зьмененае. — РС) сьцьвярджае, што ў сталічнай паліклініцы, дзе яна абслугоўваецца, тэсты на каранавірус ня робяць, але бальнічны адкрываюць.
«Лечымся самі, дома. З сымптомаў — кашаль, боль у цягліцах, высокая тэмпэратура. Народнымі сродкамі лечымся. Больш вадкасьці, цытрына, імбір, рамонак», — падзялілася Алена.
«Тэмпэратура даходзіла да сарака градусаў. Быў моцны боль у цягліцах, слабасьць, хацелася ўвесь час спаць. Цяжка перанесла, але да лекараў не зьвярталася — вылечылася дома за два тыдні», — расказала мянчанка Людміла (імя зьмененае. — РС).
«Перахварэў нядаўна ўжо трэці раз. Гэтым разам моцна балела горла. Тэмпэратура падскоквала нават да 39. Тыдзень было блага, слабасьць, а потым, як і раней пасьля „кароны“, слабасьць пару тыдняў», — падзяліўся чытач Свабоды. Ён кажа, што не прышчапляўся.
Што з афіцыйнымі дадзенымі?
Апошняе паведамленьне, якое тычыцца каранавірусу і вакцынацыі, было разьмешчана ў telegram-канале Міністэрства аховы здароўя 8 жніўня. Галоўны санітарны доктар Аляксандар Тарасенка заяўляў, што першасную вакцынацыю прайшлі каля 70% беларусаў. Бустэрную (на пачатак жніўня. — РС) — 27% ад ліку прышчэпленых.
Аляксандар Тарасенка прагназаваў, што рост каранавірусу ў Беларусі чакаецца ў верасьні. Ён спадзяваўся, што «новая хваля будзе не такой інтэнсіўнай, як мінулыя».
Што ў суседніх краінах?
У Польшчы, паводле афіцыйнай статыстыкі, за 19 верасьня зафіксавана 720 новых выпадкаў COVID-19. У сярэднім за тыдзень цяпер у Польшчы рэгіструюць 4,6 тысячы новых выпадкаў захворваньня.
Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя, поўны курс вакцынацыі ў Польшчы прайшлі 51,4% насельніцтва, адну прышчэпку маюць 59,4%.
Сярэдні ўзровень вакцынацыі супраць COVID-19 за апошнія сем дзён складае каля 5,5 тысячы на дзень.
Насельніцтва Польшчы — 37,9 мільёна чалавек.
«У Польшчы такая асаблівасьць мэдыцыны, што на высокую тэмпэратуру „хуткая“ ня едзе. У мяне ў Польшчы пачалася хвароба са стомленасьці, проста дзікай. Тэмпэратура была, горла балела, пачаліся прыступы кашлю і арытмія. Піла лекі ад кашлю і сардэчныя. Купіла тэст на ковід — быў станоўчы», — расказала беларуска Карына, якая цяпер жыве ў Польшчы.
У Літве з насельніцтвам каля 2,6 мільёна прышчапіліся каля 70% чалавек, зь іх прайшлі поўны курс вакцынацыі 67,2%. Як паведамляе партал Delfi.lt, за 19 верасьня ў Літве зафіксавалі 2694 новыя выпадкі каранавірусу, два чалавекі памерлі. Усе муніцыпалітэты Літвы ўваходзяць у «чорную» зону.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ