31-гадовая Алена, яе муж, дзьве дачкі, а таксама бацькі загінулі 9 сакавіка пасьля ўдару па жылой пяціпавярхоўцы. Усяго ж у гэтым доме, па сьведчаньні мясцовых, загінулі каля паўсотні чалавек, расказвае ўкраінскі тэлеканал «Суспільне».
Сям’я Алены Стаўпаковай жыла ў Ізюме на вуліцы Першамайскай, 2 шмат гадоў: у адным пад’езьдзе, але на розных паверхах жылі бацькі Алены і яна з мужам Дзьмітром і дзьвюма дочкамі — Сашай ды Алесяй, расказвае аднаклясьніца Алены Анастасія.
«Яна была крэатыўнай дзяўчынай заўсёды: любіла сьпяваць і танчыць, у школе мы заўсёды ладзілі танцы ці нейкія іншыя падзеі, і Лена заўсёды ўдзельнічала: ставіла танцы ці сьпявала. Яшчэ яна была актывісткай, любыя імпрэзы ў горадзе безь яе не праходзілі. У яе было вельмі шмат сяброў. Яна была вельмі ўпэўненай у сабе, разумнай і шчырай», — успамінае сяброўку Анастасія.
Малодшая дачка Алены Алеся сёлета зьбіралася ісьці ў першую клясу — у красавіку ёй павінна было споўніцца 6 гадоў, старэйшая Аляксандра ў жніўні мусіла сьвяткаваць дзявяты дзень нараджэньня. Муж Алены захапляўся футболам, і яна заўсёды ў якасьці заўзятаркі прысутнічала на трыбуне.
Алена, яе муж, дочкі і бацькі загінулі, калі хаваліся ад абстрэлаў у падвале.
— Гэта быў звычайны шматпавярховік. Алена жыла разам з бацькамі ў адным пад’езьдзе, але на розных паверхах, таму яны і апынуліся ў адным падвале. Адзін хлопчык казаў, што якраз напярэдадні ён прапанаваў бегчы з дому на другі бок ракі, таму частка людзей усё ж такі пакінулі гэты падвал, а другая, дзе знаходзілася Алена, не захацелі, і ў той жа дзень іх абстралялі, — расказвае аднаклясьніца.
Яна кажа, што да апошняга ня верыла ў гібель Алены і яе сям’і, пакуль іх аднаклясьнік не расказаў, што выцягнуў яе з-пад завалаў і пахаваў.
Сусед Алены па доме Аляксандар Чвалун, які 9 сакавіка быў на лецішчы, кажа, што калі сталі раскопваць завалы, першымі знайшлі целы дзяцей Алены і малых з іншай сям’і, якія таксама загінулі ў гэтым падвале.
— Калі раскопвалі, даставалі мёртвых людзей, а я іх знаю, мяне клікалі іх апазнаць. Я быў на мяжы зрыву, — кажа мужчына.
У доме № 2 на вуліцы Першамайскай ацалелі два крайнія пад’езды, іншыя разбураныя дашчэнту. На ўвесь дом заставалася адна жыхарка. Усе кватэры — бяз вокнаў і дзьвярэй, не разбураныя выбухамі разрабавалі бураты і вайскоўцы самаабвешчаных рэспублік Данбасу.
— Мы іх называлі «лугандосы». Гэта марадэры з марадэраў, інакш не скажу. Яны залазілі ў кватэры, з вокнаў выкідалі дываны, коўдры, падушкі, — расказвае Аляксандар. Паводле яго, бураты часта напіваліся і таксама марадэрылі.
У доме загінулі ня толькі тры пакаленьні сям’і Алены Сталпаковай, але і іншыя сем’і зь дзецьмі, расказвае іх суседка Тацяна, маці якой таксама хавалася ў тым падвале ад бомбаў і загінула.
— Была сям’я Краўчанак, іх загінула сямёра, Вольга і Віталь былі маладымі бацькамі, яны з траімі дзецьмі загінулі. Іх маці, бабуля таксама загінулі. Яны ўсе загінулі разам з маёй мамай. Мы ня ведаем дакладна, але каля 50 чалавек тады загінулі, — кажа Тацяна.
Мэр Ізюму Валерый Марчанка 18 верасьня сказаў, што эксгумацыя целаў са стыхійных могілак у Ізюме, дзе былі пахаваны Алена і яе родныя, працягнецца каля двух тыдняў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.