Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалец Аб’яднанага пераходнага кабінэту Сахашчык прызнаў, што мае расейскае грамадзянства


 Валер Сахашчык
Валер Сахашчык

Палітык пацьвердзіў гэты факт шэрагу СМІ.

Фатаздымкі з расейскім пашпартам на імя Валера Сахашчыка прыйшлі ў рэдакцыйную пошту Свабоды 13 верасьня. Свабода адразу скантактавалася з крыніцай з атачэньня Сахашчыка, якая пацьвердзіла, што прадстаўнік Кабінэту сапраўды мае расейскае грамадзянства.

Першапачаткова гэтая асоба з атачэньня Сахашчыка, зь якой Свабода і раней кантактавала як з надзейнай крыніцай, набліжанай да палітыка, была няслушна пазначаная ў навіне як сам палітык.

«Гэта ня фэйк, — расказала Свабодзе згаданая асоба. — Атрымаў грамадзянства аўтаматам у 1992 годзе. Давалі ўсім, хто быў тады ў ГДР. Пашпартам ніколі не карыстаўся».

Па словах крыніцы, пашпарт захоўваўся ў доме Сахашчыка ў Берасьці. Мяркуецца, што дакумэнт забралі падчас ператрусу. Крыніца з атачэньня Сахашчыка дадала, што пасьля 1992 году ён ніколі не зьвяртаўся па прадаўжэньне расейскага грамадзянства, новы пашпарт яму дасылалі па пошце. Пазьней гэтая асоба скантактавалася з рэдакцыяй і патлумачыла, што словы пра пошту прагучалі вобразна.

Паводле фатаздымкаў дакумэнту, які атрымала рэдакцыя Свабоды, ён выдадзены ў 2012 годзе ў Калінінградзе. Там жа пазначаны адрас рэгістрацыі ўладальніка дакумэнта.

Пазьней у камэнтары для «Нашай Нівы» Валер Сахашчык патлумачыў:

«У Расеі я даўно ня быў і ніякіх справаў там не вяду. Жыву я са сваім беларускім пашпартам».

Валеры Сахашчык стаў першым «вайсковым міністрам» у пераходным кабінэце, пра які 9 жніўня абвясьціла Сьвятлана Ціханоўская. Яго афіцыйная пасада называецца «прадстаўнік кабінэту па абароне і нацыянальнай бясьпецы».

Хто такі Валер Сахашчык

  • Валер Сахашчык нарадзіўся 13 жніўня 1964 году ў вёсцы Гошава Дарагічынскага раёну.
  • Пасьля заканчэньня школы паступіў у Маскоўскую вышэйшую агульнавайсковую камандную вучэльню. Там трапіў у спартовы ўзвод. Пазьней па разьмеркаваньні Сахашчык трапіў у Забайкальскую вайсковую акругу, у Чыту. Потым — у дэсантную роту, якая базавалася ў ГДР. У Нямеччыне Сахашчык праслужыў пяць гадоў.
  • У Берасьце Сахашчык прыехаў у 1992 годзе, пачаў служыць у 38-й Берасьцейскай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе. Быў камандзірам батальёну.
  • У 1999 годзе Сахашчык узначаліў брыгаду. Менавіта ён распрацаваў сыстэму выпрабаваньняў «Чорны арол». Вайсковец, які здаваў гэтыя тэсты, атрымліваў права насіць адмысловы знак. Сахашчык быў першым яго ўладальнікам.
  • У 2002 годзе падпалкоўнік пакінуў брыгаду, як сам ён кажа, у выніку інтрыг і рэарганізацыі структураў Міністэрства абароны.
  • Пасьля звальненьня Сахашчык заняўся бізнэсам. Мае буйную будаўнічую фірму, зарэгістраваную ў польскім Жырардаве. У кампаніі працуюць звыш 800 чалавек.
  • У 2020 годзе Валер Сахашчык браў удзел у пратэстах у Берасьці.
  • Калі пачалася вайна ва Ўкраіне, Сахашчык выступіў з рэзкім зваротам да беларускіх сілавікоў, каб тыя ня бралі ўдзелу ў баявых дзеяньнях.
  • Ад пачатку вайны Сахашчык некалькі разоў выяжджаў ва Ўкраіну, куды вазіў гуманітарную дапамогу, а таксама кансультаваў некаторых беларускіх і ўкраінскіх вайскоўцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG