Выданьне «Наша Ніва» паведаміла, што «міністар абароны» ў кабінэце Сьвятланы Ціханоўскай Валер Сахашчык ня так даўно самлеў за стырном аўто, а аварыю прадухіліў ягоны сын.
«Наша Ніва» піша, што Сахашчык можа прайсьці праверку ў славутай клініцы «Шарытэ» ў Бэрліне, дзе лячыўся зьняволены цяпер лідэр расейскай апазыцыі Аляксей Навальны.
Паводле інфармацыі Свабоды, гэтыя зьвесткі блізкія да праўды. Сахашчык сапраўды адчуў слабасьць. На гэты момант зь ім усё добра, жыцьцю нічога не пагражае. Валера Сахашчыка не шпіталізавалі, ён праходзіць мэдычны агляд.
Паплечнікі сапраўды не выключаюць вэрсію з атручэньнем, але патрэбна больш зьвестак, каб яе пацьвердзіць. Праблемы са здароўем маглі ўзьнікнуць і празь вялікую загружанасьць апошніх тыдняў.
На канфэрэнцыі «Новай Беларусі» 9–10 жніўня Валер Сахашчык быў абраны прадстаўніком кабінэта Сьвятланы Ціханоўскай па абароне і нацыянальнай бясьпецы. У мінулым ён быў камандзірам 38-й дэсантна-штурмавой брыгады ў Берасьці.
Хто такі Валер Сахашчык
- Валер Сахашчык нарадзіўся 13 жніўня 1964 году ў вёсцы Гошава Дарагічынскага раёну.
- Пасьля заканчэньня школы паступіў у Маскоўскую вышэйшую агульнавайсковую камандную вучэльню. Там трапіў у спартовы ўзвод. Пазьней па разьмеркаваньні Сахашчык трапіў у Забайкальскую вайсковую акругу, у Чыту. Потым — у дэсантную роту, якая базавалася ў ГДР. У Нямеччыне Сахашчык праслужыў пяць гадоў.
- У Берасьце Сахашчык прыехаў у 1992 годзе, пачаў служыць у 38-й Берасьцейскай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе. Быў камандзірам батальёну.
- У 1999 годзе Сахашчык узначаліў брыгаду. Менавіта ён распрацаваў сыстэму выпрабаваньняў «Чорны арол». Вайсковец, які здаваў гэтыя тэсты, атрымліваў права насіць адмысловы знак. Сахашчык быў першым яго ўладальнікам.
- У 2002 годзе падпалкоўнік пакінуў брыгаду, як сам ён кажа, у выніку інтрыг і рэарганізацыі структураў Міністэрства абароны.
- Пасьля звальненьня Сахашчык заняўся бізнэсам. Мае буйную будаўнічую фірму, зарэгістраваную ў польскім Жырардаве. У кампаніі працуюць звыш 800 чалавек.
- У 2020 годзе Валер Сахашчык браў удзел у пратэстах у Берасьці.
- Калі пачалася вайна ва Ўкраіне, Сахашчык выступіў з рэзкім зваротам да беларускіх сілавікоў, каб тыя ня бралі ўдзелу ў баявых дзеяньнях.
- Ад пачатку вайны Сахашчык некалькі разоў выяжджаў ва Ўкраіну, куды вазіў гуманітарную дапамогу, а таксама кансультаваў некаторых беларускіх і ўкраінскіх вайскоўцаў.