Беларускае грамадзтва хоча дыстанцыявацца ад вайны ва Ўкраіне — расьце запыт на выказваньне Беларусьсю нэўтралітэту ў гэтым канфлікце. Палова апытаных станоўча паставіліся б да рашэньня беларускіх салдат, якія адмовіліся б ваяваць ва Ўкраіне, вынікае з жнівеньскага апытаньня аналітычнага цэнтру Chatham House.
Апытаньне праводзілася з 4 па 17 жніўня з дапамогай апытваньня карыстальнікаў інтэрнэту (CAWI), у ім узялі ўдзел 793 чалавекі. Паводле Chatham House, выбарка адпавядае структуры гарадзкога насельніцтва, статыстычная хібнасьць выбаркі не перавышае 3,5%.
«Нягледзячы на тое, што выбарка была ўзважаная, каб дакладна адлюстраваць структуру беларускага грамадзтва, ёсьць імавернасьць, што падтрымка Лукашэнкі і яго палітыкі можа быць крыху вышэйшай, чым адлюстравана ў апытаньні, бо прыхільнікі Лукашэнкі часта менш сацыяльна і эканамічна актыўныя, чым яго праціўнікі», — адзначаюць аўтары дасьледаваньня.
Таксама, паводле іх, на вынікі апытаньня маглі паўплываць асьцярогі рэспандэнтаў.
Апытаньне паказала, што 35% апытаных, як і раней, адназначна не падтрымліваюць ваенных дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне. Тых, хто «пэўна падтрымлівае» такія дзеяньні, аказалася 18% (паводле вынікаў чэрвеньскага апытаньня, іх было 14%). З улікам адказаў «хутчэй падтрымліваю» і «хутчэй не падтрымліваю» агулам праціўнікаў вайны атрымалася 45% (на 2% больш у параўнаньні з чэрвеньскім апытаньнем), а прыхільнікаў — 30% (на 3% менш).
Ад вайны чакаюць нэгатыўных наступстваў як для Беларусі ў цэлым, так і для сябе асабіста больш за палову апытаных. Пры гэтым стала больш тых, хто імкнецца пазьбягаць адказу на гэтае пытаньне, адзначаюць аналітыкі.
Апытаныя ў жніўні гараджане лічаць, што Беларусь павінна была падтрымаць дзеяньні Расеі ва Ўкраіне ў пачатку вайны, пры гэтым не ўступаючы непасрэдна ў канфлікт: калі ў сакавіку такіх было 28%, то ў жніўні — 22%. Больш стала тых, хто хацеў бы, каб Беларусь першапачаткова заняла нэўтральную пазыцыю (27% у жніўні супраць 25% у сакавіку і 23% у чэрвені). Пры гэтым у жніўні стала больш як тых, хто лічыць, што цяпер Беларусі лепш падтрымліваць дзеяньні Расеі (25%), так і тых, хто выступае за нэўтралітэт (28%). Кожны восьмы ўдзельнік апытаньня хацеў бы, каб Беларусь з самага пачатку асудзіла дзеяньні Расеі.
У жніўні стала крыху больш тых, хто лічыць, што расейскія войскі адназначна пасьпяхова спраўляюцца з пастаўленымі задачамі (15% у жніўні супраць 12% у чэрвені), і менш тых, хто з гэтым катэгарычна ня згодны (18% у жніўні супраць 21% у чэрвені).
У той жа час нязначна зьнізілася колькасьць тых, хто называе пэўна пасьпяховымі дзеяньні ўкраінскай арміі (з 8% у чэрвені да 7% у жніўні), і вырасла колькасьць тых, хто лічыць дзеяньні ўкраінцаў пэўна непасьпяховымі (з 21 да 23%). Варта адзначыць, што апытаньне праводзілася да таго, як украінскі бок пачаў паведамляць пра контранаступ.
42% апытаных цалкам або часткова пагадзіліся з тым, што вайна ва Ўкраіне ня мае сэнсу. Супрацьлеглай думкі прытрымліваюцца 32% рэспандэнтаў.
Як і раней, каля 40% гарадзкіх жыхароў лічаць, што расейскія войскі ва Ўкраіне не ўжываюць зброі супраць мірных грамадзян.
Што да заходніх санкцый супраць Беларусі, у апытаных стала больш пэсымізму — 60% цалкам або часткова не пагадзіліся са сьцьвярджэньнем, што абмежаваньні «не закрануць простых людзей» (у чэрвені так лічылі 53% апытаных).
Аўтары дасьледаваньня адзначаюць, што беларусы, як і раней, лічаць, што беларускія вайскоўцы ня будуць браць паўнавартасны ўдзел у вайне супраць Украіны. Тых, хто верыць у магчымы ўдзел беларускага войска ў ваенных дзеяньнях, стала менш: 18% у жніўні супраць 23% у красавіку. Толькі адзін зь пяці апытаных лічыць, што ў выпадку такога загаду войскі добрасумленна яго выканаюць.
49% апытаных апытаных станоўча паставіліся б да рашэньня беларускіх салдатаў, якія адмовіліся б ваяваць ва Ўкраіне, 26% апытаных паставіліся б да гэтага адмоўна і «хутчэй адмоўна».
Апытаныя беларускія гараджане працягваюць выступаць супраць пастаяннай дысьлякацыі войскаў РФ на тэрыторыі Беларусі і разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай ядзернай зброі, падкрэсьліваюць аўтары апытаньня (43%).
Стаўленьне беларусаў да Ўкраіны і Расеі застаецца прыкладна на аднолькавым узроўні з пачатку вайны. Адносіны да Літвы і Польшчы палепшыліся на 10 працэнтных пунктаў, да 66% і 65% адпаведна. У параўнаньні з пачаткам лета беларусы сталі лепш ставіцца да ЗША (51%), Эўразьвязу (66%), Кітаю (78%).
За апошнія паўгода крыху вырасла колькасьць тых, хто выступае за адначасовы саюз з Расеяй і ЭЗ (з 25% у чэрвені да 27% у жніўні), і зьнізілася колькасьць праціўнікаў любых саюзаў (з 21% да 19%). Колькасьць прыхільнікаў саюзу з ЭЗ (17%) і тых, хто аддае перавагу саюзу з Расеяй (37%) застаецца прыкладна аднолькавай.