Ён не назваў канкрэтных населеных пунктаў, адзначыўшы, што «цяпер яшчэ ня час», толькі выказаў словы падзякі 25-й паветрана-дэсантнай брыгадзе, 92-й асобнай мэханізаванай брыгадзе і 80-й дэсантна-штурмовай брыгадзе.
ISW: Украінцы прасунуліся на 20 км на ўсходзе Харкаўскай вобласьці
Тым часам экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) заяўляюць, што ўкраінскія вайскоўцы, скарыстаўшыся перадысьлякацыяй расейскіх сіл, 7 верасьня правялі эфэктыўны кантранаступ на паўночны захад ад Ізюму, прасунуліся як мінімум на 20 кілямэтраў на кантраляваную Расеяй тэрыторыю на ўсходзе Харкаўскай вобласьці, у раёне Балаклеі, адваяваўшы каля 400 квадратных кіламэтраў тэрыторыі.
Апэрацыі Ўзброеных сіл Украіны ў Херсонскай вобласьці прымусілі расейскія войскі засяродзіцца на поўдні, што дазволіла ўкраінскім сілам пачаць лякальныя, але вельмі эфэктыўныя контратакі ў раёне Ізюму, адзначае ISW. Украінскія сілы, верагодна, разумна скарысталіся пераразьмеркаваньнем расейскіх войскаў, тэхнікі і агульнай апэратыўнай канцэнтрацыі, каб пачаць лякалізаваныя контранаступы на крытычныя пункты ў Харкаўскай вобласьці.
Акрамя таго, ISW са спасылкай на ўкраінскія і расейскія крыніцы паведамляе аб актыўнасьці ўздоўж двух асноўных кірункаў у Херсонскай вобласьці 7 верасьня: на поўначы Херсонскай вобласьці на поўдзень ад мяжы з Днепрапятроўскай вобласьцю і на захадзе Херсонскай вобласьці ўздоўж мяжы зь Мікалаеўскай вобласьцю.
Тым часам расейскія войскі ўчынілі наземныя атакі на поўнач ад Харкава, на паўночны захад ад Славянску, на паўночны ўсход ад Северску, на поўдзень і паўночны ўсход ад Бахмуту і на паўночны захад ад горада Данецку.
Пэнтагон бачыць «павольны, але значны» прагрэс Украіны на полі бою
«Гэта толькі пачатак. Я думаю, што ўкраінцы дабіваюцца павольнага, але значнага прагрэсу. Паглядзім, як усё складзецца», — сказаў намесьнік міністра абароны ЗША ў пытанньях палітыкі Колін Каль на сустрэчы, арганізаванай выданьнем Defense News.
«Але я думаю, што зараз справы на поўдні ідуць, вядома, лепш ва ўкраінскага боку, чым у расейскага», — дадаў ён.
Брытанская выведка: украінцы працягваюць наступ у Херсонскай вобласьці
У Херсонскай вобласьці ўкраінскія брыгады працягваюць весьці наступальныя дзеяньні, паведамляе Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі са спасылкай на дадзеныя брытанскай выведкі.
Украіна, падобна, зьнішчыла вайсковы пантонны мост у Дараўцы, які расейскія войскі разгарнулі пасьля таго, як быў сур’ёзна пашкоджаны аўтамабільны мост побач, гаворыцца ў паведамленьні. Мост у Дараўцы — адзін з асноўных шляхоў паміж паўночным і паўднёвым сэктарамі вайсковай прысутнасьці Расеі ўздоўж Дняпра.
Паводле брытанскай выведкі, сыстэматычныя прыцэльныя ўдары Ўкраіны па ўразьлівых пунктах перасячэньня мяжы, пэўна, працягваюць аказваць ціск на расейскія сілы, якія спрабуюць стрымаць украінскія атакі: гэта запавольвае іх здольнасьць разгортваць апэратыўныя рэзэрвы і папаўняць запасы тэхнікі з усходу.
Францускі генэрал: Украіна можа вызваліць Херсон да зімы
Былы кіраўнік вайсковай місіі Францыі пры ААН генэрал Дамінік Трынкван лічыць, што контранаступ Украіны на поўдні разгортваецца пасьпяхова і, калі не адбудзецца нечаканых паваротаў, украінскія сілы ўжо да кастрычніка могуць дэакупаваць Херсон.
Як паведамляе «Европейская правда», такую заяву Трынкван зрабіў у інтэрвію тэлеканалу France 24.
Францускі генэрал адзначыў, што Ўкраіна мэтадычна рыхтавалася да контрнаступу, што можна ўбачыць зь яе папярэдніх дзеяньняў: зьнішчэньне складоў і камандных пунктаў расейскіх войскаў з дапамогай дальнабойнай зброі, а таксама дзейнасьці партызанскага руху.
«Расейцы, здаецца, зьдзіўленыя выкарыстанымі мэтадамі. Разбурэньне складоў боепрыпасаў і лягістычных пунктаў, перш за ўсё чыгункі, істотна іх пахіснула. Цяпер, калі войскі, разьмешчаныя на захад ад Дняпра, ня будуць атрымліваць снарадаў, яны ня змогуць абараняцца», — адзначае Трынкван.
Ён таксама лічыць, што многія расейскія салдаты аддаюць перавагу ўцёкам з поля бою, а не супраціву, паколькі некаторыя зь іх «знаходзяцца на полі бою 4-5 месяцаў, не былі замененыя і, напэўна, знаходзяцца ў дрэннай форме». Паводле яго, «цяпер у расейцаў вялікая праблема з чалавечымі рэсурсамі».
На думку Трынквана, «да зімы ўкраінцы могуць узяць пад кантроль увесь правы бераг Дняпра, уключна з горадам Херсонам»: «Ня будзем забываць, што горад хутка быў захоплены ў выніку раптоўнага нападу ў пачатку сакавіка, але насельніцтва агулам не ў захапленьні ад расейскай акупацыі».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.