Пётра Рудкоўскі між іншага заяўляе, што некаторыя прапагандысты нават для людзей унутры рэжыму становяцца пэўным раздражняльнікам і перашкодай, і падкрэсьлівае, што рэжым дае выразны пасыл: «Ня думайце, што надыходзіць нейкая адліга».
Сьцісла:
- Улады разьлічваюць, што амністыя — гэта першы крок, які дасьць, магчыма, у будучыні нейкія шанцы на кулюарныя перамовы з Захадам.
- Некаторыя прапагандысты нават для людзей унутры рэжыму становяцца пэўным раздражняльнікам і перашкодай.
- Лукашэнка хоча паказаць грамадзтву і Захаду, што «калі мяне не стане на чале краіны, то больш жорсткія ястрабы прыйдуць да ўлады».
- Выгрызаць сваіх адданых кадраў, ляялістаў — гэтага сыстэма ня можа сабе дазволіць.
- Рэжым гатовы ісьці на тыя саступкі, якія будуць ацэненыя на Захадзе, але не жадае паказваць сваю слабасьць унутры краіны.
— Улады заявілі пра амністыю да 17 верасьня, пад якую, магчыма, падпадуць і «палітычныя». Што можа азначаць гэты ход, каму і што хоча гэтым давесьці Лукашэнка?
— Пабачым, колькі сапраўды будзе вызвалена менавіта палітычных зьняволеных. Бо гэта можа быць і 20 працэнтаў ад усёй колькасьці, а можа быць і 80 працэнтаў — я не выключаю ніводнага варыянту. Вядома, менш за ўсё можна чакаць, што гэта будзе 100 працэнтаў, што вызваляць усіх палітзьняволеных.
Тут можна прывесьці некалькі чыньнікаў. Па-першае, сур’ёзнае пагаршэньне эканамічнай сытуацыі. Эканоміка ўжо ўпала на 5 працэнтаў, да канца году гэтая лічба можа стаць яшчэ большай, нават паводле прагнозаў Эўразійскага банку разьвіцьця.
Па-другое, унутры грамадзтва праз рэпрэсіі ўсталёўваецца нізкая матывацыя працаваць, адток прафэсіяналаў, эміграцыя, зьніжаецца падатковая база. Таму пэўны сыгнал, на думку ўлады, павінен ствараць спадзяваньне, што ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве ўдасца неяк перазагрузіць «сацыяльны кантракт».
Іншы момант, практычна-адміністрацыйны. Гэта перагрузка пэнітацыярнай сыстэмы і завялікая нагрузка на праваахоўнікаў. Ужо раней Лукашэнка сыгналізаваў, што праз палітычныя справы больш традыцыйныя для праваахоўных органаў рэчы пачынаюць занядбоўвацца.
Яшчэ адно — астудзіць запал «ястрабаў» у прапагандысцкай і ва ўласна сілавой сфэры. Сымптомы таго, што для ўлады ёсьць праблемы з гэтым, зьявіліся ў артыкуле былога кіраўніка СТВ Казакова, дзе ён даволі далікатна намякаў, што некаторыя прапагандысты нават для людзей унутры рэжыму становяцца пэўным раздражняльнікам і перашкодай.
— Усе зьвярнулі ўвагу на словы Генэральнага пракурора Шведа, якія заявіў, што амністыі палітычных адбудзецца «нягледзячы на прынцыповую пазыцыю Генэральнай пракуратуры». Гэта яны так гуляюць у добрага і кепскага сьледчага? Ці сілавікі сталі ўжо настолькі ўплывовымі, што могуць дазваляць сабе такія камэнтары?
— Так, гэта быў цікавы момант, я тут адной інтэрпрэтацыі ня маю. Хаця, вядома, больш падобна на вашу першую вэрсію — разыгрываньне добрага і кепскага паліцыянта. Лукашэнка хоча паказаць грамадзтву і Захаду: «Глядзіце, я не такі крыважэрны. Калі мяне ня стане на чале краіны, то яшчэ больш жорсткія ястрабы прыйдуць да ўлады».
Мяркую, Шведу наўрад ці было б дазволена палемізаваць з асноўным кірункам, зададзеным Лукашэнкам. Раней здараліся эпізоды, калі ў прыватных выпадках асобнымі прадстаўнікамі намэнклятуры, напрыклад Ярмошынай, праяўлялася пэўная нязгода, але ў нейкіх бяскрыўдных справах. Але не ў такой, вельмі палітычнай і нэрвовай тэме.
— Можа, Лукашэнка адчуў, што хунвэйбіны-прапагандысты і сілавікі зашмат узялі на сябе ўвагі і паўнамоцтваў, і пабойваецца, што яны могуць палічыць сябе гаспадарамі краіны. Але ж ім давалі мэдалі, граматы — як усё павярнуць назад? Ня думаю, што Лукашэнка, як Сталін у 1930-м, можа напісаць «Головокружение от успехов» і заявіць пра перагібы на месцах.
— Так, я ня бачу такога працягу. Вядома, ёсьць сымптомы сталінізацыі сыстэмы. Але выгрызаць сваіх адданых кадраў, ляялістаў — гэтага сыстэма ня можа сабе дазволіць. Сталінская сыстэма існавала ў вялізнай краіне, дзе былі большыя магчымасьці папаўняць рэзэрвы, у Беларусі гэта няма. Ды і мэнтальнасьць беларускіх сілавікоў і чыноўнікаў усё ж іншая.
— Некаторыя камэнтатары крытыкуюць «эканамічны» аргумэнт, якім тлумачыцца неабходнасьць амністыі. Бо ў выніку амністыі, відавочна, на волю ня выйдуць самыя вядомыя палітзьняволеныя і Захад ня здыме санкцый.
— Так, Захад ня зьменіць свайго стаўленьня, і думаю, што рэжыму гэта зразумела, наконт гэтага Лукашэнка ня мае ілюзіяў. Але справа не ідзе пра тое, як перажыць наступныя 3-5-10 месяцаў. Пытаньне ў больш доўгатэрміновай пэрспэктыве. Бо надыдзе час пэўных палітычных пераменаў, ініцыяваных самім рэжымам. Да 1 сакавіка павінен быць прыняты закон пра «ўсебеларускі народны сход» (УНС), пазьней дзясяткі заканадаўчых актаў трэба будзе пераглядаць, перапісваць, потым мясцовыя і парлямэнцкія выбары. А там не за гарамі ўжо і прэзыдэнцкія выбары, хаця Лукашэнка нядаўна прызнаўся, што асьцерагаецца гэтага моманту, маўляў, дарма ня ўнесьлі ў Канстытуцыю магчымасьць выбіраць прэзыдэнта на УНС.
Таму ўсё гэта робіцца з прыцэлам на наступныя гады. Яны разьлічваюць, што гэта першы крок, які дасьць, магчыма, у будучыні нейкія шанцы на кулюарныя перамовы з Захадам. Рэжым хоча перажыць гэтую эканамічную рэцэсію, якая толькі сёлета складзе 6-8 працэнтаў падзеньня. Але калі эканамічная сытуацыя будзе і надалей пагаршацца, то гэта вельмі сур’ёзна. Хто-хто, а Лукашэнка гэта разумее, ён сам прыйшоў на ўлады на хвалі незадавальненьня сацыяльна-эканамічнай сытуацыяй. І ён ведае, як лёгка гэтым можна скарыстацца.
— Аб’яўленая амністыя будзе адбывацца на фоне працягу рэпрэсій, якія не зьмяншаюць сваіх маштабаў. Ці не назіраецца ў гэтым пэўная супярэчнасьць? Тым больш што рэпрэсіі закранаюць нярэдка ня тых, хто зараз робіць нешта антыўладнае, а тых, хто выходзіў у 2020 годзе. Можа, рэжыму лягічней было б прыпыніць, прыглушыць маштаб рэпрэсіяў?
— Бачна, што рэжым шле двайны пасыл. Адзін — мы, маўляў, прыслухоўваемся да грамадзтва. Але адначасова — «ня думайце, што ідзе нейкая адліга». Нават калі гаворка ідзе пра амністыю, то рэжым вельмі дбае пра тое, каб гэта не ўспрымалася як нейкае аслабленьне. На жаль, я прагназую, што рэпрэсіі будуць працягвацца ў той ці іншай форме.
— Вы згадалі прэзыдэнцкія выбары і словы Лукашэнкі, шкада, маўляў, што ня ўнесьлі ў Канстытуцыю варыянт выбараў прэзыдэнта на «ўсебеларускім сходзе». Ці гэта проста праверка рэакцыі, ці ён сапраўды сасьпеў да таго, каб нават юрыдычна пакончыць з усімі гэтымі фармальна дэмакратычнымі працэдурамі?
— Выглядае, што гэта проста такая экспрэсія Лукашэнкі, чалавека, які вельмі часта прагаворвае свае ўнутраныя адчуваньні і жаданьні, ён ніколі ня стрымліваў сябе ў гэтым. Бо, каб гэта ўсё зьмяніць, трэба ўнесьці зьмены ў Канстытуцыю, якую нядаўна прынялі. Гэта вельмі клопатная рэч, якая да таго ж будзе вельмі спэцыфічна ўспрымацца ў грамадзтве і намэнклятуры.
— Акрамя амністыі, аб’яўлена і ідэя пазбаўленьня грамадзянства «ворагаў дзяржавы», «беглых». Як гэта можна ажыцьцявіць, калі Канстытуцыя забараняе пазбаўляць грамадзянства?
— Шмат што абвяшчаецца на ўзроўні запалохваньня. Гэта як расейская прапаганда ўвесь час намякае то на ядзерную зброю, то на іншыя страшэнныя наступствы. Я не выключаю, што адзінкавыя спробы пазбавіць грамадзянства будуць, але ня думаю, што масава. Выйсьці з рамак закону ў такім пункце будзе надзвычай сур’ёзным перагібам. Асабліва ў міжнародным пляне, калі рэжым разьлічвае ў пэрспэктыве дабіцца нейкага скасаваньня санкцыяў.
Такая рыторыка (пра пазбаўленьне грамадзянства) дапамагае маскаваць паслабленьне і саступкі, зьвязаныя з амністыяй. Рэжым гатовы ісьці на тыя саступкі, якія будуць ацэненыя на Захадзе, але не жадае паказваць сваю слабасьць унутры краіны.