Іван Непаратаў, які адбываў 25 гадоў за забойства, разбой, выкраданьні, вымагальніцтва і іншыя злачынствы і вызваліўся з расейскай калёніі падчас вайны ва Ўкраіне, быў пасьмяротна ўзнагароджаны Ўладзімірам Пуціным мэдалём «За адвагу». Пра гэта паведамляе Gulagu.net.
Як сьцьвярджае выданьне The Insider, Непаратаў заключыў кантракт з «ЧВК Вагнера» і пасьля 12 гадоў у калёніі адправіўся ваяваць на ўсход Украіны. Яму заставалася яшчэ палова тэрміна зьняволеньня. Загінуў расеец, згодна з даведкай аб сьмерці, 5 жніўня ў раёне Бахмуту Данецкай вобласьці ад «агнястрэльнага выбуховага асколачнага пранікальнага скразнога раненьня галавы».
16 жніўня Ўладзімір Пуцін пасьмяротна ўзнагародзіў Непаратава «за мужнасьць і гераізм, праяўленыя падчас выкананьня задач спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», вынікае з апублікаваных Gulagu.net і The Insider дакумэнтаў. Акрамя мэдаля, загінулы атрымаў ордэн Мужнасьці, які ўручаецца амаль усім расейскім вайскоўцам, якія загінулі пры выкананьні службовага абавязку.
Іван Непаратаў, паводле прысуду, быў верхаводам групоўкі з падмаскоўнага Сергіева Пасаду. Паводле сьледзтва, у 2009-2010 гадах ён, разам з саўдзельнікамі, забіў пяць чалавек. Яго таксама абвінавацілі ў незаконным захоўваньні зброі, вымагальніцтве і махлярстве.
Паводле падлікаў выданьня «Вёрстка» і фонду «Русь сидящая», да сярэдзіны жніўня прадстаўнікі «ЧВК Вагнера» пабывалі ў 21 расейскай калёніі ў 13 рэгіёнах Расеі. Вярбоўнікі прапаноўвалі зьняволеным уступіць у шэрагі наймітаў і адправіцца ваяваць ва Ўкраіну. За гэта яны абяцалі штомесячную зарплату 200 тысяч расейскіх рублёў (каля 3,300 даляраў) і памілаваньне праз паўгоду.