Сьцісла:
- Ідэалягічны канструкт «усенароднаабраны», вобраз «народнага прэзыдэнта» ляжаў у аснове ўсёй ідэалягемы лукашэнкаўскага рэжыму цэлыя чвэрць стагодзьдзя.
- Мы назіраем фінал эвалюцыі беларускага аўтарытарнага рэжыму.
- Лукашэнка не наважыўся адмовіцца ад выбараў прэзыдэнта падчас рэфэрэндуму, бо ня здолеў пераступіць псыхалягічны парог, прызнаць, што ён больш не народны кумір.
- Ён паабяцаў пры неабходнасьці вярнуцца да пытаньня выбараў прэзыдэнта Ўсебеларускім народным сходам.
Sic transit gloria mundi. Што ў перакладзе з лацінскай азначае: «Так мінае слава сьвету». А як прыгожа ўсё пачыналася. Столькі гадоў Лукашэнка ганарыўся, што яго выбраў народ. Любіў апавядаць, як нават хворыя людзі, якія даўно не ўставалі з ложка, раптам падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году падымаліся і ішлі галасаваць, бо ўбачылі нарэшце свайго кандыдата. Ідэалягічны канструкт «усенароднаабраны», вобраз «народнага прэзыдэнта» ляжаў у аснове ўсёй ідэалягемы ягонага рэжыму цэлыя чвэрць стагодзьдзя. Апэлюючы да мандату народу, Лукашэнка фармаваў аўтарытарны рэжым, ігнаруючы ці нэўтралізуючы іншыя дзяржаўныя інстытуты, парушаў законы, перарабляў дзяржаўны лад пад сябе, пад свае патрэбы. Бо ён жа выконвае волю народу. У ягоных развагах фармаваўся культ гэтага самага «простага народу», які ніколі ня здрадзіць свайму прэзыдэнту.
І куды ўсё гэта падзелася?
На нарадзе 30 жніўня Лукашэнка раптам заявіў: «Я ўсё больш прыходжу да таго, ад чаго адышоў у момант прыняцьця Канстытуцыі… Мы дарэмна не рызыкнулі прапанаваць людзям абіраць органы ўлады, асабліва прэзыдэнта, на Ўсебеларускім народным сходзе… І вось увесь зрэз грамадзтва прафэсійны, палітычны быў бы на Ўсебеларускім народным сходзе. Абралі прэзыдэнта. Паўнамоцтвамі любымі можам надзяліць… Сёньня адчуваю, што мы дарма не ішлі ад гэтага жыцьця. Перажылі б гэта. Але мы спакойна б працавалі. А парлямэнт абіралі б па акругах, як і абіралі. Але мы гэта ўжо ўпусьцілі. Гэта не катастрофа. Будзе неабходнасьць — мы да гэтага вернемся». Ён адзначыў, што выбары прэзыдэнта ў той ці іншай ступені разгойдваюць сытуацыю, і ў шэрагу краін існуе іншая сыстэма. Напрыклад, у Кітаі, дзе кіраўнік краіны абіраецца на Ўсекітайскім сходзе народных прадстаўнікоў.
Такім чынам, мы назіраем фінал эвалюцыі беларускага аўтарытарнага рэжыму. Пачынаў як папулісцкі, плебісцытарны, з апорай на народ. А заканчвае тым, што хоча адкінуць выбары і абапірацца выключна на дзяржапарат, сілавыя структуры і гвалт. Ролю народу хочуць прапанаваць адмыслова абраным чыноўнікам пад назвай Усебеларускі народны сход. У якасьці прыкладу для перайманьня названы Кітай, дзе органы ўлады не выбіраюцца. Ставіцца пад пытаньне галоўная апора легітымнасьці — народнае волявыяўленьне.
І тлумачэньне прапановы адмяніць выбары проста чароўнае: каб не разгойдваць сытуацыю. 25 гадоў выбарчыя кампаніі не разгойдвалі сытуацыю, а цяпер раптам сталі разгойдваць. Калі цябе падтрымлівае 80%, то як тая сытуацыя можа разгайдацца?
Чаму ж Лукашэнка не наважыўся ўпісаць у Канстытуцыю артыкул пра выбары прэзыдэнта Ўсебеларускім народным сходам? Думаю, таму, што ня здолеў пераступіць псыхалягічны парог. Бо каб адмовіцца ад усенародных выбараў, трэба пераступіць праз самога сябе, праз вобраз «народнага прэзыдэнта», зь якім зжыўся, прызнацца перад сабой і перад публікай, што ты больш не народны кумір, што выбары сумленным чынам больш ня выйграць, што ўтрымліваеш уладу гвалтам, насуперак жаданьню насельніцтва. Бо ўсе беларусы ўбачаць: ты баісься выбараў! Пазбаўленьне ілюзій — цяжкая рэч.
Калі выбары адмяняюцца, то гэта дыктатура ўжо ня толькі па сутнасьці, але і па форме. І, мяркуючы па ўсім, Лукашэнка да гэтага маральна і псыхалягічна сасьпеў. Што ні кажы, а 2020 год пакінуў глыбокі сьлед у жыцьці Беларусі.
Толькі пакуль не зразумела, якія практычныя наступствы гэтых развагаў. Ва ўсялякім разе, Лукашэнка паабяцаў пры неабходнасьці вярнуцца да гэтага пытаньня.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.