Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Мікалая Лукашэнкі заснавала прыватную гімназію, даходы якой перавышаюць мільён даляраў — расьследаваньне


Ірына Абельская
Ірына Абельская

У 2020 годзе ў прэзыдэнцкім пасёлку Дразды адкрылася прыватная гімназія, дзе цяпер вучацца дзеці супрацоўнікаў кіраўніцтва спраў Лукашэнкі, сілавікоў, бізнэсоўцаў, але галоўнае — сям'і самога Лукашэнкі.

Беларускі расьсьледніцкі цэнтар (БРЦ) апублікаваў расьсьледаваньне пра тое, што гэтую элітную гімназію заснавала маці Мікалая Лукашэнкі Ірына Абельская.

Менавіта гэтую гімназію скончыў Мікалай Лукашэнка з залатым мэдалём сёлета. Аб’ект пабудаваў Міхаіл Гуцэрыеў. Ён падпаў пад санкцыі як «кашалёк» Лукашэнкі. І нягледзячы на тое, што кожны год гэты бізнэс, паводле падлікаў БРЦ, прыносіць больш за мільён даляраў, яго ўладальнікі атрымалі яшчэ ад беларускіх уладаў эксклюзіўныя ўмовы і прывілеі, якія дазваляюць ім траціць на ўтрыманьне гімназіі не свае, а бюджэтныя грошы.

Сям'я Лукашэнак для сваіх дзяцей выбрала ў Менску тры школы. Ня ўсе гэтыя ўстановы могуць пахваліцца ідэальным адукацыйным працэсам, затое кантынгент адпаведны: пераважна дзеці вядомых чыноўнікаў, сілавікоў і бізнэсоўцаў.

Як вынікае з дадзеных, здабытых «Кібэрпартызанамі», Ірына Абельская — маці пазашлюбнага сына Аляксандра Лукашэнкі Мікалая.

Пэрсанальныя дадзеныя Мікалая Лукашэнкі і Ірына Абельская, атрыманыя «Кібэрпартызанамі»
Пэрсанальныя дадзеныя Мікалая Лукашэнкі і Ірына Абельская, атрыманыя «Кібэрпартызанамі»

Яе Лукашэнка прызначыў сваёй асабістай лекаркай, а таксама галоўным доктарам лечкамісіі. Аднак у 2007 годзе, пасьля нараджэньня сына, Абельская трапіла ў няласку і страціла працу. Лукашэнка стаў часта зьяўляцца на афіцыйных прыёмах з малым сынам, але на пытаньні пра ягоную маці журналістам не адказваў.

Абельскую зноў заўважылі ў асяродзьдзі Лукашэнкі на інаўгурацыі ў 2015 годзе. Паводле інфармацыі «Кібэрпартызанаў», у траўні 2016 году Абельская была з Аляксандрам Лукашэнкам у Рыме. Лукашэнка тады афіцыйна наведваў Рым, каб сустрэцца з прэзыдэнтам Італіі Сэрджа Матарэля, а таксама наведаць у Ватыкане Папу Рымскага Францішка.

У 2019 годзе Абельская з Лукашэнкам-старэйшым наведала Вену, дзе кіраўнік Беларусі быў з афіцыйным візытам.

У 2019 годзе маці Мікалая Лукашэнкі, быўшы на дзяржаўнай службе (галоўным доктарам лечкамісіі), зарэгістравала кампанію «Гарызонты ведаў» для разьвіцьця агульнай сярэдняй адукацыі.

Тады ж у Драздах разгарнулася будоўля прыватнай элітнай школы, якую Міхаіл Гуцэрыеў паабяцаў збудаваць Аляксандру Лукашэнку. Гуцэрыеў жа атрымаў права на эксклюзіўную распрацоўку калійнага радовішча ў Любанскім раёне. За 2 гады ў будоўлю гімназіі і добраўпарадкаваньне тэрыторыі плошчай больш за 30 тысяч квадратных мэтраў расейскі мільярдэр плянаваў укласьці 12 мільёнаў даляраў.

Школа, якую назвалі Менскай міжнароднай гімназіяй, складаецца з двух чатырохпавярховых карпусоў. Будавала гімназію кампанія «СертусАвія», якая належыць кіпрскаму афшору «Блатбэрг Холдынгс Лімітэд», які зьвязваюць з Гуцэрыевым. Апэратарам навучальнай установы стала прыватная ўстанова адукацыі «Менская міжнародная гімназія», заснаваная Ірынай Абельскай.

Паводле зьвестак БРЦ, менавіта ў гэтую гімназію Абельская і перавяла свайго сына Мікалая Лукашэнку пасьля таго, як ён у неспакойным жніўні 2020-га забраў дакумэнты зь Ліцэю БДУ.

У Менскай міжнароднай гімназіі вучацца таксама тры дачкі Дзьмітрыя Лукашэнкі.

Плата за навучаньне ў гэтай гімназіі складае каля 3000 даляраў за год за аднаго вучня.

Дзяржава часткова пакрывае выдаткі гэтай прыватнай установы адукацыі. Паводле БРЦ, з 2020-га па 2022 год Менская міжнародная гімназія закупіла тэхніку для навучаньня — ноўтбукі, музычныя цэнтры, капіравальныя машыны — больш як на 100 тысяч даляраў. Гэтыя грошы былі выдзеленыя зь дзяржаўнага бюджэту.

Але ня толькі на тэхніку элітная прыватная гімназія бярэ грошы падаткаплатнікаў. Кампанія закупляла харчы для «залатой моладзі» за кошт рэспубліканскага бюджэту з фармулёўкай «для дзяцей з малазабясьпечаных і шматдзетных семʼяў і для іншых ільготнікаў».

Падрабязьней пра школы для «залатой моладзі» чытайце ў поўнай справаздачы БРЦ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG