Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталі вядомыя наступствы расейскага ракетнага ўдару па Ўкраіне з тэрыторыі Беларусі


На месцы расейскіх абстрэлаў. Славянск Данецкай вобласьці, жнівень 2022
На месцы расейскіх абстрэлаў. Славянск Данецкай вобласьці, жнівень 2022

Хроніка вайны ва Ўкраіне: удар па Сарнах з паветра Беларусі, абстрэл Энэргадара перад місіяй МАГАТЭ і атакі на Мікалаеў.

Пасьля невялікай паўзы расейскія войскі аднавілі геаграфію абстрэлаў на поўдні і ўсходзе Ўкраіны. У выходныя Расея з артылерыйскімі сыстэмамі «Град» і «Сьмерч» зноў выкарыстала штурмавую авіяцыю — на поўначы з паветранай прасторы Беларусі і ў Мікалаеўскай і Херсонскай абласьцях.

Замежная выведка сьцьвярджае, што за зрыў плянаў па захопе ўкраінскіх тэрыторый міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу нібыта адхілены ад апэратыўнага кіраўніцтва расейскімі Ўзброенымі сіламі.

Трэці абстрэл Сарнаў з пачатку вайны

Горад Сарны Ровенскай вобласьці вядомы тым, што тут на вайсковай базе ў траўні 1991 году, згодна з пагадненьнем паміж ЗША і СССР, зьнішчылі апошнюю пускавую ўстаноўку ракет сярэдняй далёкасьці «Піянэр».

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны горад абстрэльвалі тройчы, і кожны раз — з тэрыторыі Беларусі. 16 сакавіка абстралялі вайсковы аб’ект, 21 чэрвеня ад удару па цывільным аб’екце загінулі 4 і атрымалі раненьні 7 мясцовых жыхароў.

28 жніўня расейцы зноў атакавалі вайсковы аб’ект. Ад ударнай хвалі пацярпелі 30 будынкаў і цэнтральная раённая лякарня. Улады сьцьвярджаюць, што абышлося без ахвяр.

Папярэдне, расейскі самалёт Ту-22М пусьціў пяць крылатых ракет тыпу Х-22. Адну зь іх зьбілі ўкраінскія сродкі супрацьпаветранай абароны.

Улады Валынскай вобласьці не пацьвердзілі прылёту расейскіх ракет.

У Мікалаеве зноў абстралялі элеватар, а ў Харкаве — часовы будынак мэрыі

Расея працягвае актыўна выкарыстоўваць штурмавую авіяцыю ў Херсонскай вобласьці. У мінулыя суткі Расея тройчы атакавала пазыцыі ўкраінскага войска ў зоне апэратыўнага ўкраінскага камандаваньня «Поўдзень», але не змагла прасунуцца наперад.

Ад артылерыйскіх абстрэлаў у Мікалаеве загарэўся элеватар. Улады пераконваюць, што абышлося без людзкіх ахвяр.

Інтэнсіўна абстрэльваецца Харкаў. Мэр горада Ігар Церахаў паведаміў, што расейцы пацэлілі ў будынак, у якім часова разьмяшчалася мэрыя. Уначы горад атакавалі касэтнымі бомбамі. Улады высьвятляюць, ці ёсьць пацярпелыя.

Расея не спыняе абстрэлаў навакольных раёнаў Харкава, Запароскай вобласьці, Нікапальскага раёну Днепрапятроўскай вобласьці, а таксама Данецкай і Луганскай.

Расея спрабуе сарваць місію МАГАТЭ?

Мэр горада Энэргадар Дзьмітро Арлоў заявіў, што расейскія войскі ўвечар пачалі актыўна абстрэльваць Нікапаль і Марганец, каб справакаваць удары ўкраінцаў па Запароскай АЭС.

Увечары 28 жніўня сапраўды адбылося некалькі выбухаў у жылых раёнах Энэргадара. Абодва бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў нападзе. Паводле ўкраінскага мэра горада, дакладна вядома аб 10 мясцовых жыхарах, якія атрымалі шматлікія раненьні рознай цяжкасьці, двое зь іх шпіталізаваныя ў вельмі цяжкім стане.

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што цяпер Расея рэалізуе так званую «іранскую» стратэгію, каб адтэрмінаваць прыезд місіі МАГАТЭ на Запароскую АЭС. Раней стала вядома, што ў склад місіі ўвайшлі прадстаўнікі нэўтральных да Расеі краін, прадстаўнікоў ЗША і Вялікай Брытаніі не ўключылі.

Паводле экспэртаў ISW, маніпуляцыі з грамадзянствам інспэктараў і нападкі на «справядлівасьць» інспэкцый МАГАТЭ — гэта тактыка, якую Іран ужо даўно выкарыстоўвае, каб прыхаваць свае перашкоды для місій МАГАТЭ.

У выведцы Вялікай Брытаніі сьцьвярджаюць, што Шайгу страчвае свой уплыў

Выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі паведаміла, што за праблемы, зь якімі сутыкаюцца расейскія войскі ў вайне ва Ўкраіне, міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу нібыта адхілены ад палітычнага кіраўніцтва.

«Апэратыўныя камандзіры непасрэдна інфармуюць прэзыдэнта Пуціна аб ходзе вайны», — адзначылі ў брытанскай выведцы.

Паводле выведнікаў, расейскія афіцэры і салдаты, якія ваююць або ваявалі ва Ўкраіне, «рэгулярна высьмейваюць Шайгу за ягонае неэфэктыўнае і адарванае ад рэальнасьці кіраўніцтва, паколькі прагрэс Расеі застопарыўся».

Колькасьць пацярпелых ад вайны дзяцей перавысіла тысячу

Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны паведаміў, што колькасьць дзяцей, якія сталі ахвярамі расейскай вайны ва Ўкраіне, павялічылася да 1114, у тым ліку 379 — загінулі, 735 — атрымалі раненьні.

Колькасьць пацярпелых дзяцей імаверна большая, бо праваахоўныя органы Ўкраіны ня маюць доступу да часова акупаваных Расеяй раёнаў.

Найбольш дзяцей пацярпелі ў Данецкай, Харкаўскай, Кіеўскай, Чарнігаўскай, Мікалаеўскай, Луганскай, Херсонскай і Запароскай абласьцях.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG