Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінфін Беларусі разьлічыўся яшчэ па двух выпусках эўрааблігацый у беларускіх рублях, на Захадзе гэта лічаць дэфолтам


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Размова ідзе аб выплаце купоннага даходу на суму 38,6 млн даляраў.

«Ва ўмовах працяглай няздольнасьці заходняй разьлікова-клірынгавай інфраструктуры забясьпечваць давядзеньне выплат да ўсіх трымальнікаў эўрааблігацый Рэспублікі Беларусь, а таксама санкцыйных абмежаваньняў, якія дзейнічаюць у дачыненьні Нацыянальнага банку як фінансавага агенту ўраду Рэспублікі Беларусь, чарговая выплата працэнтнага даходу па эўрааблігацыях Рэспублікі Беларусь Belarus-2031 у агульнай суме 38,6 млн даляраў ЗША ў эквіваленце выкананая 24 жніўня ў поўным аб’ёме ў адпаведнасьці з раней прынятым часовым парадкам выкананьня замежных дзяржаўных даўгавых абавязаньняў», — паведамілі ў Міністэрстве фінансаў.

У міністэрстве дадалі, што «плацеж ажыцьцёўлены за кошт сродкаў у замежнай валюце шляхам пералічэньня на асобны банкаўскі рахунак, адкрыты ў ААТ „ААБ Беларусбанк“ у беларускіх рублях».

Сьцьвярджаецца, што доступ да гэтых сродкаў забясьпечаны для Citibank N.A. London Branch, які зьяўляецца аплатным агентам, паводле эмісійнай дакумэнтацыі.

Трэба адзначыць, што папярэднія выплаты, зробленыя Мінфінам у рублях па эўрааблігацыях, былі прызнаны міжнароднымі рэйтынгавымі агенцтвамі дэфолтам.

Кіраўнік міністэрства Юры Селіверстаў матываваў рашэньне выконваць абавязаньні ў тым ліку і тым, што да некаторых трымальнікаў не даходзяць валютныя плацяжы.

Прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка прызнаваў, што выплаты па лютаўскіх купонах не дайшлі да трымальнікаў зь Беларусі і Расеі. Кіраўнік ураду ня бачыць нічога страшнага ў тым, што па беларускіх аблігацыях прызнаюць дэфолт.

У пачатку жніўня міжнароднае рэйтынгавае агенцтва S&P Global Ratings панізіла крэдытныя рэйтынгі ў замежнай валюце Беларусі да выбарачнага дэфолту, а па эўрааблігацыях — да дэфолту. Пры гэтым у агенцтве лічаць, што «далейшыя неплацяжы па іншых эўрааблігацыях практычна непазьбежныя».

У ліпені агенцтва S&P ня зьнізіла крэдытных рэйтынгаў Беларусі, указваючы, што Менск спрабаваў знайсьці спосабы расплаціцца па аблігацыях у далярах на працягу прадугледжанага дамовай часу з выкарыстаньнем альтэрнатыўных спосабаў аплаты. Але папярэдзіла, што зробіць гэта, калі выплаты па эўрааблігацыях ня будуць зробленыя ў зыходнай валюце, гэта значыць далярах, да канца 30-дзённага льготнага пэрыяду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG