Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін думае пра Беларусь. Вайна ва Ўкраіне як шанец захаваць беларускую незалежнасьць


Антываенны мітынг у Лёндане, сакавік 2022
Антываенны мітынг у Лёндане, сакавік 2022

Відавочна, што для Пуціна на канцэптуальным узроўні існаваньне беларускай дзяржаўнасьці — гэта нейкае непаразуменьне, якое трэба тым ці іншым чынам выправіць.

Сьцісла:

  • Пуцін падчас перамоваў з канцлерам Нямеччыны заявіў, што Беларусь і Ўкраіна не павінны быць самастойнымі дзяржавамі.
  • Крэмль не прызнае вынікаў распаду СССР.
  • Пуцін неаднаразова наўпрост прапаноўваў Лукашэнку далучыць Беларусь да Расеі.
  • Можна меркаваць, што тэма далучэньня Беларусі да Расеі не закрытая, яна стаіць у парадку дня Крамля.
  • Аднак пакуль што Пуціну не да Беларусі. Праблема нумар адзін для яго сёньня — імкненьне неяк выблытацца з украінскай пасткі.

Нямецкія мэдыя прыводзяць словы канцлера Нямеччыны Оляфа Шольца пра ягоныя перамовы з Уладзімірам Пуціным перад пачаткам вайны ва Ўкраіне, падчас якіх расейскі лідэр заявіў, што Беларусь і Ўкраіна не павінны быць самастойнымі дзяржавамі.

У іншы момант гэтая інфармацыя магла б стаць сэнсацыяй і выклікаць скандал. Але пасьля нападу Расеі на Ўкраіну згаданая пазыцыя Пуціна ўжо нікога ў сьвеце ня дзівіць. Масква ня надта і хавае, што першапачатковая мэта «спэцапэрацыі» — ліквідацыя ўкраінскай дзяржавы.

Пуцін шмат разоў абураўся тым, што СССР распаўся. Ён абвінавачваў былых кіраўнікоў (ад Леніна да Гарбачова) у тым, што яны стварылі саюзныя рэспублікі і тым самам заклалі міну пад існаваньне Савецкага Саюзу, садзейнічалі фармаваньню незалежных дзяржаў на постсавецкай прасторы. У артыкуле «Аб гістарычным адзінстве рускіх і ўкраінцаў», апублікаваным у ліпені 2021 году, Пуцін разважае пра «вялікую рускую нацыю, якая зьяднала вялікаросаў, маларосаў і беларусаў», пра «трыадзіны народ». Важна зьвярнуць увагу, што ў гэтым пляне расейскі кіраўнік гаворыць пра Ўкраіну і Беларусь, украінцаў і беларусаў праз коску, ставіць іх у адзін шэраг.

Сёлета перад пачаткам вайны Пуцін абураўся, што многія гістарычныя расейскія землі апынуліся на тэрыторыі іншых постсавецкіх дзяржаў. І палічыў гэта вялікай несправядлівасьцю. Такім чынам, Крэмль канстатаваў, што не прызнае вынікаў распаду СССР, тых межаў, якія былі зафіксаваныя ў 1991 годзе. І абвясьціў сваё гістарычнае, маральнае, а значыць, і палітычнае права на перагляд таго, што ён неаднаразова называў «геапалітычнай катастрофай».

Можна ўзгадаць, што Пуцін неаднаразова прапаноўваў Лукашэнку наўпрост далучыць Беларусь да Расеі. У 2002 годзе ён публічна заклікаў беларусаў увайсьці ў склад РФ шасьцю абласьцямі. У сьнежні 2019 году Лукашэнка ў інтэрвію расейскаму журналісту Аляксею Венядзіктаву прызнаў, што Пуцін патрабаваў ад яго згоды на аб’яднаньне дзьвюх краін, і прапаноўваў беларускаму лідэру пасаду сьпікера парлямэнту новай дзяржавы.

То бок відавочна, што для Пуціна на канцэптуальным узроўні існаваньне беларускай дзяржаўнасьці — гэта нейкае непаразуменьне, якое трэба выправіць. Тыя ідэі, якія канцлер Шольц лічыць «цалкам абсурднымі», для самога расейскага лідэра зьяўляюцца часткай ягонага палітычнага сьветапогляду.

Можна меркаваць, што тэма далучэньня Беларусі да Расеі не закрытая, яна стаіць у парадку дня беларуска-расейскіх адносін. Да такой высновы схіляе, акрамя ўсяго іншага, факт частых і доўгіх сустрэч і перамоваў Лукашэнкі з Пуціным. Бо што яшчэ яны могуць абмяркоўваць падчас сваіх шматгадзінных размоў?

Ці можна лічыць, што Пуцін проста цяпер гатовы перавесьці пытаньне аб далучэньні Беларусі да Расеі ў практычную плашчыню, нават з дапамогай сілавога сцэнару?

Мяркую, што не. Бо пакуль што Пуціну не да Беларусі. Праблема нумар адзін для яго сёньня — імкненьне неяк выблытацца з той украінскай пасткі, у якую ён сам сябе загнаў. Вайна ва Ўкраіне, канфлікт з Захадам, эканамічныя санкцыі — усё гэта цалкам забірае ўвагу, час, энэргію, клопат Крамля. Шмат будзе залежаць ад таго, чым скончыцца вайна. Таму Беларусь мае некаторую перадышку ў часе. Гісторыя зноў дае беларусам шанец. Ці змогуць яны ім скарыстацца?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG