Міжнародныя экспэрты і выведкі мяркуюць, што Расеі будзе вельмі цяжка выйсьці на адміністрацыйныя межы Данецкай і Луганскай абласьцей і, пакуль гэтага не адбудзецца, малаімаверна правядзеньне рэфэрэндуму аб далучэньні гэтых рэгіёнаў да Расеі.
Якія прыярытэты маюць расейскія войскі
Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) зьвярнулі ўвагу на разьмеркаваньне расейскіх сілаў на лініях фронту.
Паводле іх, прыкладна шэсьць груповак расейскіх войскаў арыентуюцца на Харкаў і паўночны ўсход Харкаўскай вобласьці, на лінію Ізюм — Славянск, на Сіверска-Лісічанскі раён, на Бахмут, на лінію Аўдзееўка — Данецк і поўдзень Украіны.
На адным зь кірункаў, па лініі Ізюм — Славянск, канцэнтруюцца добраахвотніцкія падразьдзяленьні, а вакол Бахмута — прадстаўнікі прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр». На іншых — падразьдзяленьні Цэнтральнай і Заходняй вайсковых акруг.
«Гэта сьведчыць аб тым, што Масква аддае перавагу прасоўваньню сваіх войскаў вакол Бахмута і, магчыма, да Сіверску, спрабуючы выкарыстаць сілы „ДНР“, каб захапіць тэрыторыі, якія ім не ўдалося ўзяць з 2014 году на аўдзееўскім кірунку. Высокая канцэнтрацыя добраахвотніцкіх батальёнаў вакол Ізюму і Славянску сьведчыць аб тым, што гэтая тэрыторыя ня ў цэнтры ўвагі Расеі і можа быць уразьлівай для ўкраінскіх атак», — адзначаюць экспэрты ISW у сваёй справаздачы.
У вайсковай выведцы Вялікай Брытаніі мяркуюць, што «Крэмль, хутчэй за ўсё, расцэніць няздольнасьць вайскоўцаў цалкам акупаваць Данецкую вобласьць як няўдачу ў дасягненьні сваіх максымалісцкіх мэт ва Ўкраіне».
Украінскія ўлады папярэджваюць пра складаную зіму
Практычна ва ўсіх абласьцях, па якіх Расея няспынна вядзе абстрэлы (Мікалаеўская, Запароская, Херсонская, Данецкая, Луганская, Харкаўская, Днепрапятроўская), ужо маюць праблемы з энэрга-, газа- і водазабесьпячэньнем.
Улады заклікаюць украінцаў выяжджаць на больш небясьпечныя тэрыторыі, бо да зімы ня змогуць аднавіць патрэбную для ацяпляльнага сэзону інфраструктуру, якую пашкодзілі або цалкам разбурылі расейцы.
Мэр Кіева Віталь Клічко таксама папярэдзіў кіяўлян пра складаную зіму, бо не выключае тэрарыстычных актаў Расеі па ЦЭС і газаправодах. «Мы зробім усё магчымае і немагчымае, што залежыць ад нас, каб у кватэрах было цёпла. Але прашу кожнага падрыхтаваць цёплае хатняе адзеньне, цёплыя коўдры, таму што не выключаем, што тэмпэратура ў будынках будзе на некалькіх градусаў ніжэйшай за норму. Норма — 21 градус, а можа быць 19 ці 18», — сказаў Віталь Клічко.
Украіна на поўдні працягвае атакаваць расейскія апорныя пункты
Канцэнтрацыя сіл у Херсонскай вобласьці і вакол яе можа стаць сур’ёзнай праблемай для расейскага камандаваньня, асабліва, калі ўкраінскія сілы пачнуць там контрнаступ.
Мэр Мелітопаля Запароскай вобласьці Іван Фёдараў паведаміў, што партызаны зьнішчылі чыгуначны мост, а гэта фактычна цалкам спыніла магчымасьці Расеі ўмацоўваць свае войскі з крымскага кірунку. Паводле яго, пасьля разбурэньня ўкраінскімі сіламі расейскіх лягістычных ланцужкоў з акупаванага Херсону ў Мелітопаль пачалі ўцякаць прадстаўнікі акупацыйнай улады і кіраўніцтва вайсковых падразьдзяленьняў арміі Расеі.
У апэратыўным камандаваньні «Поўдзень» сьцьвярджаюць, што пасьля ўдараў Узброеных сіл Украіны па мастах у Херсонскай вобласьці ў расейскіх войскаў не стае паліва, боепрыпасаў і цяжкай вайсковай тэхнікі. Але пры гэтым расейцы некалькі разоў спрабавалі вярнуць свае пазыцыі каля паселішча Лазавое.
Захоўваецца напружанасьць вакол Запароскай АЭС
Кіраўніцтва ўкраінскага апэратара атамных электрастанцый «Енергоатом» заяўляе, што Запароская АЭС працягвае працаваць з рызыкамі парушэньня нормаў радыяцыйнай і пажарнай небясьпекі.
Паводле кампаніі, у выніку апошняй атакі на станцыю на адным з энэргаблёкаў спрацавала аварыйная абарона і цяпер адзін з трох працоўных блёкаў адключаны. Абстрэламі сурё’зна пашкоджана азотна-кіслародная станцыя, аб’яднаны дапаможны корпус, помпавая станцыя гаспадарча-бытавых сьцёкаў.
Найбліжэйшым часам Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла зварот да міжнароднай супольнасьці з заклікам прызнаць дзеяньні Расеі на Запароскай АЭС актам атамнага тэрарызму і накіраваць туды супольную місію ААН і МАГАТЭ для дэмілітарызацыі і вываду расейскіх войскаў са станцыі.
Парлямэнт падоўжыў тэрмін ваеннага стану і агульнай мабілізацыі
Вярхоўная рада Ўкраіны пагадзілася з прапановай прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага аб падоўжаньні да 21 лістапада ваеннага стану і агульнай мабілізацыі.
Адпаведныя прапановы кіраўнік дзяржавы накіраваў у парлямэнт 12 жніўня.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.