Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна і Расея правялі другі раўнд мірных перамоваў у Стамбуле. Асноўныя вынікі

абноўлена

Чальцы ўкраінскай дэлегацыі прыбылі ў палац Чыраган у дзень другога раўнду мірных перамоваў паміж Расеяй і Украінай у Стамбуле, 2 чэрвеня 2025 году
Чальцы ўкраінскай дэлегацыі прыбылі ў палац Чыраган у дзень другога раўнду мірных перамоваў паміж Расеяй і Украінай у Стамбуле, 2 чэрвеня 2025 году

У Турэччыне завяршыўся другі раўнд перамоваў паміж украінскай і расейскай дэлегацыямі. Перамовы, як паведамілі ў Міністэрстве замежных спраў Турэччыны, доўжыліся крыху больш за гадзіну.

„Сустрэча скончаная. Яна не завяршылася кепска“, — адзначылі ў дыпляматычнай місіі.

Дэлегацыі Украіны і Расеі дамовіліся ў Стамбуле аб новых абменах палоннымі, заявіў міністар абароны Украіны Рустэм Умераў.

«У пытаньні вызваленьня ваеннапалонных мы дамовіліся засяродзіцца на канкрэтных катэгорыях, а не на лічбах. Мы дамовіліся аб абмене «ўсіх на ўсіх» цяжкапараненымі і цяжкахворымі ваеннапалоннымі. Другая катэгорыя – гэта маладыя салдаты ва ўзросьце ад 18 да 25 гадоў. Мы таксама дамовіліся аб вяртаньні 6000 целаў загінулых салдат», – сказаў ён падчас брыфінгу ў Стамбуле.

Падчас папярэдняга раунду перамоваў 16 траўня, бакам не ўдалося дасягнуць істотнага прагрэсу, але потым дамовіліся аб абмене палоннымі ў фармаце «тысяча на тысячу». Апошні этап абмену завяршыўся 25 траўня.

Кіраўнік расейскай дэлегацыі Ўладзімір Мядзінскі заявіў, што Расея перадала Украіне свой мэмарандум. Міністар абароны Рустэм Умераў, які ўзначальваў украінскую дэлегацыю ў Стамбуле, заявіў, што Украіна будзе мець тыдзень, каб вывучыць расейскія прапановы па спыненьні вайны.

Axios са спасылкай на неназванага ўкраінскага чыноўніка піша, што Расея ў сваім мірным мэмарандуме працягвае прэтэндаваць на ўсе акупаваныя тэрыторыі Украіны. Масква патрабуе ад Кіева вывесьці ўкраінскія войскі з акупаваных частак Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запароскай абласьцей.

Паводле Мядзінскага, Расея прапанавала Украіне спыненьне агню на асобных участках фронту на 2-3 дні, каб камандзіры маглі забраць целы сваіх салдат.

Паводле кіраўніка ўкраінскай дэлегацыі Рустэма Умерава, Украіна заклікала правесьці сустрэчу Пуціна і Зяленскага. Да яе можа далучыцца прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Аднак Расея не пагадзілася на поўнае спыненьне агню і сустрэчу прэзыдэнтаў Уладзіміра Пуціна і Уладзіміра Зяленскага.

Як праходзілі перамовы

У панядзелак 2 чэрвеня, украінская і расейская дэлегацыі прыбылі ў стамбульскі палац Чыраган разам з высокапастаўленымі турэцкімі службоўцамі для ўдзелу ў другім за тры гады раўндзе беспасярэдніх мірных перамоваў.

Склад расейскай дэлегацыі ў параўнаньні зь першым раўндам перамоваў, які прайшоў 16 траўня ў Стамбуле, не зьмяніўся. Яе ўзначальвае памочнік прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна Ўладзімір Мядзінскі. Склад украінскай дэлегацыі зьмяніўся нязначна. На чале яе зноў міністар абароны Рустэм Умераў.

Расейская дэлегацыя прыбыла ў Стамбул напярэдадні вечарам. Аб прыбыцьці ўкраінскай дэлегацыі паведамілі раніцай у панядзелак. Чалец украінскай дэлегацыі Сяргей Кісьліца перад перамовамі сустрэўся з прадстаўнікамі ЭЗ і Вялікай Брытаніі.

Паведамлялася, што абедзьве дэлегацыі прадставяць на сустрэчы падрыхтаваныя імі праекты так званых мэмарандумаў, дакумэнтаў аб прынцыпах мірных перамоваў і магчымых умовах спыненьня агню.


Месца перамоваў у Стамбуле
Месца перамоваў у Стамбуле

Што папярэднічала перамовам


Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША паведаміў, што 1 чэрвеня дзяржаўны сакратар Марка Рубіё пагаварыў па тэлефоне з расейскім міністрам замежных справаў Сяргеем Лаўровым, каб абмеркаваць будучыя перамовы.

Паведамляецца, што званок зроблены на просьбу Расеі, Рубіё паўтарыў заклік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа да працягу беспасярэдніх перамоваў для «дасягненьня трывалага міру».

На заклік Трампа Масква і Кіеў пачалі наўпроставыя перамовы ў траўні ўпершыню з 2022 году, але пакуль не дасягнулі значнага прагрэсу ў спыненьні вайны. Экспэрты сьцьвярджаюць, што шанцы на прарыў застаюцца невялікімі.

1 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што правёў працяглую сустрэчу зь міністрам абароны Рустэмам Умеравым, які ўзначальвае дэлегацыю на стамбульскіх перамовах, а таксама зь міністрам замежных справаў, кіраўнікамі выведкі і вайскоўцамі:

«Мы абмеркавалі, чаго менавіта мы чакаем ад стамбульскай сустрэчы ў панядзелак. Мы надалей прапаноўваем поўнае, безумоўнае спыненьне агню і ўсе годныя і рацыянальныя крокі, якія могуць прывесьці да трывалага і надзейнага міру. Украінская прапанова, якую мы далі расейцам, лягічная і рэалістычная».

Прэзыдэнт Украіны зазначыў, што станам на 1 чэрвеня расейскі бок не падаў свой «мэмарандум» ні Украіне, ні прадстаўнікам Турэччыны ці ЗША.

«Нягледзячы на гэта, мы паспрабуем дасягнуць хаця б нейкага прагрэсу на шляху да міру», — сказаў ён.

Паводле зьвестак агенцтва Reuters, Украіна сфармулявала шэраг пазыцыяў, у тым ліку адсутнасьць абавязаньня мець нэўтральны статус і непрызнаньне акупаваных тэрыторыяў расейскімі.

28 траўня міністар замежных справаў Сяргей Лаўроў заявіў, што Расея запрасіла Украіну сустрэцца на другім раўндзе перамоваў у Стамбуле 2 чэрвеня. Паводле яго, расейскі бок распрацаваў мэмарандум аб мірнай дамове з Украінай, яго прадставіць памочнік прэзыдэнта Расеі Ўладзімір Мядзінскі, які ўзначальваў расейскую дэлегацыю на перамовах у Стамбуле і 16 траўня.

Крэмль адмовіўся загадзя падаць Украіне свае ўмовы перамоваў у Стамбуле, што скрытыкавалі ў Кіеве. У прыватнасьці, прэзыдэнт Зяленскі заявіў, што гэта сьведчыць пра жаданьне Крамля зрабіць перамовы «пустымі».

  • Перамовы адбыліся на наступны дзень пасьля таго, як Украіна зьдзейсьніла дронавую атаку на стратэгічныя бамбавікі ў глыбіні Расеі і заявіла, што зьнішчыла дзясяткі самалётаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпра, Кіева, Харкава, Адэсы і іншых месцаў. Дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя процілегламу боку тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ карпарацыі «Роснефть» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародзкай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі думку, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16–18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
  • У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
  • 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
  • У красавіку высьветлілася, што мірныя перамовы пакуль ня маюць посьпеху, а тым часам Украіна заявіла, што ведае імёны 155 кітайскіх наймітаў, якія падпісалі кантракты з Расеяй і пайшлі на вайну. Афіцыйны Пэкін заявіў, што сваіх грамадзянаў на вайну не адпраўляў, а наадварот, раіў жыхарам краіны трымацца падалей ад абодвух бакоў.
  • Дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу жыць», які выконвае Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, у красавіку 2025 году апублікаваў прозьвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія з 2023 году ваююць супраць Украіны на баку Расеі, зь іх 96 ужо загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG