Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі з 9 жніўня 2020 году завялі 11 тысяч «пратэставых» крымінальных справаў


Пратэст у Менску, жнівень 2020 г.
Пратэст у Менску, жнівень 2020 г.

З 9 жніўня 2020 па 1 ліпеня 2022 году ў Беларусі распачалі больш за 11 тысяч крымінальных справаў «экстрэмісцкай» скіраванасьці. Такія зьвесткі агучылі ў Сьледчым камітэце падчас калегіі 11 жніўня.

Як паведамляе «Зеркало», удзельнікі пасяджэньня прынялі рашэньне рэалізаваць «комплекс мераў для зьніжэньня астачы крымінальных справаў аб злачынствах экстрэмісцкай накіраванасьці, забясьпечыўшы прынцып непазьбежнасьці крымінальнай адказнасьці да асобаў, якія ўчынілі такія злачынствы».

Старшыня СК Дзьмітры Гара даў даручэньне сёлета прыняць «вычарпальныя меры» для завочнага крымінальнага перасьледу фігурантаў «экстрэмісцкіх» справаў, якія зьехалі за мяжу. Таксама запатрабаваў «сфармаваць аднастайную практыку ў частцы стасаваньня гэтай нормы» і вызначыць крымінальныя справы, якія трэба завершыць у спэцыяльным вядзеньні.

Пасьля выбараў 9 жніўня 2020 году ў Беларусі прайшлі самыя масавыя акцыі пратэсту, якія жорстка разганялі сілавікі. У справаздачы, падрыхтаванай Управай Высокага камісара ААН у правах чалавека (УВКПЧ), сказана, што толькі за першыя пяць дзён пратэстаў арыштавалі каля 13 500 чалавек, у тым ліку 700 непаўналетніх. Шмат каго з затрыманых працяглы час білі дручкамі ў транспарце, у аддзяленьнях міліцыі і сьледчых ізалятарах.

«Пратэстоўцаў білі, пакуль яны ня трацілі прытомнасьць, — паведаміла Высокі камісар ААН у правах чалавека Мішэль Бачэлет, выступаючы 17 сакавіка 2022 году ў Палацы Нацыяў у Жэнэве. — Пры гэтым супраць дэманстрантаў ужывалі сьвятлашумавыя гранаты і сталёвыя кулі з гумовым пакрыцьцём, што прывяло да мноства цяжкіх траўмаў».

Паводле інфармацыі з дакладных крыніц, адзначыла Высокі камісар, у выніку празьмернага ўжываньня сілы падчас пратэстаў загінулі прынамсі тры чалавекі. Улады Беларусі адмаўляюць адказнасьць за гібель гэтых людзей, хаця ніякага расьсьледаваньня не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG