Пэкін выкарыстоўвае візыт сьпікера Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлосі на востраў як «нагоду для разбурэньня статус-кво», цытуе DW словы афіцыйнай прадстаўніцы тайваньскага МЗС Джоан Оў на прэс-канфэрэнцыі ў Тайбэі ў чацьвер, 11 жніўня.
Тайвань адпрэчвае мадэль «адна краіна — дзьве сыстэмы», якую прапануе Пэкін у якасьці асновы для мірнага ўзьяднаньня. «Толькі народ Тайваня можа вырашаць сваю будучыню», — падкрэсьліла прадстаўніца МЗС.
Прапанаваная Пэкінам мадэль «адна краіна — дзьве сыстэмы» была прымененая ў дачыненьні да Ганконгу і Макао, якім пасьля пераходу пад кітайскую юрысдыкцыю абяцалі асаблівы адміністрацыйны статус з шырокай аўтаноміяй.
Армія Тайваня ў чацьвер правяла чарговыя баявыя стрэльбы, пасьля таго як Кітай афіцыйна завяршыў свае маштабныя вайсковыя вучэньні вакол вострава, прымеркаваныя да візыту сьпікера Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлосі.
Прадстаўніца тайваньскага МЗС заявіла, што Кітай выкарыстоўвае візыт Пэлосі «ў якасьці падставы для разбурэньня статус-кво», спрабуючы «стварыць новую норму, каб запалохаць тайваньскі народ».
Нэнсі Пэлосі прыляцела з аднадзённым візытам на Тайвань 2 жніўня. Яна стала першым за 25 гадоў сьпікерам Палаты прадстаўнікоў ЗША, які наведаў востраў, незалежнасьць якога Пэкін не прызнае і які лічыць адной з кітайскіх правінцый.
Белы дом і сама Пэлосі падкрэсьлівалі, што візыт на Тайвань, незалежнасьць якога Вашынгтон таксама не прызнае, не азначае зьмены пазыцыі ЗША. Афіцыйны Пэкін, тым ня менш, выступаў з рэзкай крытыкай такога візыту, а пасьля адлёту Пэлосі армія Кітаю пачала анансаваныя раней паветраныя і марскія вайсковыя вучэньні ў раёне вострава. Мінабароны Тайваня назвала кітайскія манэўры вельмі правакацыйнымі і абвясьціла пра разгортваньне наземных ракетных комплексаў.
- Пэкін па выніках візыту Пэлосі часткова прыпыніў гандаль з Тайванем. Акрамя таго, МЗС Кітаю паведаміў аб прыпыненьні супрацоўніцтва з ЗША па шэрагу напрамкаў, уключаючы пытаньні зьмяненьня клімату. Адносна самой Пэлосі і членаў яе сямʼі Кітай увёў санкцыі, заявіўшы, што яна «ўмяшалася ва ўнутраныя справы Кітаю» і парушыла «тэрытарыяльную цэласнасьць краіны».