Сьпікерка парлямэнту ЗША Нэнсі Пэлосі сустрэлася з прэзыдэнткай Тайваня Цай Інвэнь. Пэлосі, самы высокапастаўлены амэрыканскі палітык за апошнія 25 гадоў, які наведаў Тайвань, заявіла, што яе дэлегацыя прыбыла, каб даць «адназначна» зразумець, што ЗША не пакінуць супрацоўніцтва з востравам.
«Сорак тры гады таму Амэрыка паабяцала заўсёды падтрымліваць Тайвань... Сёньня наша дэлегацыя прыбыла на Тайвань, каб адназначна даць зразумець, што мы не адмовімся ад нашых абавязаньняў».
Пэлосі назвала Тайвань «натхненьнем для ўсіх свабодалюбівых людзей»:
«Сьвет стаіць перад выбарам паміж дэмакратыяй і аўтакратыяй. Рашэньне Амэрыкі захаваць дэмакратыю тут, на Тайвані, застаецца жалезным».
Цай Інвэнь гэтак жа высока ацаніла партнэрства паміж краінамі, заявіўшы, што Тайвань застаецца «вартым даверу і надзейным партнэрам ЗША».
Яна дадала, што Тайвань «сутыкаецца з наўмысным узмацненьнем ваенных пагроз», дадаўшы, што дзяржава «не адступіць і што Тайвань зробіць усё магчымае, каб умацаваць свой патэнцыял самаабароны».
Пагрозы з Пэкіну
Раней Кітай пагражаў, што ЗША «заплацяць» за візыт Пэлосі. Намесьнік міністра замежных спраў Кітая Се Фэн выказаў «рашучы пратэст» Вашынгтону ў сувязі з паездкай Пэлосі на Тайвань. Кітай выклікаў у МЗС амбасадара ЗША ў Пэкіне Нікаласа Бэрнса на фоне візыту.
Кітайскія вайскоўцы знаходзяцца ў стане «павышанай боегатоўнасьці». Яны адначасова пачалі некалькі вучэньняў у рэгіёнах побач з Тайванем.
Тайвань знаходзіцца ў самакіраваньні, але Кітай разглядае яго як сваю правінцыю, якая часова аддалілася, але ў канчатковым выніку аб’яднаецца зь ім.
Тайвань зьбірае ўласныя падаткі, мае ўласны ўрад, выдае свае пашпарты і мае ўласнае войска.
Азіяцкае турнэ Нэнсі Пэлосі пачалося 31 ліпеня. У праграме паездкі было заяўлена наведваньне Малайзіі, Сынгапуру, Японіі і Паўднёвай Карэі. Старшыня КНР Сі Цзіньпінь падчас тэлефоннай размовы з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам перасьцярог ЗША ад «гульні з агнём», маючы на ўвазе пазыцыю Вашынгтона што да Тайваня. Байдэн некаторы час сапраўды сьцьвярджаў, што вайсковае кіраўніцтва ЗША візыт Пэлосі не ўхваляе, аднак тая ўсё ж прыляцела ў Тайбэй 2 жніўня. Зьнішчальнікі Кітаю ў момант падлёту самалёта з Пэлосі перасякалі Тайваньскую пратоку ў бок вострава.
Кітай увёў гандлёвыя санкцыі супраць Тайваня
Галоўнае мытнае ўпраўленьне Кітая абвясьціла аб прыпыненьні імпарту прадуктаў харчаваньня (тайваньскіх цытрусавых і некаторых відаў рыбы) нібыта за наяўнасьць у некаторых пастаўках пэстыцыдаў і каранавірусу. Міністэрства гандлю прыпыніла экспарт пяску.
Упраўленьне Кітаю ў справах Тайваня асобна абвясьціла, што забараняе кампаніям і фізычным асобам мацерыковага Кітаю праводзіць фінансавыя апэрацыі з двума тайваньскімі фондамі — Тайваньскім фондам за дэмакратыю і Тайваньскім фондам міжнароднага супрацоўніцтва і разьвіцьця.
Першага жніўня кітайская мытня заявіла, што ўнесла ў чорны сьпіс больш за 100 тайваньскіх харчовых марак за тое, што яны не падоўжылі рэгістрацыю на экспарт.