Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэлосі пра візыт на Тайвань: Гэта падтрымка дэмакратыі. Афіцыйны Пэкін: Гэта замах на сувэрэнітэт Кітаю


Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлосі і члены дэлегацыі Кангрэсу выступілі з заявай адносна візыту на Тайвань.

У заяве, зьмешчанай на сайце сьпікера Палаты прадстаўнікоў, гаворыцца, што «візыт нашай дэлегацыі Кангрэсу на Тайвань сьведчыць аб непахіснай прыхільнасьці Амэрыкі падтрымцы тайваньскай дэмакратыі, якая дынамічна разьвіваецца».

«Наш візыт зьяўляецца часткай нашай шырэйшай паездкі ў Інда-Ціхаакіянскі рэгіён, уключаючы Сынгапур, Малайзію, Паўднёвую Карэю і Японію, з акцэнтам на ўзаемную бясьпеку, эканамічнае партнэрства і дэмакратычнае кіраваньне. Нашыя абмеркаваньні з кіраўніцтвам Тайваню будуць сканцэнтраваныя на пацьвярджэньні падтрымкі нашага партнэра і прасоўваньні нашых агульных інтарэсаў, у тым ліку свабоднага і адкрытага Інда-Ціхаакіянскага рэгіёну. Салідарнасьць Амэрыкі з 23 мільёнамі жыхароў Тайваню сёньня больш важная, чым калі-колечы, бо сьвет стаіць перад выбарам паміж аўтакратыяй і дэмакратыяй», — гаворыцца ў заяве.

Таксама ў заяве адзначаецца, што візыт не супярэчыць палітыцы ЗША, заснаванай на законе аб адносінах з Тайванем, прынятым у 1979 годзе, і што «Злучаныя Штаты працягваюць выступаць супраць аднабаковых намаганьняў зьмяніць статус-кво».

У сваю чаргу, МЗС Кітаю выступіў з адмысловай заявай з нагоды візыту сьпікера Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША «ў тайваньскі рэгіён Кітаю».

Як паведамляе агенцтва Сіньхуа, Міністэрства замежных спраў КНР ацаніла візыт як «сур’ёзнае парушэньне прынцыпу аднаго Кітаю і палажэньняў трох кітайска-амэрыканскіх пагадненьняў», якое «сурʼёзна ўплывае на палітычную аснову кітайска-амэрыканскіх адносінаў» і ўспрымаецца Пэкінам як замах на сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Кітаю.

Візыт, як лічыць МЗС КНР, «пасылае сэпаратысцкім сілам зусім няправільны сыгнал аб „незалежнасьці Тайваню“. У сьвеце існуе толькі адзін Кітай, Тайвань зьяўляецца неадʼемнай часткай тэрыторыі Кітаю, а ўрад Кітайскай Народнай Рэспублікі зьяўляецца адзіным законным урадам, які прадстаўляе ўвесь Кітай», — гаворыцца ў заяве.

Кітайскае зьнешнепалітычнае ведамства заклікала Злучаныя Штаты не імкнуцца зьмяніць сыстэму Кітаю, «не падтрымліваць „незалежнасьць Тайваню“, не шукаць канфлікту з Кітаем і не ісьці далей па няправільным і небясьпечным шляху».

  • Сёньня самалёт дэлегацыі Кангрэсу ЗША на чале са сьпікерам Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлосі прызямліўся ў тайваньскім аэрапорце, нягледзячы на папярэджаньні з боку Кітаю, які прыгразіў адрэагаваць на візыт ваеннымі мерамі.
  • Перад прызямленьнем Кітай закрываў для цывільных самалётаў паветраную прастору краіны ў напрамку Тайваньскага праліву. Агенцтва AFP са спасылкай на мясцовыя тэлеканалы паведамляла, што кітайскія зьнішчальнікі перасякалі Тайваньскі праліў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG