Паводле інфармацыі, атрыманай ад Упраўленьня па справах іншаземцаў, на 30 чэрвеня 2022 году 52 313 грамадзян Беларусі маюць дзейны дакумэнт, які дае права на знаходжаньне на тэрыторыі Польшчы. Сярод іх:
- 28 179 сталы від на жыхарства,
- 20 053 часовы від на жыхарства,
- 2415 — дадатковую абарону,
- 864 — дазвол на знаходжаньне доўгатэрміновага рэзыдэнта ЭЗ,
- 508 — часовую абарону,
- 294 — статус уцекача.
Акрамя гэтага, грамадзяне Беларусі маюць 15 279 іншых дзейных дакумэнтаў, якія даюць права знаходзіцца ў Польшчы.
З 2019 году беларусы зьяўляюцца другой па колькасьці групай замежнікаў у Польшчы пасьля ўкраінцаў. Пасьля выбараў 2020 году плынь нашых суайчыньнікаў у Польшчу павялічылася, адзначаюць ва Ўпраўленьні па справах іншаземцаў.
Пачынаючы 2020 году беларусы сталі самай шматлікай групай, якая падае прашэньні аб наданьні міжнароднай абароны. У 2021 годзе беларусы падалі 2257 такіх прашэньняў, у 2022 годзе — 1551, у тым ліку 1186 — з 24 лютага. На 30 чэрвеня на разглядзе знаходзіліся яшчэ 765 прашэньняў аб наданьні міжнароднай абароны ад беларусаў. За 2021 і 2022 гады ў міжнароднай абароне было адмоўлена васьмі беларусам.
За 2021 і 2022 год беларусам было выдадзена 31 709 відаў на жыхарства ўсіх тыпаў. На 30 чэрвеня 2022 году на разглядзе знаходзілася 19258 заяваў на від на жыхарства. У заявах на атрыманьне ВНЖ 64% беларусаў указвалі падставай працу, 21% — узьяднаньне сям’і, 11% — іншыя прычыны, 4% — вучобу.
Большасьць беларусаў, якія прыехалі ў Польшчу, — гэта людзі ва ўзросьце ад 20 да 39 гадоў.
Больш за ўсё беларусаў жыве ў Мазавецкім ваяводзтве (адміністрацыйны цэнтар — Варшава). Шмат беларусаў таксама ў Паморскім (Гданьск), Падляскім (Беласток) і Ніжнесілезскім (Уроцлаў) ваяводзтвах.
З 10 жніўня 2020 году па 30 чэрвеня 2022-га Польшча выдала беларусам 36 614 гуманітарных візаў і 42 932 візы па праграме Poland Business Harbour.