Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі рэалістычны варыянт развалу Расеі? Адказвае палітоляг Аляксандар Марозаў


Мапа Расеі на «Форуме свабодных народаў Расеі», Прага, 22 ліпеня
Мапа Расеі на «Форуме свабодных народаў Расеі», Прага, 22 ліпеня

Выкладчык Карлавага ўнівэрсытэту, экспэрт міжнароднай ініцыятывы iSANS Аляксандар Марозаў расказвае, чаму расейскія рэгіянальныя эліты пакуль ляяльныя Маскве; адказвае на пытаньне, ці можа Расея ня быць пагрозай для сваіх суседзяў, і прадстаўляе тры варыянты заканчэньня вайны —  усе кепскія.

Сьцісла:

  • Калі нейкая краіна парушае сувэрэнітэт іншай, то тым самым размываецца і сувэрэнітэт агрэсара.
  • Крэмль наладзіў важны элемэнт стабільнасьці сваёй палітычнай сыстэмы -- інкарпарацыя этнічных элітаў у агульнафэдэральную палітыку.
  • Гадоў 50 ніякага даверу да Расеі ў яе найбліжэйшых суседзяў ня будзе.
  • Толькі аглушальная параза Крамля адкрывае магчымасьць нейкага новага этапу разьвіцьця Расеі.

— Агрэсія Расеі супраць Украіны з новай сілай аднавіла размовы аб імавернасьці распаду Расеі і магчымыя сцэнары гэтага працэсу. Як вы лічыце, наколькі рэалістычнае такое разьвіцьцё падзеяў, ці ёсьць для гэтага цяпер сацыяльныя і палітычныя падставы?

— Анэксія Крыму Расеяй у 2014 годзе адчыніла дзьверы і для супрацьлеглых працэсаў, бо калі нейкая краіна парушае сувэрэнітэт іншай, то тым самым размываецца і сувэрэнітэт агрэсара. Таму анэксія Крыму зрабіла ўразьлівымі межы самой Расейскай Фэдэрацыі.

Аляксандар Марозаў
Аляксандар Марозаў

Мы доўгі час лічылі, што працэс пэўнай фэдэралізацыі Расеі, альбо тым больш дэзынтэграцыі гэтай тэрыторыі, зараз немагчымы. Бо пуцінізм пабудаваў мадэль фактычна ўнітарнай дзяржавы, мадэль, зь якой рэгіёны цалкам пасьпяхова ўжываюцца, бо залежаць ад бюджэтных трансфэртаў. Ніводзін рэгіён ня бачыць для сябе такой будучыні, калі ён аддзеліцца ад фэдэральнага бюджэту, які фармуецца пераважна даходамі ад продажу вуглевадародаў. Рэгіянальныя эліты ў агляднай будучыні ня ўздымуць голас на карысьць пашырэньня сваіх паўнамоцтваў, бо аддзяліцца ад грашовага дажджу — азначае асудзіць сябе на жабрацтва.

Але цяпер сытуацыя мяняецца. Вайна і яе глябальныя наступствы для Расеі ставяць пытаньне — напрыклад, праз год-два гэты грашовы дождж спыніцца, сытуацыя цалкам можа да гэтага прыйсьці. І тады, магчыма, у некаторых рэгіянальных элітаў зьявіцца цалкам новая матывацыя — і тады праблема можа паўстаць вельмі востра.

— Але ці ёсьць у расейскіх нацыянальных аўтаноміях моцныя пачуцьці нацыянальнай ідэнтычнасьці, адрознай ад расейскай? Мы ведаем, у якім сумным стане знаходзяцца там нацыянальныя мовы. Але ці ёсьць адчуваньне менавіта нацыянальнага прыгнёту Масквы, а ня толькі эканамічных прэтэнзіяў? Ці ўсё, зьвязанае з нацыянальнай ідэнтычнасьцю, ужо даволі моцна нівэлявалася?

— Безумоўна, ёсьць незадавальненьне культурнай палітыкай Масквы. Але трэба адзначыць, што за гэтыя гады Крэмль наладзіў важны элемэнт стабільнасьці сваёй палітычнай сыстэмы. Гэта інкарпарацыя этнічных элітаў у агульнафэдэральную палітыку. Прадстаўнікі Чачэніі, Татарстану, іншых нацыянальных рэспублік інтэграваныя на вельмі высокапастаўленых пазыцыях ва ўладных і сілавых структурах. Таму прадстаўнікі аўтаномій адчуваюць сябе зьвязанымі з цэнтрам не за кошт нейкай эфэктыўнай палітыкі на гэтых тэрыторыях. Наадварот, у гэтых рэспубліках дастаткова моцны дысбалянс і сацыяльная несправядлівасьць.

Але насельніцтва захоўвае ляяльнасьць Крамлю за кошт таго, што эліты з гэтых тэрыторыяў упісаныя ў маскоўскія палітычныя вярхі. Новыя маладыя пакаленьні праходзяць праз шматлікія конкурсы кадравых рэзэрваў, арганізаваныя цяпер Сяргеем Кірыенкам. Таму яны лічаць, што ў іх добрыя кар’ерныя шанцы ў сталіцы пасунуцца наверх. Таму момант культурнага супраціву Маскве ў рэгіёнах зараз дастаткова слабы.

— Калі гавораць пра магчымую дэмакратызацыю Расеі, то непазьбежна гавораць і пра большую фэдэралізацыю. Гэта акурат дае прыхільнікам аўтарытарных “скрэпаў” падставы казаць, што дэмакратыя можа прывесьці да развалу Расеі, дэзынтэграцыі. Ці лічыце вы гэта лжывай дылемай, або сапраўды дэмакратызацыя Расеі непазьбежна прывядзе да большай самастойнасьці рэгіёнаў, як мінімум?

— Гэтае пытаньне ўпіраецца ў пэрсону будучага кіраўніка Расеі. Няма сумневу, што Масква ў стане захаваць пэўную стабільнасьць ва ўмовах фэдэралізацыі. Пашырэньне паўнамоцтваў рэгіёнаў можа быць зразумета дастаткова шырока. Калі ў канцы існаваньня СССР рэспублікі змагаліся з Масквой, то цэнтар думаў, што яны змагаюцца за пашырэньне паўнамоцтваў, але яны змагаліся за сувэрэнітэт. Разам з тым яны ўспрымалі гэты сувэрэнітэт у складзе агульнай дзяржавы.

Спакуса захоўваць цяперашнюю фактычна ўнітарную дзяржаву будзе даволі вялікая, нават для прадстаўніка дэмакратычных сілаў (калі адбудзецца перамога гэтых сілаў). Многія людзі, гледзячы на Расею, лічаць, што цалкам магчымы фармат фэдэралізацыі паводле мадэлі Эўразьвязу. Для гэтага дастаткова таго, каб на гэтых тэрыторыях сфармавалася палітычная эліта, якая будзе мысьліць у кірунку эўрапейскай дэмакратыі.

Але пакуль да гэтага вельмі далёка. Бо сёньняшняя палітычная эліта, напрыклад Татарстану, арыентаваная не на дэмакратычны транзыт, а на мадэль разьвіцьця Сынгапуру і Малайзіі. Тое жа самае, лідэры Дагестану і Чачэніі не арыентаваныя на дэмакратыю, яны арыентаваныя на мадэлі Арабскіх Эміратаў і падобных сыстэмаў.

— Многія ўкраінцы і прадстаўнікі ўсходнеэўрапейскіх дзяржаваў (Польшчы, Літвы, Латвіі), асабліва пасьля пачатку вайны лічаць, што пакуль існуе дзяржава Расея зь цяперашнімі межамі і сталіцай у Маскве, яна будзе пагрозай для сваіх суседзяў. Нават у выпадку пэўных дэмакратычных пераменаў яе імпэрская сутнасьць усё роўна стане пагрозай. І толькі развал Расеі можа пазбавіць ад гэтага...

— Тыя, хто кажа, што Расея сыстэматычна выступае крыніцай пагрозы для суседніх краінаў і Эўропы ў цэлым, маюць для гэтага ўсе падставы. Натуральна, Расея не адзіная краіна, якая ў гісторыі такую пагрозу несла, але Расея менавіта ў такой групе краінаў. Але ж існаваў гістарычны пэрыяд, калі Расея разьвівалася мірна і калі яе палітыка не была агрэсіўнай.

— Гэта калі? Толькі пачатак 1990-х?

— Так, пачатак 1990-х. Таксама і пэўны пэрыяд брэжнеўскага застою, калі ішла разрадка напружанасьці і раззбраеньне..

— Але надта нядоўгім быў адрэзак без агрэсіі, бо ў 1968 годзе была інтэрвэнцыя ў Чэхаславаччыну, а ўжо ў 1980-м — у Афганістан..

— Так, нядоўгім. Някепскі пэрыяд у расейскай гісторыі быў паміж франка-прускай вайной і Першай сусьветнай. У цэлым гэты быў час, пры якім палітыка Расейскай імпэрыі была арыентаваная на падтрыманьне міру, а не імкненьне да вайны. Я лічу, што ў Расеі ёсьць гістарычны шанец, нават застаючыся цяперашняй фактычна ўнітарнай дзяржавай, быць не агрэсіўнай да суседзяў.

Бо мы ведаем шмат прыкладаў недэмакратычных і нелібэральных рэжымаў, якія пры гэтым не зьяўляюцца агрэсіўнымі, не спрабуюць мяняць глябальную архітэктуру, не выступаюць з абсурднымі ідэямі перабудовы сьвету. І было б някепска, калі б Крэмль пазбавіўся ад Пуціна і хаця б застаўся нелібэральным рэжымам, але без агрэсіі.

Што тычыцца стаўленьня суседзяў Расеі, то вайна пакідае тут жахлівыя наступствы. Я думаю, што гадоў 50 ніякага даверу да Расеі ў яе найбліжэйшых суседзяў ня будзе. Пры ацэнцы пытаньняў бясьпекі заўсёды будуць успамінаць гэтую вайну. Нават калі скончыцца вайна і калі ўсталююцца мірныя і добразычлівыя адносіны ў рэгіёне — нават пры гэтым тыя, хто займаецца пытаньнямі бясьпекі, заўсёды будуць улічваць гісторыю гэтай вайны.

— Як можа скончыцца гэтая вайна? Якія варыянты на сёньня падаюцца вам найбольш рэалістычнымі?

— Першы сцэнар — замарожаны канфлікт, лінія разьдзяленьня, не зьвязаная зь мірнай дамовай, замацаваная нейкай новай формай менскіх пагадненьняў. Усе разумеюць, што такі сцэнар не стварае гарантыяў і пэрспэктываў, а зьяўляецца проста формай адкладзенай вайны. Акрамя таго, зараз не 2014 год, і Ўкраіна будзе працягваць спробы вызваліць свае тэрыторыі.

Другі сцэнар — мірная дамова. Сутыкаюцца даволі вялікія вайсковыя патэнцыялы, таму трэба зыходзіць з думкі, што вайна, як бы доўга яна ні працягвалася, яна ўсё роўна скончыцца мірнай дамовай, і лепш заключыць яе раней, а не пазьней.

Трэці варыянт — параза аднаго з бакоў. Некаторыя кажуць, што гэта немагчыма, але гэта ня так. Можна ўявіць нават паразу Расеі, нягледзячы на ўвесь яе вайсковы патэнцыял. Расея можа надарвацца на гэтай вайне і заканчваць яе такім чынам, які будзе ўсімі ўспрымацца як параза. Па-ранейшаму магчымая і параза Ўкраіны.

Але ўсе гэтыя сцэнары кепскія. Для нас, прыхільнікаў дэмакратычнага разьвіцьця Расеі, няма ніякіх хістаньняў Мы зьяўляемся прыхільнікамі аглушальнай паразы Крамля. Бо толькі гэта адкрывае магчымасьць нейкага новага этапу разьвіцьця Расеі. Любы іншы зыход азначае, што Пуцін (нават калі гэта ня Пуцін) закансэрвуецца на 2-3 дзесяцігодзьдзі. Гэты рэжым будзе ізаляваны, з поўным кантролем над насельніцтвам, прыблізна як Іран.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG