Крама беларускай нацыянальнай сымболікі Symbal.by пасьля вымушанага закрыцьця ў Менску аднавіла працу ў Грузіі. Дастаўка працуе па Батумі і ўсёй Грузіі, ёсьць самавываз.
«Мы вырашылі пачаць працу ў Грузіі, бо гэта краіна зь вельмі высокай свабодай прадпрымальніцтва. Па лёгкасьці вядзеньня бізнэсу яна займае другое месца пасьля ЗША. Тут дзейнічае шмат выгодных падатковых рэжымаў. Але час не стаіць на месцы, у будучыні наша геаграфія будзе пашырацца», — паведамілі BPN у краме.
Нягледзячы на арышт аднаго з заснавальнікаў крамы Паўла Белавуса, складанасьцяў зь перазапускам не было.
«У нас добра наладжаныя бізнэс-працэсы, вялікі досьвед за плячыма, таму стартаваць за межамі Беларусі аказалася даволі проста. У Грузіі для гэтага створаныя ўсе ўмовы. Можна спакойна займацца сваёй справай і сумленна плаціць падаткі, а ня думаць, як выканаць усе прадпісаньні кантралюючых органаў», — расказаў прадстаўнік крамы.
Symbal.by пакуль працуе толькі ў інтэрнэце па адрасе ge.symbal.by. Зьвязацца з крамай можна праз Тэлеграм альбо тэлефон.
«Мы жывем у стагодзьдзе маркетплэйсаў, дыстанцыйнага гандлю. Наша задача, каб людзі маглі атрымаць нашы рэчы максымальна хутка і проста. Думаем, што з гэтым цалкам спраўляемся. У Батумі часам атрымліваецца прывозіць замовы нават хутчэй, чым іншыя дастаўляюць піцу. Безумоўна, мы марым зноў адчыніцца ў Менску ў афлайн-фармаце і верым, што гэты час прыйдзе», — адзначылі ў краме.
25 сакавіка, у гадавіну абвяшчэньня БНР, Symbal.by пачаў продажы праз глябальны маркетплэйс Redbubble. На ім можна замовіць рэчы з прынтамі, якія прапануюць незалежныя аўтары.
Кампанія была заснаваная ў 2006 годзе ў Мэльбурне, мае офісы ў Сан-Францыска і Бэрліне. Symbal.by разьмяшчае на гэтым сайце свае прынты, а Redbubble вырабляе прадукцыю ў ЗША, Аўстраліі, Вялікай Брытаніі, Нідэрляндах, Канадзе, Францыі, Чэхіі, Нямеччыне, Італіі, Гішпаніі і дасылае замовы кліентам.
«Геаграфія нашых продажаў заўсёды вельмі шырокая — гэта краіны Эўропы, ЗША, Канада і нават Расея, — падкрэсьліў прадстаўнік Symbal.by. — Беларусы зараз жывуць паўсюль і не забываюцца на свае карані. Але дагэтуль больш за 70% нашай аўдыторыі застаецца на радзіме. Безумоўна, яны ня могуць свабодна набываць рэчы, бо баяцца рэпрэсій, таксама пэўныя абмежаваньні накладаюць міжнародныя санкцыі. Але попыт на такую прадукцыю па-ранейшаму існуе. Нашы пакупнікі і сёньня шукаюць, дзе можна набыць бел-чырвона-белы сьцяг у Менску. Мы ганарымся гэтымі людзьмі».