Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няма тыдня, каб каго-небудзь не схапілі ў нас». На памежжы з Украінай масавыя затрыманьні і вучэньні


Беларуска-украінская мяжа. Фота: «Драгічынскі веснік» / www.drogichin.by
Беларуска-украінская мяжа. Фота: «Драгічынскі веснік» / www.drogichin.by

Беларуская міліцыя ў тэлеграм-каналах рапартуе пра «зачыстку» райцэнтраў, блізкіх да мяжы з Украінай. «Адпрацоўка» — гэта значыць, жорсткія затрыманьні з прымяненьнем гвалту — прайшла ў Янаве, Драгічыне, Мазыры, Нароўлі і Хойніках.

За што затрымлівалі людзей? Што цяпер робіцца на памежжы з Украінай? Пра гэта — у матэрыяле Свабоды.

«Затрымліваць людзей прыяжджалі зь Менску, нейкі цэнтар „Э“»

На мінулым тыдні чарговая хваля затрыманьняў пракацілася па Мазыры. На «пакаяльных відэа» затрыманыя жыхары райцэнтру кажуць, што былі падпісаныя на «дэструктыўныя тэлеграм-каналы».

«Тады затрымалі чатырох чалавек — трох маладых хлопцаў і дзяўчыну. Хапаюць у асноўным тых, хто якім-небудзь чынам „засьвяціўся“ ў 2020 годзе. Усіх бралі за нібыта падпіскі на тэлеграм-каналы. Прычым праводзілі ператрусы без панятых, разьбівалі тэхніку. У аднаго затрыманага разьбілі на ператрусе тэлевізар і пляншэт. У іншага затрыманага — ён нядаўна прыехаў з Польшчы — забралі дакумэнты, пашпарт і правы кіроўцы. Так і не аддалі», — расказаў жыхар Мазыра, знаёмы з затрыманымі.

Ён кажа, што для затрыманых была «стандартная працэдура» — запіс на відэа з «пакаяньнем», хуткі суд і «суткі» ў ізалятары.

«Але ў нас у Мазыры затрыманьні не спыняюцца. Штотыдзень некага затрымліваюць. Кіраўніцтва ж сілавікоў казала, што „прыйдзем да ўсіх“. Вось яны і атакуюць», — дадаў жыхар райцэнтру.

У Мазыры некалькі мясцовых былі затрыманыя за фатаграфаваньне расейскай вайсковай тэхнікі. Нядаўна аднаму зь іх, 18-гадоваму хлопцу, вынесьлі прысуд — два гады калёніі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Па такіх жа артыкулах цяпер у зьняволеньні жыхары Мазыра Ганна Пышняк і Павал Наздра.​

«На „суткі“ не садзілі, проста палохалі і здымалі на камэру»

Пад так званую «зачыстку» трапілі жыхары Хойнікаў і Нароўлі. На «пакаянных відэа» ўсе яны кажуць пра падпіску на тэлеграм-каналы.

«Іх не судзілі, ня кідалі на „суткі“. Проста палохалі. Аднаго чалавека ўзялі проста ля хаты, запісалі зь ім „пакаяннае відэа“ і адпусьцілі. Гэта былі акты застрашваньня. Хапалі як тых, хто ўдзельнічаў у падзеях 2020 году, так і звычайных людзей, якія былі падпісаныя на тэлеграм-каналы. Адзін затрыманы адмовіўся здымацца на камэру з „пакаяньнем“. Яго проста адпусьцілі», — расказаў жыхар Хойнікаў.

Трапілі пад затрыманьні і жыхары Нароўлі.

«Тых, каго схапілі, — іх толькі сёньня будуць судзіць. Вядома, што бралі за падпіскі на тэлеграм-каналы. Спадзяёмся, што абыдзецца для іх гэта ўсё „суткамі“», — расказаў жыхар Нароўлі.

Затрыманы актывіст Мікалай Віткоўскі. Ён з 2020 году неаднаразова трапляў на «суткі» — за ўдзел у акцыях пратэсту, за бел-чырвона-белы сьцяг. Цяпер на «пакаянным відэа» Мікалай кажа, што быў падпісаны на «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы. 26 ліпеня яго і іншых затрыманых будуць судзіць.

У сярэдзіне ліпеня ГУБАЗіК прыйшоў да жыхароў Янава і Драгічына. Як паведамляе «Вясна», у двух гэтых райцэнтрах затрымалі 28 чалавек. У іх прайшлі ператрусы, людзі атрымалі штрафы і «суткі». Затрыманьні суправаджаліся зьдзекам і гвалтам. Міліцыянты стралялі ў сабаку адной з затрыманых.

Зьвяртае ўвагу, што затрыманьні адбываюцца ў раёнах, блізкіх да мяжы з Украінай.

Закуп мяшкоў для трупаў, праверка шпіталяў на памежжы

Гомельскае выданьне «Флагшток»паведаміла, што Міністэрства абароны закупляе тысячу мяшкоў для трупаў. Праўладныя тэлеграм-каналы зьняпраўдзілі гэтую інфармацыю, але не прадставілі ніякіх фактаў, якія б сьведчылі, што пададзеныя копіі дакумэнтаў — падробка.

У чэрвені выданьне публікавала копіі дакумэнтаў (сапраўднасьць якіх не ўдалося пацьвердзіць) пра праверку шпіталяў Гомельскай вобласьці для магчымага прыёму параненых. Міністэрства абароны запытвалася ў шпіталяў пра колькасьць месцаў, наяўнасьць рэанімабіляў і машын хуткай дапамогі.

Украінцы мінуюць мяжу, беларусы — узмацняюць

1084 кілямэтры — даўжыня беларуска-ўкраінскай мяжы. Зь беларускага боку тут Гомельская і Брэсцкая вобласьці, з украінскага — Валынская, Ровенская, Кіеўская і Чарнігаўская. Украінскі бок заяўляў і паказваў, што памежжа зь Беларусьсю цяпер замінавана «ад варожага суседа» .

Беларускія ўлады заяўляюць пра ўзмацненьне на паўднёвай мяжы. Апроч памежнікаў, на мяжы цяпер прысутнічаць вайскоўцы з розных падразьдзяленьняў. У Гомельскай вобласьці праходзяць вучэньні — то з ваенкаматамі, то з тэрытарыяльнай абаронай.

На мяжы з Украінай яшчэ з 2014 году актыўна ўзводзяцца інжынэрныя збудаваньні.

У 2019 годзе газэта «Драгічынскі весьнік» паведамляла пра гэта наступнае: «У найбліжэйшай будучыні ахоўныя інжынэрныя збудаваньні працягнуцца па ўсім 40-кілямэтровым участку, які нястомна ахоўваюць вайскоўцы пагранзаставы „Сварынь“».

«На пэўным аддаленьні ад дзяржаўнай мяжы чысьціцца 25-мэтровая паласа, выдаляюцца і выкарчоўваюцца дрэвы і іншая расьліннасьць, засыпаюцца зямлёй забалочаныя ўчасткі. У далейшым плянуецца зрабіць Драгічынскі ўчастак дзяржаўнай мяжы цалкам закрытым, як, напрыклад, Кобрынскі. Падобныя работы цяпер вядуцца і ў Іванаўскім раёне», — інфармавала раённая газэта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG