Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доўгатэрміновы рэйтынг Беларусі ў замежнай валюце зьнізіўся да паказчыка «абмежаваны дэфолт»


Лягатып Fitch Ratings
Лягатып Fitch Ratings

Fitch зьнізіла рэйтынг краіны пасьля заканчэньня 14-дзённага льготнага пэрыяду 13 ліпеня 2022 году ў выплаце купона па эўрааблігацыях 2027-га.

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch панізіла доўгатэрміновы рэйтынг Беларусі ў замежнай валюце з С («дэфолт непазьбежны») да RD («абмежаваны дэфолт» ці дэфолт у асобных абавязаньнях).

Рэйтынг дэфолту эмітэнта адлюстроўвае здольнасьць краіны (ці арганізацыі) вярнуць узятыя крэдыты. Доўгатэрміновы рэйтынг Рэспублікі Беларусь у мясцовай валюце застаецца на ўзроўні ССС.

15 ліпеня міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moodyʼs паведаміла пра дэфолт Беларусі ў вонкавым доўгу — 13 ліпеня скончыўся льготны пэрыяд, цягам якога краіна мусіла выплаціць 22,9 мільёна даляраў па эўрааблігацыях Belarus-27. Беларускі Мінфін зрабіў гэты плацеж у нацыянальнай валюце, ад чаго трымальнікі бондаў не змаглі атрымаць выплаты.

У канцы чэрвеня ўрад Беларусі аб’явіў, што краіна будзе выконваць даўгавыя абавязаньні па эўрааблігацыях у беларускіх рублях паводле курсу Нацбанку. Ва ўрадзе назвалі гэтае рашэньне «вымушанай мерай», бо ўдзельнікі сыстэмы ня могуць гарантаваць паўнату і своечасовасьць пералічэньня сродкаў усім трымальнікам эўрааблігацый.

Раней Moody’s паведаміла аб дэфолце Расеі па эўрааблігацыях і ня выключыла новыя дэфолты у будучых купонных выплатах. Да гэтага аб наступленьні дэфолту паведамлялі Bloomberg і The Wall Street Journal. Па іх дадзеных, Расея ня выканала абавязаньні ўпершыню з 1918 году.

Гаворка ідзе пра два выпускі эўрааблігацый — даляравых з тэрмінам пагашэньня ў 2026 годзе і намінаваных у эўра з тэрмінам пагашэньня ў 2036 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG