«Тое, што нам, магчыма, давядзецца захоўваць нашы санкцыі на працягу доўгага часу, было зразумела ад самага пачатку», — адзначыў ён, падкрэсьліваючы, што Пуціну павінна быць зразумела: у выпадку ўстанаўленьня міру на навязаных Расеяй умовах санкцыі адмененыя ня будуць.
Канцлер папярэджвае, што калі зараз ня даць адпор агрэсіі Пуціна ва Ўкраіне, яна будзе працягвацца, і адзначае, што NATO ўжо не выключае магчымасьць нападу Расеі нават на тэрыторыі Альянсу. «Калі дазволіць, каб гэта сышло Пуціну з рук, значыць, сіла можа парушаць закон практычна без наступстваў. Тады, у канчатковым выніку, наша ўласная свабода і бясьпека таксама апынуцца пад пагрозай», — сьцьвярджае Оляф Шольц.
Гаворачы аб наступствах для Нямеччыны, ён дадаў: «Гэты шлях ня просты, нават для такой моцнай і квітнеючай краіны, як наша. Нам спатрэбіцца вялікая вытрымка». Паводле яго, многія жыхары ФРГ цярпяць ужо ад наступстваў вайны, асабліва ад высокіх цэнаў на бэнзін і прадукты харчаваньня. Менавіта таму ўрад краіны прыняў рашэньне пра два пакеты дапамогі на суму 30 мільярдаў эўра, зазначыў канцлер Нямеччыны.