«Жорсткая вайна Расеі супраць Украіны не спыняецца. Таму мы сёньня прапануем узмацніць жорсткія санкцыі ЭЗ супраць Крамля, узмацніць іх выкананьне і падоўжыць іх дзеяньне да студзеня 2023 году. Масква павінна працягваць плаціць высокую цану за сваю агрэсію», — заявіла прэзыдэнтка Эўракамісіі Урсуля фон дэр Ляен.
Як паведамляе прэс-служба камісіі, сёньняшні пакет санкцый уводзіць новую забарону на імпарт расейскага золата, адначасова ўзмацняючы кантроль за экспартам прадукцыі падвойнага прызначэньня і перадавых тэхналёгіяў. Такім чынам, гэта ўзмоцніць узгодненасьць санкцый ЭЗ з санкцыямі партнэраў у G7. Гэта таксама павялічыла б патрабаваньні да справаздачнасьці, каб узмацніць замарожаньне актываў.
Пры гэтым Эўракамісія падкрэсьлівае, што санкцыі ЭЗ ніякім чынам не накіраваныя на гандаль сельгаспрадукцыяй паміж трэцімі краінамі і Расеяй.
Эўракамісія таксама прапануе падоўжыць цяперашнія санкцыі ЭЗ на паўгода — да наступнага перагляду ў канцы студзеня 2023 году.
Напярэдадні рэдактар «Радыё Свабода» Рыкард Юзьвяк паведаміў, што абмеркаваньне новага пакету санкцый заплянавана на панядзелак, зацьвярджэньне варта чакаць 20 ліпеня, «калі ўсё пойдзе добра». Паводле яго, новы пакет санкцый, верагодна, будзе ўключаць забарону на расейскае золата, высокатэхналягічныя і фармацэўтычныя тавары падвойнага прызначэньня.
Раней прэм’ер-міністар Чэхіі Пэтр Фіяла заявіў, што забарона на імпарт расейскага газу ня ўвойдзе ў сёмы пакет санкцый ЭЗ. Украінскі бок неаднаразова падкрэсьліваў неабходнасьць увядзеньня газавага эмбарга.
Расея ўварвалася на тэрыторыю Ўкраіны 24 лютага 2022 году. У адказ на расейскую агрэсію Эўразьвяз прыняў ужо шэсьць пакетаў санкцыяў супраць Расеі. 21 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што сёмы пакет санкцыяў Эўразьвязу неабходны як мага хутчэй.