Гаворка ідзе аб бесьпілётніках Shahed-191 і Shahed-129, якія здольныя несьці высокадакладныя ракеты.
«Мы маем інфармацыю, што іранскі ўрад рыхтуецца прадаставіць Расеі некалькі сотняў бесьпілётнікаў, у тым ліку баявых», —распавёў Саліван у інтэрвію CNN.
Белы дом даў CNN спадарожнікавыя здымкі, зробленыя ў чэрвені. Сьцьвярджаецца, што на іх відаць бесьпілётнікі, якія аглядала расейская дэлегацыя.
У пятніцу міністар замежных спраў Ірана Хасэйн Амір Абдалахіян у размове са сваім украінскім калегам Дзьмітрыем Кулебай адпрэчыў гэтыя абвінавачаньні, назваўшы іх «беспадстаўнымі».
«Мы выступаем супраць любых дзеяньняў, якія могуць прывесьці да працягу і ўзмацненьня канфліктаў», — перадае словы Абдалахіяна Euronews.