У тэлеграм-канале палітыка паведамляецца, што падчас працоўнай паездкі ён сустрэўся з падляскім ваяводам Багданам Пашкоўскім, віцэ-маршалкам ваяводзтва Себасьцьянам Лукашэвічам, гарадзкім прэзыдэнтам Беластока Тадэвушам Трускаляскім і кіраўніком групы па сувязях з Беларусьсю польскага сэйма Робэртам Тышкевічам.
«У рамках сустрэч дасягнутыя дамоўленасьці аб спрыяньні стварэньню Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку для патрэбаў беларускай этнічнай меншасьці і беларускай дыяспары ў рэгіёне, аб неабходнасьці стварэньня спрыяльных умоў для вывучэньня беларускай мовы ва ўстановах агульнай адукацыі Беластока, аб дадатковай фінансавай і арганізацыйнай падтрымцы вывучэньня беларускай мовы і літаратуры ў школах Падляскага ваяводзтва, аб падтрымцы мясцовымі ўладамі арганізацыі акцый, прымеркаваных да другой гадавіны пратэстаў у Беларусі», — гаворыцца ў паведамленьні.
Адзначаецца, што з 9 ліпеня беларусы, якія пражываюць у Падляскім ваяводзтве, «могуць падаваць у аддзел замежнікаў ваяводзкай управы хадайніцтвы аб атрыманьні часовага віду на жыхарства па гуманітарных прычынах».
«Абмеркавана магчымасьць назваць адну з вуліц Беластока „Вуліцай Вольнай Беларусі“, — паведамляе тэлеграм-канал Латушкі. — Асобна адзначана важнасьць падтрымкі беларускай этнічнай меншасьці, якая пражывае ў Падляскім ваяводзтве, СМІ, правядзеньня беларускіх мерапрыемстваў».
Паводле інфармацыі ваяводзкай управы, пасьля жніўня 2020 года каля 10 тыс. беларусаў атрымалі права на часовае знаходжаньне на тэрыторыі Падляскага ваяводзтва.