Як паведаміла «Народная воля», прадстаўнікі прафсаюзу прасілі зрабіць судовы працэс адкрытым, а таксама перанесьці яго на пазьнейшы тэрмін, бо кіраўнік Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Аляксандар Бухвостаў трапіў у лякарню. Але судзьдзя Сяргей Мікалаеў не падтрымаў іхнага звароту.
Паводле слоў юрыста СПМ Ігара Комліка, з заяўленых ім дзесяці хадайніцтваў судзьдзя задаволіў толькі адно, даволі нязначнае. Разбор ішоў амаль цэлы працоўны дзень, юрыст прафсаюзу зьвяртаў увагу суду на розныя нюансы.
Вырак судзьдзя абвясьціў у канцы працоўнага дня: прафсаюз зьліквідаваць.
Напярэдадні суду лідэр СПМ Аляксандар Бухвостаў трапіў у шпіталь з праблемамі з сэрцам. Раней пасьля допытаў у КДБ ён ужо правёў некалькі тыдняў у лякарні. На 14 ліпеня была заплянаваная каранаграфія.
Аляксандар Бухвостаў казаў, што не разумее, навошта ўладам закрыты працэс, калі раней у прапагандысцкіх фільмах ужо паказвалі шэраг абставінаў, у тым ліку фактычна прызналіся ў незаконным умяшаньні ў прыватнае жыцьцё.
«Якія могуць быць таямніцы, калі напярэдадні па БТ паказалі фільм пра дзейнасьць незалежных прафсаюзаў, у якім выкарыстоўвалі нават фрагмэнты з допытаў прафсаюзных лідэраў? Што ўтойваць, калі ў эфір трапілі нават прыватныя тэлефонныя размовы?»
Раней у паведамленьні прэс-службы Генпракуратуры адзначалася, што дзейнасьць незалежных прафсаюзаў з 2020 года нібыта «набыла палітызаваны характар», а іх кіраўніцтва і шараговыя сябры займаліся «дэструктыўнай дзейнасьцю», удзельнічалі ў «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», распаўсюджвалі «экстрэмісцкую прадукцыю».
13 ліпеня Вярхоўны суд Беларусі зьліквідаваў Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці і Беларускі незалежны прафсаюз.
18 ліпеня адбудзецца суд над Беларускім кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), куды ўваходзілі зьліквідаваныя арганізацыі.
Рэпрэсіі ў дачыненьні да лідэраў незалежных прафсаюзаў
13 траўня праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала палітвязьнямі 10 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, затрыманых у красавіку 2022 году.
Палітвязьнямі прызнаныя: Аляксандар Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП); Сяргей Антусевіч, намесьнік старшыні БКДП; Генадзь Фядыніч, лідэр прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці; прафсаюзныя актывісты Вацлаў Арэшка, Міхаіл Громаў, Ірына Бут-Гусаім, Міраслаў Сабчук, Яніна Малаш, Віталь Чычмароў, Васіль Берасьнеў.
«Пазбаўленьне волі ўказаных асобаў адбылося на фоне шырокамаштабнай кампаніі перасьледу незалежных прафсаюзаў і прафсаюзных лідэраў апошнім часам і носіць сыстэмны характар», — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў, якія заклікалі неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі.
У чым прэтэнзіі да прафсаюзаў
У пазове аб ліквідацыі, які пракуратура падала ў Вярхоўны суд, паведамляецца, што Свабодны прафсаюз мэталістаў атрымліваў бязвыплатную матэрыяльную дапамогу ад міжнародных структур.
Кіраўнік Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Аляксандар Бухвостаў і галоўны прававы інспэктар, юрыст Ігар Комлік накіравалі ў Вярхоўны суд хадайніцтва, у якім прасілі прыцягнуць да разгляду справы ў якасьці трэцяй асобы глябальны прафсаюз IndustriALL.
«Але мы яе атрымлівалі абсалютна легальна — напрыклад, наш прафсаюз атрымліваў падтрымку ад Глябальнага прафсаюзу IndustriALL, куды мы рэгулярна плацім унёскі, — расказаў Аляксандар Бухвостаў. — І, паводле канвэнцыі МАП, Глябальны прафсаюз мае права аказваць нам падтрымку. Мы пра гэта і раней казалі. Да нядаўняга часу ў дэкрэце аб атрыманьні замежнай бязвыплатнай дапамогі не было прафсаюзаў, іх унесьлі толькі ў лістападзе 2021 году і мы проста не пасьпелі правесьці атрыманую дапамогу праз наш Дэпартамэнт гуманітарнай дзейнасьці. Але гэта не крымінал».