Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нас не шкада». Больш за 500 кантрактнікаў з Буратыі напісалі рапарты аб звальненьні


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Каля 500 вайскоўцаў з Буратыі скасавалі кантракт з расейскім войскам, паведаміў фонд «Свабодная Буратыя». Яны напісалі рапарты аб звальненьні, але проста так зьехаць не атрымалася: у большасьці з іх забралі тэлефоны і падманам спрабавалі вярнуць у зону баявых дзеяньняў.

Віцэ-прэзыдэнт фонду «Свабодная Буратыя» Вікторыя Маладаева расказала ў эфіры каналу «Настоящее Время», хто зьвяртаецца па дапамогу, як вайскоўцам удаецца вярнуцца дадому і як у рэспубліцы працягваецца прыхаваная мабілізацыя.

13 ліпеня сайт фонду «Свабодная Буратыя» заблякавалі ў Расеі, ён не адчыняецца нават з VPN.

— Ваш фонд заявіў, што ваяваць адмаўляюцца каля 500 вайскоўцаў з Буратыі, але вярнуліся ў Буратыю з вайны толькі 150 чалавек, правільна?

— Вылецеў борт са 150 вайскоўцамі з Украіны, і большасьць з іх высадзіліся ў Буратыі.

— А дзе астатнія?

— Яны высаджваліся і ў іншых рэгіёнах. Рэч у тым, што наш фонд дапамагаў ня толькі вайскоўцам у Буратыі, але таксама дадому вярнуліся і вайскоўцы ў Хабараўскі край, у Маскву, у Забайкальскі край і іншыя рэгіёны.

— Гэта значыць, усяго 500 чалавек цалкам дакладна зьехалі з Украіны, паводле вашых зьвестак?

— Каля 500 прайшлі праз наш фонд. Мы аказалі юрыдычную дапамогу, далі паэтапную інструкцыю пра тое, як скасаваць кантракт.

— А тыя людзі, якія вам тэлефануюць непасрэдна з тэрыторый Украіны, што яны распавядаюць?

— Распавядаюць жахі. Па-першае, іх там трымаюць. У нас нядаўна было некалькі вайскоўцаў, якіх утрымлівалі ў Алчэўску. Яны ўжо тры тыдні таму напісалі рапарты, камандзір адмаўляўся іх прымаць. Яны здалі экіпіроўку, зброю, ужо былі на вакзале, хацелі сваім ходам дабрацца да сваёй вайсковай часьці, каб там напісаць рапарт аб звальненьні, але іх затрымала вайсковая паліцыя, іх павезьлі ў зваротным кірунку, утрымлівалі ў падвале. Увогуле, выкарыстоўвалі як працоўную сілу. Яны проста баяліся, што іх без экіпіроўкі адправяць назад на фронт, дзе проста па-ціхаму заб’юць бяз зброі. Яны выскоквалі з аўтобуса. І літаральна ўчора зьявілася перахопленая аўдыёразмова ў фэйсбуку ў групе Міністэрства абароны Украіны, якая пацьвярджае нашы словы. Вайсковец там казаў тое ж самае, што яны выскоквалі і што іх падманам вязуць назад на фронт.

— У адносінах да людзей з Буратыі расейцы і тыя людзі, якія прадстаўляюць так званыя «рэспублікі», яны неяк інакш да іх ставяцца? Яны кідаюць іх на перадавую?

— Гэта бачна па стратах. У нас асноўныя страты буратаў былі ў пачатку вайны. Мы бачылі гэта паводле статыстыкі. У нас быў проста шквал грузу 200, да гэтага часу прыходзіць пастаянна. У нас усе ў Буратыі разумеюць, што нашы вайсковыя часьці кінулі як гарматнае мяса. З перахопленых аўдыёразмоваў мы гэта бачым. Таму што нас не шкада, таму буратаў, тувінцаў, дагестанцаў, калмыкаў адпраўляюць на перадавую. Таму ў нас больш за ўсіх страт.

— У траўні ваш фонд называў 112 імёнаў. Цяпер журналісты кажуць пра 150 жыхароў Буратыі — хто загінуў ва Украіне. У вас ёсьць нейкія сьвежыя зьвесткі?

— Трэба разумець, што гэта толькі афіцыйныя зьвесткі. У нас ужо больш за 250 загінулых — тых, хто служыў, нарадзіўся або вырас у Буратыі.

— Сапраўды ў пачатку вайны было шмат страт, сапраўды Буратыя была рэспублікай, дзе хавалі шмат загінулых. Людзі ўсё ж такі перасталі хацець ваяваць у тым ліку таму, што ўбачылі вялікую колькасьць загінулых побач з сабой?

— Вядома. Нашыя мясцовыя ўлады ўжо пачалі хаваць запісы. Калі раней яны былі ва ўсіх пабліках, групах. Але потым ужо народ пачаў бачыць, колькі загінулых нашых землякоў, і яны ўжо далі каманду хаваць. Цяпер ужо толькі ў якіх-небудзь раённых пабліках пачалі публікаваць.

Самае жудаснае, што кіраўнік нашай рэспублікі спрабуе закрыць увогуле вочы людзям і кожны дзень ладзіць фэстывалі, сваты. Мы хутка будзем рабіць матэрыял з гэтай нагоды, бо такое адчуваньне, што ў нас кожны дзень сьвята, нават фэстываль «Фафонаўскі агурок». Пра што гаворка ўвогуле? Якія могуць быць сьвяты і фэстывалі, калі навокал гінуць землякі? І ў Буратыі ўжо, напэўна, не засталося ніводнай сямʼі, каго б не закранула гэтая вайна. Усе пішуць: «У мяне сябар. У мяне аднаклясьнік загінуў. У мяне знаёмы. Брат. Муж», — і гэтак далей. І гэта проста жахліва. Такое адчуваньне, што мы жывем у часы Вялікай Айчыннай вайны, калі рэальна ніводную сямʼю не абышла гэтая вайна. І тое ж самае зараз праходзяць жыхары Буратыі.

І мы разумеем, што гэтая вайна нам не патрэбная. Яна абсалютна ксэнафобская. Калі б у Расіі была б талерантная супольнасьць, то сама ідэя «дэнацыфікацыі Ўкраіны» не знайшла б падтрымкі ў жыхароў Расеі. Але паколькі ў нас нармальна казаць: «чурка вузкавокі», «валіце да сябе ў Кітай». Таму ідэя «дэнацыфікаваць» Украіну і абзываць украінцаў знайшла падтрымку ў большасьці жыхароў Расеі.

— Ці правільна я разумею, што пры гэтым прыхаваная мабілізацыя ў Бураціі ўсё роўна працягваецца?

— Так. Самае жудаснае, што яна была нават на нашым галоўным нацыянальным сьвяце Сурхарбан, куды людзі прыходзяць семʼямі. Гэта нацыянальнае бурацкае сьвята. І менавіта там рабілі набор, што выклікала абурэньне ў грамадзкасьці. Тым больш у нас столькі загінулых. Я таксама хачу адзначыць, што ў нас яшчэ двое загінулых палонных, якія афіцыйна былі ў палоне, — гэта Сяргей Ачыраў і Даніл Дзьмітрыеў. Але мабілізацыя працягваецца. У кіраўніка рэспублікі будуць хутка выбары, таму ён хоча перад сваім начальствам паказаць добрыя лічбы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG