«Трэба разумець, што за спробамі ўцягваньня Беларусі ў вайну стаіць ня толькі жаданьне Масквы пакрыць дэфіцыт сваёй ваеннай здольнасьці. Расеі патрабуецца ўтылізацыя беларускага войска і страта апоры ўлады рэжымам Лукашэнкі. Далей — паглынаньне Рэспублікі Беларусь і акупацыя расейскімі z-zомбі», — напісаў Міхаіл Падаляк у твітэры.
На гэты момант працягваюцца дыскусіі на тэму магчымасьці ўварваньня войскаў Беларусі на тэрыторыю Ўкраіны.
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы.
Аляксандар Лукашэнка працягне дазваляць Расеі карыстацца паветранай прасторай, каб дэманстраваць хаця б намінальную падтрымку Пуціну. Але непасрэдны ўдзел Беларусі ў вайне малаверагодны. Да такой высновы прыйшлі экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны (ISW).