Фактычна Расея блякуе пастаўкі больш як дзьвюх трацін ад усёй экспартнай нафты Казахстана.
Суд у Расеі ўхваліў такое рашэньне 5 ліпеня, аргумэнтуючы тым, што кансорцыюм ня выканаў папярэдняе судовае прадпісаньне аб выпраўленьні парушэньняў па пляне ліквідацыі аварыйных разьліваў нафты, хоць раней суд вызначыў тэрмін выкананьня неабходных прац да 30 лістапада 2022 году.
У новай пастанове адзначаецца, што рашэньне аб спыненьні дзейнасьці ўхвалена ў сувязі з «грубым парушэньнем умоў, прадугледжаных ліцэнзіяй».
У «Касьпійскім трубаправодным кансорцыюме», трубаправод якога — асноўны шлях экспарту казахстанскай нафты, лічаць, што спыненьне дзейнасьці нэгатыўна паўплывае на вытворчы працэс, і зьвярнуліся ў суд, каб спыніць выкананьне гэтага судовага рашэньня.
З прычыны спыненьня дзейнасьці КТК урад Казахстана правёў тэрміновую апэратыўную нараду, на якой абмеркавалі, як мінімізаваць нэгатыўныя наступствы і страты дзяржаўнага бюджэту. Па яе выніках кіраўнік ураду Аліхан Смаілаў зрабіў «шэраг даручэньняў». У той жа час у прэсавай службе ўраду Казахстану не ўдакладняюць іх характар.
Трубаправодная сыстэма КТК — адзін з найбуйнейшых інвэстыцыйных праектаў з удзелам расейскага, казахстанскага і замежнага капіталу. Працягласьць трубаправоду «Тэнгіз — Новарасійск» складае 1511 кілямэтраў. Па гэтым маршруце транспартуецца больш як дзьве траціны ад усёй экспартнай нафты Казахстана, а таксама сыравіна з расейскіх радовішчаў у Касьпіі.
Сярод найбуйнейшых акцыянэраў КТК — Расея (24 %), Казахстан (19%) і супольная расейска-казахстанская кампанія Chevron Caspian Pipeline Consortium Company (15%).
Праблемы з транзытам зьявіліся пасьля заяваў прэзыдэнта Казахстана Касыма-Жамарта Такаева на эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу. Там ён завіў, што Казахстан ня лічыць «ЛНР» і «ДНР» самастойнымі рэспублікамі і, адпаведна, не прызнае іх незалежнасьць.
4 ліпеня прэзыдэнт Казахстана Касым-Жомарт Такаеў правёў тэлефонную размову са старшынёй Эўрапейскай рады Шарлем Мішэлем. Такаеў выказаў занепакоенасьць пагрозамі энэргетычнай бясьпекі ў сьвеце. Ён заявіў, што Казахстан «гатовы выкарыстоўваць свой вуглевадародны патэнцыял з мэтай стабілізацыі сытуацыі на сусьветных і эўрапейскіх рынках», паведаміла яго прэс-служба.
Удзень 6 ліпеня таксама стала вядома, што ў 9.55 выбухнула труба на радовішчы Тэнгіз у Казахстане. Загінулі два працаўнікі, яшчэ трое атрымалі раненьні.
Як паведамляе казаская служба Радыё Свабода, на радовішчы нібыта праводзілі гідратэст у трубе з атмасфэрным газам. Труба ня вытрымала вялікага ціску і выбухнула.
Запасы нафты радовішча Тэнгіз ацэньваюцца ў 3,2 мільярда тон.