«Калі тут наб’ем Расеі морду — марыянэтачны рэжым у Беларусі абрынецца»
Ігару 56 гадоў. Пазыўны ў яго «Сапіенс». Такая мянушка была ў героя ў адной кампутарнай гульні. Ігар жыў у Гомлі, у 2020 годзе дакумэнтаваў злачынствы міліцыі для Міжнароднага камітэту па катаваньнях. Узімку 2021 году яго затрымалі. 28 дзён Ігар праседзеў у ІЧУ, увесь час трымаў галадоўку пратэсту.
Калі «прыйшлі» па праваабаронцаў, а мясцовая міліцыя пачала праяўляць да Ігара «нездаровую цікавасьць», ён выехаў ва Ўкраіну. Жыў у Кіеве, дапамагаў адаптавацца і легалізавацца беларускім палітычным уцекачам. На момант вайны ён зь іншымі беларусамі жыў у Бучы.
Пад вокнамі стралялі, ішлі вулічныя баі. У кватэры не было ані газу, ані вады і сьвятла. «Нагледзеўся на ўсё гэта пекла ў Бучы. Пасьля гэтага нават сумневаў ня меў, што гэты фашызм трэба душыць на корані. Цудам зь сяброўкай вырваліся з Бучы, перайшлі лінію фронту і трапілі ў Кіеў. Яшчэ да вайны мы дамаўляліся зь сябрамі-беларусамі, што ў выпадку чаго будзем ваяваць за Ўкраіну. Бо гэта наш шанец вярнуцца дахаты. Калі мы тут набʼем морду Расеі — марыянэтачны рэжым у Беларусі абрынецца», — тлумачыць «Сапіенс».
За савецкім часам Ігар служыў у войску. Але вайсковым досьведам гэта ня лічыць.
«Мы ахоўвалі БАМ, чыгунку, грузы на Далёкім Усходзе. Цяпер матывацыя была простая — наблізіць час вяртаньня дахаты. Бо я ўсё-ткі хачу і веру, што вярнуся ў Гомель, зь ім зьвязваю свае пляны на будучыню. Нават калі на той час буду пэнсіянэрам», — разважае баец.
«Пасьля Бучы я па-іншаму стаўлюся да сьмерці»
Ігар называе яшчэ адну прычыну далучыцца да палку — адказнасьць.
«Ракеты і самалёты ляцелі зь Беларусі, з маёй Радзімы. Адтуль жа ішлі калёны, якія мы бачылі на ўласныя вочы. Не віну, але адказнасьць за гэта я адчуваю. Нам яшчэ доўга адмывацца ад гэтага і даводзіць сьвету, што мы нармальныя людзі», — кажа «Сапіенс».
У палку ён займаецца матэрыяльным забесьпячэньнем. У гэтым кірунку працуе з ЗСУ і валянтэрамі.
«Мы — афіцыйная частка ЗСУ. Яны займаюцца ўзбраеньнем. Мы займаемся прыборамі начнога бачаньня, тактычнымі акулярамі, пальчаткамі, прыцэламі і гэтак далей. Нам нашы дыяспары дапамагаюць. Але многія патрэбныя, але спэцыфічныя рэчы цяжка пераходзяць празь мяжу. Натуральна, нечага ўвесь час не хапае. Ці хутка, пасьля баявых, прыходзіць у непрыдатнасьць. Бо калі чалавек паранены ў баі — то ніхто ж ня будзе акуратна здымаць, скажам, порткі. Іх разрэжуць, каб перавязаць рану. Часам не знайсьці бронекамізэлькі. Ці было такое, што паставілі іх, але там пласьціны для паліцыі, не для вайны. Такія пласьціны не ўтрымаюць аскепкаў. Таму мянялі пласьціны», — тлумачыць Ігар.
Яму давялося ўдзельнічаць у пахаваньні пабрацімаў. Кажа, што гэта моцныя, цяжкія перажываньні. Тым больш у палку Ігар сустрэў шмат знаёмых, прыяцеляў.
«Але пасьля жахаў Бучы, усяго, што я там бачыў, я па-іншаму стаўлюся да сьмерці. Можа „прыляцець“, у тым ліку і нам, і мне. Псыхіка ў чалавека такая, што яна трансфармуецца ў час вайны, ты хутчэй адыходзіш ад усяго. Разумееш, што гэта вайна», — кажа «Сапіенс».
«Што Лукашэнка натварыў — нам з гэтым доўга расхлёбвацца»
У Ігара практычна няма вольнага часу. Бо працы шмат. Звычайна ён кладзецца па поўначы, а 6 раніцы ўжо на нагах. «Думаў кіно паглядзець, але за тры месяцы паглядзеў толькі па палове трох сэрый. Пакуль не атрымліваецца адпачыць. То там недароблена, то там. Увесь час у гэтым кругавароце. Стамляюся. Ужо не да кніг часам. Лёг і выключыўся адразу», — кажа баец.
Пляны і мары ягоныя павязаныя з Гомлем, зь Беларусьсю. «Калі вызваляць Хэрсон, Крым, Данбас — Гомель будзе наступны. Бо ў Расеі пасьля вызваленьня ўкраінскіх тэрыторый такое пачнецца, што іхні рэжым сам абваліцца. Наш, натуральна, усьлед за ім. Я ня веру, што нашы людзі, якія атрымліваюць цяпер жахлівыя тэрміны, будуць столькі сядзець! Такое ня можа быць проста, гэта трызьненьне, столькі рэжым ня можа існаваць. Я буду пасьля вайны ці зьбіраць сьведчаньні супраць тых, хто катаваў людзей у Беларусі, ці даводзіць усюды, дзе магчыма, што мы нармальныя людзі, у нас нармальная краіна. Што натварыў Лукашэнка — нам з гэтым доўга яшчэ расхлёбвацца», — кажа Ігар.
У палку яму не хапае вольнага часу, дакладней — «вольнага часу для асабістага жыцьця». Стасункі ў Ігара зь іншымі байцамі добрыя, хоць бываюць і спрэчкі, і невялікія канфлікты. «Прыходзяць і патрабуюць, каб ім выдалі тое і тое. Але ў мяне гэтага папросту няма. Такое бывае, што часам сварысься зь людзьмі. Хоць я чалавек не канфліктны, але часам трэба праявіць характар», — кажа баец.
Ён думае — хоць кажа, што хоча памыліцца, — што вайна працягнецца яшчэ года паўтара ці два. «Але я веру ў перамогу. Веру, што вярнуся ў Гомель», — дадаў «Сапіенс».