Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казацкі атаман і шматкроць засуджаны за наркотыкі. Яшчэ двое грамадзян Беларусі загінулі на вайне за Расею


Аляксандар Шыянаў і Васіль Курловіч ваявалі за «ДНР» і «ЛНР» з 2015 году
Аляксандар Шыянаў і Васіль Курловіч ваявалі за «ДНР» і «ЛНР» з 2015 году

Беларусы працягваюць браць удзел у вайне ва Ўкраіне з абодвух бакоў. Гібель нашых суайчыньнікаў, якія ваююць за Расею, нідзе асобна не фіксуецца, факты трэба шукаць у шматлікіх суполках, якія паведамляюць пра сьмерці на вайне.

Свабода знайшла зьвесткі яшчэ пра двух грамадзян Беларусі, якія загінулі ва Ўкраіне.

«Паехаў на Данбас дапамагаць братам-славянам»

50-гадовы ўраджэнец Менску Аляксандар Шыянаў загінуў 30 чэрвеня. Пра гэта ў сацыяльных сетках пішуць сябры нябожчыка.

Шыянаў ваяваў ва Ўкраіне ад 2014 году. Паводле зьвестак ByPol, зьехаў туды ў канцы лістапада разам са сваёй знаёмай Людмілай Нехарошавай. Абое ўвайшлі ў вайсковыя фармаваньні «ДНР».

Ужо з усходняй Украіны Шыянаў дасылаў SMS свайму сыну ад першага шлюбу: «Я на Данбасе. Быў паранены. Цяпер усё добра. Сумую».

У Беларусь Шыянаў не вяртаўся. Пераехаў жыць у гарадок Узлавая Тульскай вобласьці, дзе зноў ажаніўся. Быў паходным атаманам «Вялікага брацтва казацкіх войскаў».

«Я не патомны казак. Уступіў у казацтва на Данбасе, куды езьдзіў дапамагаць братам-славянам. Да гэтага ўжо меў вялікі ваенны досьвед удзелу ў „гарачых пунктах“. Так што ішоў сьвядома і добраахвотна. Ваяваў у казацкіх падразьдзяленьнях», — казаў ён у інтэрвію выданьню «Наш Яснагорск».

Сябра Шыянава па «Вялікім брацтве казацкіх войскаў» Алег Канстанцінаў удакладняе, што беларус прайшоў празь абедзьве чачэнскія вайны. У Менску апошнія гады працаваў грузчыкам у дражджавым цэху.

Калі ў лютым пачалася новая вайна ва Ўкраіне, ён уступіў у казацкі атрад «Дон». Меў пазыўны «Рыкс».

«Вёў антыграмадзкі лад жыцьця»

Васілю Курловічу было 48 гадоў. Паведамленьні пра ягоную сьмерць у расейскіх пабліках у сацыяльных сетках зьявіліся яшчэ 23 сакавіка. Дадаткам ішлі фатаздымкі ягонага вайсковага білета, выдадзенага вайсковым камісарам «Луганскай народнай рэспублікі» 1 красавіка 2015 году.

Курловіч — ураджэнец Ваўкавыску. Быў намесьнікам камандзіра агнямётнага ўзводу. Старшы сяржант. Паводле зьвестак ByPol, Курловіч меў пяць судзімасьцяў за захоўваньне наркотыкаў.

«Курловіч браў удзел у пошуку і ліквідацыі дывэрсійных групаў. Апытаныя суседзі характарызуюць яго адмоўна: злоўжывае наркотыкамі, вядзе антыграмадзкі лад жыцьця», — гаворыцца пра яго.

Курловіч атрымліваў узнагароду з рук кіраўніка «ЛНР» Пасечніка «За ўдзел у Чарнухіна-Дэбальцаўскай апэрацыі».

Раней паведамлялася пра гібель ва Ўкраіне яшчэ шасьці вайскоўцаў, якія былі зьвязаныя зь Беларусьсю і ваявалі на баку Расеі: Пятра Лузанава, Паўла Яўглеўскага, Ільлі Курналёва, Уладзіслава Чарнова, Мікалая Маркава і Андрэя Бабко.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы пачалі бамбаваць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
  • У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
  • 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG