Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 5 ліпеня: 6,5 года турмы студэнтцы з «тэрарыстычнага сьпісу», 3 месяцы арышту за антываенныя надпісы

абноўлена

Антываенны надпіс у Менску. Ілюстрацыйнае фота
Антываенны надпіс у Менску. Ілюстрацыйнае фота

Беларусаў надалей перасьледуюць за іх грамадзянскую пазыцыю.

Палітзьняволенага анархіста Алега Аўдзеенку асудзілі на 3 гады «хатняй хіміі»

Алег — актывіст анархісцкага руху зь Менску, быў затрыманы 25 лютага 2022 году. Спачатку яго асудзілі на 15 дзён арышту па адміністрацыйным артыкуле, а потым перазатрымалі ў межах крымінальнай справы аб групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэксу).

5 ліпеня суд Фрунзэнскага раёну Менску асудзіў яго на тры гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову.

За надпісы ў падтрымку Ўкраіны асудзілі жыхара Кобрыні

7 сакавіка ў Кобрыні на фасадах будынкаў зьявіліся надпісы: «Слава Ўкраіне», «Сьмерць рашысцкім акупантам». На наступны дзень іх замалявалі. 18 сакавіка зьявіліся яшчэ некалькі: «Лукашысты-фашысты», «Слава Ўкраіне». За гэтыя надпісы завялі крымінальную справу супраць Уладзіміра Кавалёва, у яго дома зладзілі вобшук.

27 чэрвеня пачаўся суд. Працэс праходзіў паказальна і таму адбываўся не ў будынку кобрынскага суду, а ў мясцовым політэхнічным каледжы.

5 ліпеня судзьдзя Тацяна Каберская агучыла прысуд: прызнаць Кавалёва вінаватым па арт.341 Крымінальнага кодэксу (Апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці) і прысудзіць яму 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову (так званая «хатняя хімія»), паведамляе «Вясна | Брэст».

КДБ дадаў у сьпіс «тэрарыстаў» яшчэ трох беларусаў

На сайце КДБ Беларусі зьявілася новая вэрсія сьпісу «асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці», датаваная 30 чэрвеня, у ім тры новыя прозьвішчы:

  • 32-гадовы Віктар Катоўскі, жыхар Берасьцейскай вобласьці. 14 красавіка бас-гітарыста гурта TerraKod Віктара Катоўскага асудзілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу (ч. 1 арт. 130 — распальваньне варожасьці; арт. 369 — абраза прадстаўніка ўлады; ч. 1 арт. 368 — за абразу Лукашэнкі) да 3 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Прызнаны палітвязьнем;
  • 27-гадовая Марына Санкевіч, жыхарка Горадзенскай вобласьці, абвінавачваецца па арт. 130 (распальваньне варожасьці) і арт. 293 (масавыя беспарадкі) КК Беларусі;
  • 36-гадовы Аляксей Сянько, жыхар Горадзенскай вобласьці, абвінавачваецца па арт. 130 (распальваньне варожасьці) КК Беларусі. Па зьвестках праваабаронцаў, быў затрыманы ў верасьні мінулага году за камэнтары пасьля гібелі ў менскай кватэры супрацоўніка КДБ Зьмітра Федасюка і IT-спэцыяліста Андрэя Зельцэра, прызнаны палітвязьнем.

Цяпер у «тэрарыстычным» сьпісе КДБ, які налічвае больш за 870 імёнаў, 132 беларусы. Сярод іх — Сьвятлана Ціханоўская, Павал Латушка, Марыя Калесьнікава, Максім Знак і іншыя.

Facebook-старонку старшыні барысаўскай філіі БСДП і тэлеграм магілёўскіх праваабаронцаў прызналі «экстрэмісцкімі»

Тэлеграм-канал MAYDАY.TЕAM быў прызнаны «экстрэмісцкім». Адпаведнае рашэньне 27 чэрвеня прыняў суд Ленінскага раёну Магілёва.

24 чэрвеня суд Барысаўскага раёну прызнаў інфармацыйную прадукцыю Facebook-старонкі старшыні Барысаўскай гарадзкой арганізацыі БСДП Аляксандра Абрамовіча «экстрэмісцкімі матэрыяламі», піша «Вясна».

Абрамовіча затрымлівалі 28 чэрвеня і трое сутак утрымлівалі ў часовым ізалятары Барысаўскага РАУСа. У выніку на яго склалі два пратаколы па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Суд Барысаўскага раёну прызнаў Абрамовіча вінаватым у тым, што ён зрабіў рэпост інфармацыйных матэрыялаў са свастыкай, а таксама за рэпост зь «Белсату», які быў прызнаны ўладамі «экстрэмісцкім».

Па адным пратаколе Абрамовічу прызначылі 30 базавых велічыняў штрафу (960 рублёў), а па другім — 10 базавых (320 рублёў). Агулам аштрафавалі на 1280 рублёў.

Тры месяцы арышту за антываенныя надпісы

За нанясеньне надпісаў супраць уварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіну судзьдзя Яраслаў Парэмскі пакараў 3 месяцамі арышту жыхара Гомля Юрыя Зарэцкага.

Паводле абвінавачаньня, увесну 2022 году Зарэцкі «з мэтай пагаршэньня эстэтычнага ўспрыманьня маёмасьці грамадзкага карыстаньня аэразольным балёнчыкам чорнага колеру нанёс на жалезабэтонныя агароджы Гомельскай дыстанцыі цывільных збудаваньняў пару надпісаў» (арт. 341 Крымінальнага кодэксу).

Юры сваю віну прызнаў цалкам і паведаміў, што яго абурала сытуацыя, якая адбываецца ва Ўкраіне, і ён вырашыў выказаць сваё стаўленьне да падзей і пакінуць надпісы на бэтонным плоце каля пешаходнага пераходу праз чыгуначныя пуці па вул. Кірава.

Другі надпіс ён завяршыць не пасьпеў — яго затрымалі міліцыянты.

Студэнтцы з «тэрарыстычнага сьпісу» прысудзілі 6,5 года зьняволеньня

Тэлеграм-канал MAYDAY паведамляе, што 1 ліпеня суд Кіраўскага раёну пакараў студэнтку з Качэрычаў (Кіраўску) Дануту Перадню шасьцю з паловай гадамі калёніі агульнага рэжыму.

Дзяўчыну абвінавацілі ў «дзеяньнях, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь» (ч. 3 арт. 361 КК) і ў «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК).

20-гадовую студэнтку МДУ імя Куляшова Дануту Перадню затрымалі 28 лютага 2022 году, калі яна прыехала на маршрутцы з Качэрычаў у Магілёў.

Паводле MAYDAY.TEAM, у віну дзяўчыне паставілі тое, што яна 27 лютага перапосьціла ў адзін з магілёўскіх чатаў тэкст, які зьмяшчаў рэзкую крытыку Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі за вайну супраць Украіны. Таксама там заклікалі да вулічных выступаў і пісалі пра брак пэрспэктывы ў беларускай арміі, калі яна наўпрост уступіць у вайну.

10 чэрвеня Камітэт дзяржаўнай бясьпекі ўнёс Дануту Перадню ў сьпіс «асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці».

Паводле MAYDAY, Перадня была студэнткай-выдатніцай і мела ад пэдагогаў толькі станоўчыя характарыстыкі. Аднак адразу пасьля завядзеньня крымінальнай справы яе адлічылі.

Затрымалі пастара і ягоную жонку

У Менску затрымалі пастара менскай эвангельскай царквы «Новы запавет» Філіпа Іванова і ягоную жонку Лідзію, піша @christianvision.

Пазьней стала вядома, што пастара адпусьцілі, а жонка пакуль застаецца пад вартай.

Палітвязьню, бацьку 6 дзяцей Аляксандру Зялюткіну прысудзілі 3,5 года калёніі

Аляксандар Зялюткін — пячнік, бацька шасьцярых дзяцей: чацьвярых хлопчыкаў і дзьвюх дзяўчатак, ва ўзросьце ад 1 да 16 гадоў. Быў затрыманы 7 сьнежня 2021 году ў межах крымінальнай справы аб удзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу) за ўдзел у пратэстах 10 жніўня 2020 году каля ўнівэрсама «Рыга».

Сёньня стала вядома, што 16 чэрвеня Зялюткіну прысудзілі 3,5 года калёніі. Праваабаронцы высьвятляюць падрабязнасьці судовага працэсу.

Жыхару Чэрыкаўскага раёну прысудзілі 3,5 года калёніі за камэнтары пра Лукашэнку і супрацоўнікаў КДБ

Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на інфармацыю пракуратуры Магілёўскай вобласьці.

47-гадоваму мужчыну інкрымінаваныя «публічная абраза прэзыдэнта» і «распальваньне сацыяльнай варожасьці або розьні» (ч.1 арт.130 і ч.1 арт.368 КК).

Адзначаецца, што абвінавачаны ў верасьні 2021 году нібыта разьмясьціў у Instagram абразьлівы камэнтар пад публікацыяй з выявай Лукашэнкі, а таксама ў канцы верасьня ў адным з публічных профіляў разьмясьціў камэнтар з заклікам да гвалтоўных дзеяньняў у дачыненьні да супрацоўнікаў КДБ.

У выніку мужчыну асудзілі на 3 гады 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму.

Былы праўладны літкрытык атрымаў 2 гады калёніі

Гомельскі абласны суд 27 чэрвеня прысудзіў літаратуразнаўцу Аляксандру Новікаву два гады калёніі агульнага рэжыму, паведамляе Беларускі фонд культурнай салідарнасьці (BY_culture). Працэс быў закрыты.

Дзяржаўная газэта «Гомельская праўда» паведаміла пра Новікава, што ён «публікаваў на сваім сайце артыкулы, якія мелі за мэту дамагчыся перагляду сусьветнай гісторыі, вынікаў вайны, дыскрэдытацыі Перамогі», разьмяшчаў матэрыялы, у якіх «зьмяшчаліся прыкметы рэабілітацыі нацызму, а таксама варожасьці ў дачыненьні да груп, якія паважаюць гісторыю савецкага пэрыяду». «Акрамя таго, публікаваў у Фэйсбуку фатаграфіі, імёны і прозьвішчы і зьвесткі аб месцы працы супрацоўнікаў АУС і АМАПу», — сказана ў публікацыі выданьня.

Аляксандар Новікаў — былы член праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, зь якога яго выключылі ў 2014 годзе. Ён вядзе сайт litkritika.by «з двухсэнсоўнымі, а часам і адкрыта абразьлівымі тэкстамі аб удзельніках беларускага літаратурнага працэсу», адзначае BY_culture.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG