Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ўзнагародзіў сваю нявестку мэдалём Францішка Скарыны


Ганна Лукашэнка, архіўнае фота
Ганна Лукашэнка, архіўнае фота

Ганну Лукашэнку, нявестку Аляксандра Лукашэнкі ягоная прэс-служба прадставіла як «генэральнага прадусара».

Мэдаль Францішка Скарыны атрымала нявестка Аляксандра Лукашэнкі Ганна Лукашэнка, якая пад творчым псэўданімам Ганна Сялук напісала такія кампазыцыі як «Ах, Аляксандр», «Бульба-дэнс», гімн Генпракуратуры «Захавальнікі права» і песьню да Дня народнага адзінства.

Ганна Лукашэнка — жонка сярэдняга сына Лукашэнкі Дзьмітрыя. Перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2025 году яна арганізавала кампанію агітацыі за Лукашэнку пад маркай «Маратону адзінства».

Таксама Ганна Лукашэнка зьяўляецца генэральным прадусарам «Музычнай мэдыякампаніі», зарэгістраваная ў ліпені 2022 году ў Цэнтральным раёне Менску. Адрас супадае з адрасам Палаца Рэспублікі. Гэтая кампанія ўваходзіць у рэестар Мінкульту, што дазваляе ёй арганізоўваць масавыя мерапрыемствы.

Ганна Лукашэнка (Сялук) двойчы перамагала на конкурсе «Песьня году Беларусі» як лепшы аўтар словаў — у 2023 і 2024 гадах. Таксама атрымала дыплём расейскай прэміі «Шансон года — 2024».

Аляксандар Лукашэнка ўжо раней узнагроджваў сваю нявестку Ганну адмысловай прэміяй за «вялікі асабісты ўнёсак у разьвіцьцё сучаснага музычнага мастацтва, рэалізацыю сацыяльна значных культурных ініцыятыў».

Разам з Ганнай Лукашэнкай мэдаль Францішка Скарыны атрымалі настаўніца інфарматыкі гімназіі № 1 Берасьця Ірына Гарбацэвіч і дырэктар ТАА «Музычная мэдыякампанія» Андрэй Гузель.

Агулам дзяржаўныя ўзнагароды і падзякі ад Лукашэнкі атрымалі больш за 60 прадстаўнікоў розных сфэр дзейнасьці.

Мэдалём Францішка Скарыны ўзнагароджваюць работнікаў навукі, адукацыі і культуры за «выдатныя дасягненьні ў прафэсійнай дзейнасьці, значны асабісты ўнёсак у разьвіцьцё і памнажэньне духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу, культурнай спадчыны беларускага народа».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG