Антываенная пазыцыя беларусаў дапамагла ім «ня стаць ворагамі» ўкраінцам у разьвязанай Масквой вайне супраць Украіны, заявіла Сьвятлана Ціханоўская 4 ліпеня ў Варшаве на сустрэчы з грамадзкімі актывістамі:
«На жаль, пасьля 24 лютага рэзка, на 180 градусаў, перавярнулася стаўленьне да беларусаў, — сказала Ціханоўская. — Але не таму, што нас рэзка ўзьненавідзелі ўсе, а таму, што там мала хто разьбіраўся».
Па словах Сьвятланы Ціханоўскай, падпольную барацьбу беларусаў, якая пачалася пасьля масавых пратэстаў 2020 году, у сьвеце «асабліва ніхто не заўважаў».
«Шчыра, нам здавалася, што ўсе ведаюць, што адбываецца ў Беларусі. Так, усе бачылі маршы [пратэсту ў Беларусі ў 2020 годзе] і тады захапляліся беларусамі. Потым падпольную барацьбу асабліва ніхто не заўважаў. Мы ў гэтым варыліся, гэта быў наш паўсядзённы боль», — сказала палітык.
Ціханоўская адзначыла, што пасьля пачатку расейска-ўкраінскай вайны беларусы «рэзка сталі ўкраінцам „ворагамі“», аднак потым сытуацыя пачала паляпшацца.
«Мне здаецца, што зараз сытуацыя больш-менш наладжваецца. Той факт, што мы паказвалі практычна ўсяму сьвету, што мы працягваем змагацца, зьбярог нас ад таго, каб мы сталі насамрэч ворагамі. Мы паступова тлумачылі, у першую чаргу ўкраінцам, што мы не рэжым і што трэба падзяляць [грамадзтва і ўлады]», — сказала Ціханоўская.
Ціханоўская падкрэсьліла ролю «партызанскіх» акцый у Беларусі, стварэньня добраахвотніцкага батальёна, а потым палку імя Каліноўскага ў складзе Ўзброеных сіл Украіны, а таксама «простых беларусаў, якія тут дапамагалі ўкраінцам».
Аднак, паводле яе слоў, некаторыя ва Ўкраіне да гэтага часу лічаць, што «раз мы нічога ня робім у іх разуменьні — не ідзём з голымі рукамі на танкі, не спыняем ракеты патэльнямі — то, значыць, сядзім і чакаем». «Гэта ня так», — заявіла Ціханоўская.
Пры гэтым яна лічыць, што «ўвесь груз» дапамогі ўкраінцам зь беларускага боку «выносяць маленькія арганізацыі, якія аб’ядноўваюцца і працуюць разам».
«Таму што сярод беларусаў, вядома, стомленасьць узрастае. Але захаваць адзінства пакуль нам удаецца», — зазначыла палітык.
Ціханоўская наведвае Польшчу 4–5 ліпеня. Увечары 4 ліпеня яна выступіць на адкрыцьці Тыдня беларускай культуры ў Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве (пл. Канстытуцыі, 6), а таксама паразмаўляе з прадстаўнікамі дыяспары.
Падчас візыту палітык таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі фонду «Страна для жизни», Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва, Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу ў Беларусі, аб’яднаньня былых сілавікоў ByPol.
Заплянаваныя сустрэчы з польскім прэзыдэнтам Анджэем Дудам, прэмʼер-міністрам Матэвушам Маравецкім, міністрам аховы здароўя Адамам Нядзельскім, паслом Канады ў Польшчы Лэслі Скэнлан і паслом ЗША Маркам Бжэзіньскім.